Добрасардэчны марафон. У Беларусі стартаваў марафон «#ДзякуйМедыкам»

Праект рэалізуе Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі сумесна з РУП «Белпошта». Ён накіраваны на падтрымку медыцынскіх работнікаў – урачоў, фельчараў, медыцынскіх сясцёр, санітараў, вадзіцеляў хуткай дапамогі – усіх тых, хто ў гэтыя дні знаходзіцца на перадавой, кругласутачна і самааддана ратуючы жыцці беларусаў і клапоцячыся пра іх здароўе.
На Галоўпаштамт у Мінску і ў абласныя аддзяленні паштовай сувязі паступілі ўжо тысячы паштовак з добрымі пажаданнямі для медыцынскіх работнікаў ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
«Мы разам з «Белпоштай» запрашаем усіх беларусаў далучыцца да добрасардэчнага марафону, сказаць словы падтрымкі і ўдзячнасці абсалютна любому медыцынскаму работніку, які цяпер практычна кругласутачна працуе на сваім працоўным месцы, ратуючы жыцці грамадзян. Для гэтага неабходна напісаць на паштоўцы або паштовай картцы словы падтрымкі медработнікам, запоўніць графу адрасата, назваўшы адрас установы аховы здароўя, дапоўніць хэштэгам #СпасибоМедикам і адправіць праз любую паштовую скрыню. Марка на такую паштоўку не патрэбна, гэта ўсё абсалютна бясплатна», – адзначыў першы сакратар ЦК БРСМ Дзмітрый Варанюк.
Дарэчы, эскізы паштовых картак можна спампаваць на партале www.brsm.by. Аднак арганізатары лічаць, што паштоўкі ручной работы прыўнясуць у марафон яшчэ больш цеплыні.
Марафон «#ДзякуйМедыкам» праводзіцца на тэрыторыі Беларусі да канца красавіка. Адрасы медыцынскіх устаноў размешчаны на сайтах галоўных упраўленняў па ахове здароўя абласцей і Мінска.
БЕЛТА.

Фота з сайта https://www.asccare.com