Выйсце заўсёды ёсць. Парады ад псіхолага Ляхавіцкага СПЦ

Сутыкненне поглядаў бацькоў і падлеткаў – праблема не новая. Бывае і так, што рознагалоссі ўзнікаюць штодзённа. І гэта, канешне, не спрыяе ўмацаванню адносін паміж мамамі-татамі і сынамі-дочкамі. Як разабрацца, у чым прычына непаразумення?

Адносіны на павышаных тонах, крыкі, нават рукапрыкладства, на жаль, частыя спадарожнікі сямейных скандалаў, агрэсіі да дзяцей.
У такой сітуацыі няма пераможцаў.
І калі дарослыя не праявяць мудрасць, не стануць на месца непаўналетняга, не паспрабуюць разам знайсці выйсце з сітуацыі, то цана нявырашанага дзіцяча-бацькоўскага канфлікту можа апынуцца занадта высокай… Давер, любоў і разуменне ў сям’і – галоўнае, што ўтрымае падлетка ад фатальнага кроку. Клапатлівыя і ўважлівыя бацькі заўсёды заўважаць, што з дзіцем адбываецца нешта не тое, паспрабуюць зразумець і дапамагчы.

Якія моманты павінны насцярожыць бацькоў:

●прамое ці ўскоснае жаданне памерці (выказванні аб нежаданні жыць);
● павышаны інтарэс да тэмы смерці (праслухванне музыкі, прагляд відэакліпаў, фільмаў, чытанне кніг, гульняў з суіцыдальным кантэнтам);
● рызыкоўныя паводзіны, здольныя прывесці да прычынення шкоды свайму здароўю. Рэзкае змяненне паводзін: неахайны знешні выгляд, страта цікавасці да любімых заняткаў, з’яўленне жадання адасобіцца, аддаленне ад блізкіх людзей, раздорванне любімых рэчаў. З’яўленне праблем са здароўем: страта апетыту, празмернае ўжыванне ежы, млявасць, бяссонніца, кашмарныя сны;
● змена эмацыянальнага фону: прыгнечаны настрой на працягу доўгага часу, раздражняльнасць, беспрычынныя слёзы;
● раптоўнае пагаршэнне паспяховасці, рассеянасць, дрэнныя паводзіны ў школе, прагулы, парушэнне дысцыпліны.
Неабходна звярнуць увагу, калі былі выпадкі суіцыдальных паводзін сярод знаёмых ці сяброў, куміраў.

Асаблівая ўвага і клопат неабходны ў наступных сітуацыях:

● сварка ці востры канфлікт з бацькамі, педагогамі, блізкімі сваякамі;
● каханне без адказу або разрыў рамантычных адносін;
● непрыняцце хлопца ці дзяўчыны равеснікамі, траўля (у тым ліку ў сацыяльных сетках);
● асабістая няўдача падлетка (нездавальняючая адзнака, нізкі бал, пройгрыш у конкурсе);
● нестабільная сямейная сітуацыя (развод бацькоў, частыя скандалы і канфлікты ў сям’і);
● рэзкае змяненне сацыяльнага асяроддзя (у выніку змены месца жыхарства або вучобы).

Выйсце ёсць!

Паспрабуйце пагаварыць з сынам ці дачкой адкрыта, спакойна, пазбягаючы прамых пытанняў аб нежаданні жыць, калі толькі яны самі не закранулі тэму.
Высветліце, ці не адчувае дзіця сябе адзінокім і няшчасным, загнаным у пастку, даўжніком.
Не пакідайце яго ў адзіноце нават пасля паспяховай размовы.
Не адмаўляйцеся ад дапамогі спецыялістаў – дзіцячага псіхолага, псіхіятра. Зварот не азначае пастаноўку на ўлік або ярлык псіхічнай непаўнацэннасці, а дапаможа засцерагчы падлетка ад непапраўных паводзін.
Марына ГРЫКЕЛЬ, педагог-псіхолаг СПЦ.

Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі (г. Мінск) – +37517-300-10-06.
Цэнтр дружалюбных адносін да падлеткаў «Разам» (г. Брэст) – 8 (0162) 57-40-88.
Тэлефон даверу сацыяльна-педагагічнага цэнтра (г. Ляхавічы) – 2-11-81.