Самаадукацыя ў школьным рэжыме. З 20 красавіка ў школах пачалася IV чвэрць навучальнага года

З 20 красавіка ў школах пачалася IV чвэрць навучальнага года – падоўжаныя канікулы завяршыліся. Адукацыйны працэс ідзе ў звычайным рэжыме. Дзеля забеспячэння непарыўнасці адукацыі для тых навучэнцаў, каго бацькі вырашылі пакінуць дома з-за эпідсітуацыі з каранавіруснай інфекцыяй, арганізавана індывідуальная форма самаадукацыі з выкарыстаннем інфармацыйна-камп’ютарных тэхналогій – так званае аддаленае навучанне. Педагогі самі выбіраюць форму ўзаемадзеяння з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, іх законнымі прадстаўнікамі, папярэдне яе ўзгадняюць з кіраўніцтвам установы адукацыі. Гэта і школьны сайт, старонкі сацыяльных сетак, электронная пошта, разнастайныя адукацыйныя і пазнавальныя інтэрнэт-рэсурсы, рэкамендаваныя Міністэрствам адукацыі, і г. д. Прычым спасылкі на іх пастаянна папаўняюцца. Дарэчы, усе школы раёна маюць доступ у інтэрнэт, а большасць настаўнікаў – актыўныя карыстальнікі разнастайных адукацыйных платформаў, расказала «ЛВ» намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік.
У школах захоўваецца ўвесь комплекс мер санітарна-эпідэміялагічнай бяспекі, прадпісаны райЦГіЭ. Праводзіцца дэзынфекцыя, выконваецца адпаведная рассадка навучэнцаў, захоўваюцца іншыя правілы бяспекі. Таксама забяспечана знаходжанне дзяцей у межах аднаго класа.
Важная акалічнасць: бацькі павінны прывучыць дзяцей не толькі да абавязковага мыцця рук, але, у сітуацыі з COVID-19, і карыстанню рэчамі без перадачы іх сябрам, а таксама рэгулярнай апрацоўцы тэлефона і г. д.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.