Блакітная кветка, залатое сцябло

Механізатару Мікалаю Туціну даверылі «абкатаць» ільнозаводскую абноўку – сеялку.

Да кветак, канешне, яшчэ далёка, да сцябла ў бледна-залатых колерах – тым больш. Завяршэнне пасяўных клопатаў – пакуль тое адзінае, пра што можна  гаварыць у рэжыме мінулага часу.

Так, з сяўбой ільну раён завяршыў: стартавалі за некалькі дзён да канца сакавіка, а ўжо на мінулым тыдні атрымалі права адзначаць свята апошняй пасяўной баразны. Вядома, калі б яно ў календары аграрыяў значылася і, галоўнае, быў на тое час.
Пасяўныя плошчы даўгунцу ў нашым раёне складаюць салідныя больш за дзве з паловай тысячы гектараў. На дваіх: вытворчасцю шматпатрабавальнай тэхнічнай культуры займаюцца ляхавіцкія льнонасенстанцыя і льнозавод. Што называецца, пад уласныя патрэбы з праекцыяй на атрыманне добрага ўраджаю насення і трасты  адпаведна.
На сваіх 310 гектарах станцыя адсеялася істотна раней, а спадарожна яшчэ і аказала дапамогу заводу, чый пасяўны клін склаў 2200 гектараў, асобныя з якіх, адзначыў у гутарцы вядучы аграном прадпрыемства Мікалай Герасімовіч, пачынаюць «праклёўвацца» ўзыходамі. Калі б не начныя тэмпературныя мінусы, перасушанасць верхняга слоя глебы, сітуацыя, зразумела, выглядала б больш аптымістычна-зялёнай.
У дзень нашага прыезду на льнопасяўны палетак было туманна ад пылу, вельмі ветрана. Сеялкі «дабівалі» апошнія пару палёў. 2200 ільнозаводскіх пасяўных гектараў раскіданы па 37 палях-участках, асобным памерам ад двух дзясяткаў да ці не паўтары сотні гектараў. Па іх месцазнаходжанні ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна рэальна вывучаць геаграфію Ляхавіччыны. На пытанне, дзе і на якіх землях лён адчувае сябе найбольш камфортна, Мікалай Антонавіч патлумачыў, што расліна любіць лёгкія і сярэднія суглінкі,
суглінасупескі. Такімі землямі валодаюць ААТ «Жарабковічы», ДП «Нача».
І іменна гектары, што прадастаўляюць у карыстанне завадчанам названыя гаспадаркі, аказваюцца, па выніку, найбольш ураджайнымі.
Але зямля, па словах спецыяліста, зусім не гарантыя ўраджайнасці. Культура таксама вельмі патрабавальна да вільгаці, асабліва на пачатку вегетацыйнага перыяду. На ўсіх этапах вырошчвання тэхналогія павінна быць максімальна дакладнай. Што датычыць пасяўнога поля, яму належыць быць ці не ідэальна выраўненым, таму сяўбе заўсёды папярэднічае работа глебападрыхтоўчага агрэгата (АКШ).
І без таго даволі шырокі парк пасяўной і глебаапрацоўчай тэхнікі ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» сёлета атрымаў папаўненне. Спецыяльна да яравога сезона набылі сеялку. Як паказаў вопыт палявой кампаніі, са сваімі функцыямі абноўка справілася. У адрозненне ад розных АПП, якія агрэгатуюцца энерганасычанымі трактарамі, здольна працаваць у пары з цягачом меншага класа. Апошняе азначае эканомію паліва пры амаль што параўнальнай прадукцыйнасці працы. Паралельна з сяўбой агрэгат можа выконваць функцыю па ўнясенні мінеральных удабрэнняў.
Ужо на наступны дзень работнікі мехатрада завода
ўзяліся за работы па паста-ноўцы тэхнікі, што адпрацавала сваё, на доўгатэрміновае захоўванне.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.