Пошта выбрала Таццяну. Як ляхавічанку… выбрала прафесія

Звычайна чалавек выбірае прафесію. А вось нашу зямлячку Таццяну Дарашэнка (на здымку)… выбрала прафесія. Як яшчэ можна патлумачыць, што, у свой час падаўшы дакументы на прэстыжны юрыдычны факультэт, Таццяна без усялякіх прычын забрала іх і паступіла ў вышэйшы каледж сувязі?

Вось ужо 27 гадоў яна спяшаецца па звыклым маршруце, канчатковы адрас якога – плошча Леніна, 1. У яе працоўнай кніжцы толькі адно месца працы.
– Ні ў якой іншай прафесіі сябе не ўяўляю. Працую не толькі таму, што маю паштовую спецыяльнасць, але і таму, што бясконца люблю сваю работу. Мне ў гэтай сферы лёгка і камфортна, – гаворыць Таццяна Рыгораўна.


На якой бы пасадзе (а пачынала яна аператарам паштовай сувязі, была начальнікам гарадскога аддзялення, намеснікам начальніка Ляхавіцкага РВПС, цяпер – узначальвае аддзяленне паштовай сувязі «Ляхавічы-2») наша зямлячка ні працавала, заўжды вылучалася адказнасцю, мэтанакіраванасцю, ініцыятыўнасцю.
З павагай адносіцца і да кліентаў, і да калег. Сёння яна ў адказе за 26 сваіх падначаленых: аператараў, паштальёнаў, вадзіцеляў, якія займаюцца арганізацыяй дастаўкі газет і часопісаў, пасылак і бандэроляў, пенсій у 42 населеныя пункты, дзе няма паштальёнаў.
– У нас выдатны калектыў – дружны і зладжаны, правераны часам. Працаваць з такімі калегамі адно задавальненне. Кожны профі на сваім месцы, умее знайсці падыход да любога карыстальніка нашых паслуг. Ганаруся сваім калектывам, – зазначае Таццяна Дарашэнка і асабліва адзначае работу, вернасць прафесіі Людмілы Буйкевіч, Ірыны Нікулінай, Дануты Архангельскай, Наталлі Якушавай. Шчырыя словы падзякі адрасуе сваім настаўнікам у паштовай справе Ганне Прымшыц, Тамары Булатай, Ірыне Крыкала.
Для «Ляхавіцкага весніка» Таццяна Дарашэнка – чалавек таксама свой, сапраўдны сябар раёнкі. Трэба бачыць, з якой энергіяй яна дапамагае нам падчас падпісной кампаніі.
«ЛВ» віншуе Таццяну Рыгораўну і ўсіх паштавікоў раёна з прафесійным святам. Поспехаў, моцнага здароўя, шчасця, радасці вам, шаноўныя сябры-партнёры!

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА