Квартальны залік па сырадоі. Раён за студзень-сакавік плюсуе ў параўнанні з першым кварталам 2019 года па ўсіх асноўных крытэрыях

Зрухі да лепшага ёсць – так у райсельгасхарчы характарызуюць малочную жывёлагадоўлю Ляхавіччыны. Намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Вераніка Макаранка адзначае, што раён за студзень-сакавік плюсуе ў параўнанні з першым кварталам 2019 года па ўсіх асноўных крытэрыях: валавая вытворчасць складае 103,4 працэнта, надой на карову – плюс 31 кілаграм, продаж малака –101,7 працэнта.

У разрэзе гаспадарак бясспрэчным лідарам па валавым надоі за тры месяцы з’яўляецца ААТ «Жарабковічы» – 4154 тоны малака – больш як 110 пра-цэнтаў да леташняга першага квартала. Плюс 10 працэнтаў і ў ДП «Нача», плюс 7 – у СВК «Ляхавіцкі». Значна дабавіў ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», праўда да флагманаў малочнай вытворчасці яшчэ вельмі далёка: за тры месяцы кожная карова тут дала ў сярэднім 800 кілаграмаў малака (плюс 184 да такога ж мінулагодняга перыяду).

Першынства па надоі ад кожнай рагулі трымае «Ляхавіцкі» – 2177 кіла-
грамаў за тры месяцы. На другім месцы ЗАТ «Белпрампрыбор» (1838 кілаграмаў), на трэцім – «Нача» (1651 кілаграм).

Яшчэ адзін важны паказчык – якасць малака. Аграрыі нашага раёна прадаюць малако ў асноўным вышэйшым гатункам, а «Нача», «Ляхавіцкі» і «Белпрампрыбор» паднялі больш высокую планку: іх малако амаль поўнасцю экстракласнае.

Вераніка Макаранка падкрэслівае, што рух наперад, які дэманструе ў малочнай галіне ДП «Нача», тлумачыцца многімі аспектамі. Тут нядаўна ўвялі ў эксплуатацыю сучасны МТК «Зубелевічы», павялічана пагалоўе буйной рагатай жывёлы, перагледжаны рацыёны кармлення статка, створана якасная кармавая база.

– У «Зубелевічах» у сярэднім ад кожнай рагулі дояць у дзень 22 кілаграмы малака. Лепш толькі на МТК «Русінавічы» СВК «Ляхавіцкі» (23,6 кілаграма). На трэцім месцы МТФ «Бенькаўцы»  ЗАТ «Белпрампрыбор» – 21,6 кілаграма. Сярэднераённы паказчык – 12,5 кілаграма сырадою ў дзень.

Яшчэ тыдзень-другі – і пачнецца адзін з адказнейшых перыядаў у жывёлагадоўлі – пашавы сезон, калі статак павінен паказаць сваю вышэйшую прадукцыйнасць і як мага больш папоўніць бюджэт гаспадарак. Гэты час – яшчэ і магчымасць адрамантаваць, рэканструяваць, правесці санітарныя мерапрыемствы ў памяшканнях, дзе ўтрымліваецца жывёла. А ветэрынарна-заатэхнічная служба ўшчыльную зоймецца вырашэннем пытанняў фарміравання высокапрадукцыйнага статка.

Сёлета перад жывёлаводамі раёна пастаўлена задача павялічыць валавы надой мінімум на тры працэнты ў параўнанні з мінулагоднім. Як запэўнівае першы намеснік старшыні райвыканкама Анастасія Рабцэвіч, планы рэальныя. Пазіцыя за першы квартал – таму па-цвярджэнне. Наперадзе перыяд вялікага малака. Застаецца толькі трымаць пад кантролем усе арганізацыйныя моманты, нават тыя, якія, на першы погляд, могуць паказацца не вельмі значнымі: выкананне рэжыму выпасу статка, падкошванне пашы, наяўнасць вады, захаванне вытворчай дысцыпліны і г. д. Важна, каб людзі, якія будуць працаваць са статкам, адносіліся да работы добрасумленна, зацікаўлена, прафесійна.

Галіна КАНЬКО.