Субота на працоўным пазітыве

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Вясновая талака аб’ядноўвае землякоў у жаданні зрабіць малую радзіму прыгожай. Статус суботніка як справы агульнай важнасці выпрацаваны ў пакаленняў ляхавічан дзесяцігоддзямі. У гэты дзень і напярэдадні асаблівая ўвага надаецца добраўпарадкаванню населеных пунктаў і навядзенню парадку на зямлі.
Сёлетні працоўны дэсант шчыруе на фоне важных для кожнага беларуса дат і падзей – 75-годдзя Вялікай Перамогі і Года малой радзімы.
Гістарычны парк у Грушаўцы апошнім часам – аб’ект заўсёднай увагі землякоў і гасцей. Тут працягваюцца работы па наданні прывабнага выгляду мясцовай славутасці. Актыўны ўдзел у гэтым прынялі кіраўніцтва раёна. Ударнай працай у грушаўскіх каардынатах у мінулую пятніцу адзначылсія работнікі ўстаноў культуры, супрацоўнікі ТЦСАН і іншыя.
На вачах змяняецца прыбярэжная тэрыторыя Ведзьмы: штодзень камунальнікі ўносяць новыя штрыхі ў яе ператварэнне. Актыўна пасадзейнічалі гэтаму і работнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама.
Прадстаўнікі аддзела па адукацыі райвыканкама, устаноў адукацыі раёна займаліся падрыхтоўкай дзіцячага аздараўленчага лагера «Чайка» да чарговага сезона.
Цяжар мінулагодняга лісця скінулі паркі і скверы, ліквідаваны сметнікі, зроблены ямачны рамонт вуліц населеных пунктаў, упарадкаваны воінскія пахаванні, памятнікі і мемарыялы. А колькі клумбаў зайграла колерамі кветак, уладкаваны шматлікія газоны. За апошнія дні больш чым на сотню павялічылася колькасць высаджаных дрэўцаў. Кожная арганізацыя і прадпрыемства раёна паклапаціліся пра стан замацаваных тэрыторый. Не засталіся ў баку і гаспадары прыватных сядзіб.
Свята чысціні атрымалася плённым і пазітыўным.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.