156 дзён удалечыні ад роднага дома. 26 красавіка – Дзень чарнобыльскай трагедыі

Вясна – любімы час Івана Татарыновіча з аграгарадка Тальмінавічы. Самы час марыць, будаваць планы і ўвасабляць іх у жыццё. У вясковым кругавароце спраў – клопатаў праз край: паспець трэба ўсюды і зрабіць якасна.

Але была ў Івана Іванавіча і такая вясна, калі давялося паехаць далёка ад сям’і на даволі працяглы час. У красавіку 1987 года яго, 28-гадовага, разам з іншымі жыхарамі раёна ваенкамат прызваў у рады Узброеных Сіл для ўдзелу ў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Дома засталіся жонка Ірына і сыны Віталій і Дзяніс пяці і трох гадоў, а яшчэ немалая гаспадарка.
– Добра разумелі, куды
ехалі, але маладосць – такі ўзрост, калі ўсе праблемы здаюцца часовымі. Я і яшчэ сем чалавек з нашага раёна трапілі ў вайсковую часць 07288, асабовы склад якой змагаўся з на-ступствамі аварыі з лета 1986 года.
Свята працы Іван Татарыновіч сустрэў ужо на ўкраінскай тэрыторыі. Пасялілі ў чатырох кіламетрах ад чарнобыльскага рэактара ў вёсцы Новашапялевічы Іванкаўскага раёна. Населены пункт гэты ўваходзіў у зону адчужэння Чарнобыльскай АЭС і лічыўся тэрыторыяй асобага кантролю. Штодзень вайскоўцы ездзілі на рэактар № 4 праводзіць дэзактывацыю: апрацоўвалі спецыяльным парашком дзверы, вокны, іншыя паверхні. І так па восем гадзін да 14 мая. З ахоўных прыстасаванняў – маска, якую паміж сабой называлі «пялёстак».
Жылі спачатку ў памяшканні піларамы, пасля – музычнай школы на беразе Прыпяці. Месцы, расказвае Іван Іванавіч, маляўнічыя, але навокал нікога, акрамя ліквідатараў. Дзверы кінутых гаспадарамі дамоў былі забіты. Птушкі, здаецца, і тыя развіталіся з роднымі мясцінамі…
Пазней радавога другой роты дэгазацыі і дэзактывацыі пераправілі ў Веткаўскі раён у вёску з прыгожай назвай Свяцілавічы. Здымалі верхні – забруджаны – слой грунту, мянялі дахі на дамах і г. д.
Дадому на пару дзён вырваўся толькі, калі з сынам здарылася няшчасце – трапіў у аварыю. А так пісаў пісьмы родным і вельмі чакаў адказы.
Больш за пяць месяцаў – 156 дзён – Іван Іванавіч знаходзіўся ў статусе лікві-датара. Той час пакінуў мноства розных пачуццяў, падарыў і новыя знаёмствы, і жыццёвы вопыт.
З хлопцамі з Ляхавіччыны, з якімі прызываўся ў армію, пасябраваў, і зараз калі-нікалі тэлефануюць адзін аднаму.
…Вадзіцель Іван Татарыновіч па-гаспадарску абыходзіць МАЗ, на якім цяпер ужо ў ААТ «Жарабковічы» шчыруе і ў пасяўную, і падчас уборкі. За рулём ён чатыры дзесяцігоддзі і ведае дакладна, што неабходна для таго, каб машына не падводзіла, працавала, як гадзіннік.
І толькі зрэдку, калі вясна ўбіраецца ў свае правы, успамінае чарнобыльскую эпапею, падчас якой працаўнікі адчувалі сябе маленькімі, але значнымі вінцікамі ў вялікай махіне ліквідацыі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.