У СВК «Канюхі» Ляхавіцкага раёна распрацаваны бізнес-план развіцця авечкагадоўлі

Атара авечак СВК «Канюхі» — 3325 штук. Плануецца павялічыць пагалоўе да 12 тысяч авечак.

У Канюхах сустракалі дэлегацыю са сталіцы. Спецыялісты рэспубліканскага ўзроўню прыехалі сюды, каб на свае вочы пабачыць, як у сельгаскааператыве арганізавана авечкагадоўля, пазнаёміцца з умовамі працы і ўтрымання жывёлы на фермах гаспадаркі. А заадно зрабіць высновы, наколькі бізнес-план, які прадставіла СВК на разгляд Саўміна, адпавядае рэальным магчымасцям, і якія перспектывы далейшага развіцця авечкагадоўлі ў нашым раёне.
Усё, чым багата сёння гаспадарка, трымаецца ў парадку. Адрамантаваны памяшканні, у дастатку кармоў. Заатэхнічная служба працуе над павелічэннем пагалоўя авечак. Старшыня СВК «Канюхі» Аляксей Кавальчык прыпомніў, што калі прымаў сельгаскааператыў, то на 100 аўцаматак тады атрымлівалі 68 ягнят. Быў узяты курс на павелічэнне пагалоўя, і ўжо летась атрымана 115 ягнят. У сёлетніх планах да 1617-ці аўцаматак прыбавіць яшчэ 209. Такім чынам, у сельгаскааператыве цвёрда прытрымліваюцца асноўнага накірунку ў развіцці авечкагадоўлі — нарошчвання пагалоўя. Сёння тут утрымліваецца пакуль 3325 жывёлін.
У сваю чаргу, павелічэнне пагалоўя патрабуе стварэння новых умоў гаспадарання — будаўніцтва жывёлагадоўчага комплексу, дзе можна будзе працаваць па новых тэхналогіях, замяніўшы ручную працу, якая сёння абсалютна дамінуе ў аўчарнях, на работу машын і механізмаў.
Вельмі важная праблема — збыт прадукцыі авечкагадоўлі. Мяса можна рэалізаваць толькі на Аршанскі мясакамбінат, дзе маладую бараніну выкарыстоўваюць для прыгатавання дзіцячага харчавання. Аднак, па-ранейшаму, нізкія закупачныя цэны. Як, дарэчы, і на воўну, якую сельгаскааператыў пастаўляе на Смілавіцкую фабрыку, дзе яе выкарыстоўваюць для пашыву цёплых коўдраў. Цана па дамоўленасці, напрыклад, летась, была амаль у 2,5 раза меншай за сабекошт.

Галоўны заатэхнік Раман Баўтрукевіч і загадчыца фермы Наталля Гаўрыкава.

Аднак, самай большай праблемай з’яўляецца рэалізацыя авечых скур. У пошуках пакупнікоў гэтай сыравіны СВК выйшаў нават на знакамітую абутковую фабрыку «Белвест», дзе маглі б закупляць скуры для пашыву куртак і сумак. Але там згаджаюцца на партнёрскія адносіны ў выпадку пастаўкі сыравіны вялікімі аб’ёмамі, якіх сельгаскааператыву не пацягнуць.
Безумоўна, на сённяшні дзень авечкагадоўля — стратная галіна сельскагаспадарчай вытворчасці. Аднак, на думку Аляксея Кавальчыка, наладзіць яе работу так, каб была аддача, можна і патрэбна. Разлікі выкладзены ў бізнес-плане, які якраз і разглядаецца на ўрадавым узроўні. Згодна з ім, сельгаскааператыў намераны будаваць авечкагадоўчы комплекс, рэканструяваць памяшканні, павялічыць пагалоўе да 12 тысяч авечак. Ужо цяпер узмоцнена работа па абнаўленні статка — уводу новых парод. З рэспубліканскага бюджэту выдзяляюцца сродкі на пакупку высокапрадукцыйных жывёлін. Пералічаны грошы за 40 бараноў пароды тэксель і прэкас, якія, на думку спецыялістаў, найбольш прыдатныя для гадавання ў нашых умовах. За люты сельгаскааператыў павінен заключыць дагаворы з авечкагадоўчымі гаспадаркамі Украіны і Расіі на пакупку ярак такой жа пароды, якія будуць набывацца таксама за сродкі рэспубліканскага бюджэту.
Як лічыць старшыня СВК Аляксей Кавальчык, справа зрушылася, і пасля зацвярджэння рэспубліканскай праграмы па аднаўленні і развіцці авечкагадоўлі работа будзе накіравана на перспектыву, якая павінна прынесці значныя перамены. Плануецца пабудаваць цэх забою і перапрацоўкі: на рэалізацыю можна будзе пастаўляць мясныя наборы для прыгатавання многіх папулярных і экзатычных страў.

Галоўны ветурач гаспадаркі Наталля Шчэрба.

Ёсць задумкі і адносна перапрацоўкі воўны і скур. Зразумела, гэта пакуль што перспектыва, якая ледзь праглядваецца. Але ёсць спадзяванні і жаданне людзей працаваць. Канюхоўцы стараюцца трымаць у парадку тое, што маюць, страты ад авечкагадоўлі спрабуюць хоць часткова пакрыць за кошт вырошчвання маладняку БРЖ. Дарэчы, атрымліваецца нядрэнна: па выніках работы за мінулы год рэнтабельнасць склала 27 працэнтаў.
У СВК «Канюхі» ёсць свой сайт у інтэрнэце, які гаспадарка выкарыстоўвае для пошукаў спажыўцоў прадукцыі, магчымых інвестараў. Нядаўна давялося даць адмоўны адказ на прапанову іранскай прыватнай фірмы, якая хацела закупіць у СВК авечак па мізэрнай цане. А вось за прапанову расіян прадаць авечак у Канюхі па прымальнай цане ўхапіліся, наладжваюць кантакты…
Авечкагадоўля ў Канюхах пакрысе ажывае, арыентуючыся на сучасныя метады гаспадарання. Але яшчэ спадзяецца і на падтрымку. Справа ў тым, што, каб гадаваць 12-тысячную атару, спатрэбіцца значна большая кармавая база. Да тых зямельных угоддзяў, якія ёсць сёння, трэба яшчэ як мінімум 3 тысячы гектараў. Пакуль што СВК выдзелены ўгоддзі ля Тухавіч — там можна назапашваць кармы. Аднак гэта не зручна і не выгадна: вельмі дарагое атрымаецца сена, скошанае за 110 кіламетраў ад гаспадаркі.
Хвалюе канюхоўцаў і вымушана нестабільны фінансавы стан іх гаспадаркі. Цяпер, калі намячаюцца перамены, вельмі патрэбны грошы. А яны ні то ёсць, ні то няма. Летась ільняныя палеткі прынеслі добры ўраджай і другое месца ў раёне па вырошчванні даўгунца. Але ад ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» грошай яшчэ не паступала.

26 гадоў працуе чабаном Марыя Русакевіч.

Між іншым, хоць праблемаў шмат, СВК «Канюхі» жыве сёння надзеямі на лепшае. Упэўненасці надалі і высновы спецыялістаў рэспуб-ліканскага ўзроўню, якія, у цэлым, засталіся задаволенымі ўбачаным і пачутым. А, значыць, ёсць спадзяванні, што бізнес-план СВК «Канюхі» будзе зацверджаны…
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *