Міхаіл Пташук — гонар і слава Ляхавіцкай зямлі

11 красавіка 2010 года ў Ляхавічах адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя ўшанаванню нашага знакамітага земляка — сусветна вядомага кінарэжысёра Міхаіла Пташука, чыё прозвішча ўвайшло ў дзясятку лепшых рэжысёраў Еўропы. Тады на ўрачыстасці ў Ляхавічы прыехалі жонка Міхаіла Мікалаевіча — Лілія Міхайлаўна, іх дачка Анжаліка і ўнук Міхаіл, старшыня Саюза кінематаграфістаў Беларусі Віктар Васільеў.
Вялікі моцны чалавек, у якім, па ўспамінах блізкіх, сяброў, калег, цудоўным чынам спалучаліся сіла і дабрыня, прыгажосць і любоў, вера і адданасць, ішоў па жыцці (на жаль, кароткім) з высока паднятай галавой, упэўнена, мэтанакіравана, цвёрда ўсведамляючы сваю місію і сваё прызванне. «Яго фірменную — вельмі шчырую і прыветную — пташукоўскую ўсмешку, — нельга было зблытаць ні з чыёй іншай. Міхаіл, як вялікае сонейка, са сваімі рыжымі валасамі асвятляў дарогу,» — успамінаў Віктар Васільеў.

Пташук — гонар і слава Ляхавіцкай зямлі. У кожнай яго кінастужцы, знятай па творах беларускіх аўтараў — часцінка яго самога, федзюкоўскага хлопца.
Ён трагічна пайшоў з жыцця, але застаўся назаўсёды жывым у нашай памяці, у творчым скарбе, які пакінуў пасля сябе, — выдатных гераічных, патрыятычных фільмах.
Тады, у красавіку 2010 года, адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі на вуліцы Пташука ў Ляхавічах, асвячэнне крыжа на вуліцы Садовай у Федзюках (малой радзіме Міхаіла Мікалаевіча), богаслужэнне ў Дараўскім храме, реквіем-ушанаванне каля дома, дзе 28 студзеня 1943 года нарадзіўся будучы рэжысёр і стаў сусветна вядомым.
…Ідуць гады, мінаюць зімы, вёсны, з’яўляюцца новыя куміры, здымаюцца новыя кінастужкі. Але творчая спадчына Міхаіла Пташука даўно і трывала заняла пачэснае месца ў залатым фондзе сусветнага кінематографа. У яго рэжысёрскім паслужным спісе шмат узнагарод і званняў. Але галоўнае — неабмежаваная любоў гледачоў розных узростаў і ў розных краінах свету.
Раз за разам з непадробным інтарэсам можна глядзець яго — такія любімыя многімі стужкі — «Вазьму твой боль», «Чорны замак Альшанскі», «Знак бяды», «Наш браняпоезд», «У жніўні 1944-га…». Яны сталі часткай гісторыі, жыцця многіх пакаленняў.
Тэма вайны для рэжысёра — асаблівая, асноўная, вызначальная. Ён, народжаны ў гады ваеннага ліхалецця, генетычна адчуваў боль і пакуты, якія перанесла беларуская зямля і яе народ. У гэтым плане асабліва паказальны фільм «Вазьму твой боль», частка якога здымалася і на Ляхавіччыне. Напэўна, многія з нас памятаюць, як цяжка было купіць тады жаданы білет, і якія былі чэргі ў касу кінатэатра «Кастрычнік», дзе на працягу некалькіх дзён па 3 сеансы дэманстраваўся гэты фільм. А ў глядацкай зале то тут, то там было чуваць, як плачуць людзі, суперажываючы героям, знаходзячы ў іх рысах і ўчынках нешта знаёмае.
Магчыма, гэта і ёсць вышэйшая ступень майстэрства, якім так віртуозна валодаў Вялікі Майстар Міхаіл Пташук, што так любіў Радзіму, людзей і жыццё.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *