Карысная традыцыя. Рэспубліканскі суботнік прайшоў 25 красавіка ў Беларусі

Фота БЕЛТА

Паводле папярэдніх даных, у ім прынялі ўдзел 2,3 мільёна беларусаў. Жыхары краіны займаліся прывядзеннем у парадак населеных пунктаў, добраўпарадкаваннем, пасадкай лесу.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час суботніка высадзіў дрэвы на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Прыпяцкі». Дзяржорганы, мясцовыя ўлады, іншыя арганізацыі правялі суботнік на рабочых месцах або добраўпарадкоўвалі гісторыка-культурныя каштоўнасці, тэрыторыі населеных пунктаў, рыхтавалі дзіцячыя аздараўленчыя і спартыўна-аздараўленчыя лагеры да летняга сезона.

На суботніку было сабрана каля Br8,7 мільёна. Яны будуць накіраваны на добраўпарадка-ванне населеных пунктаў, месцаў пахаванняў, дзіцячых лагераў. 50 працэнтаў сабранага пойдзе на будаўнічыя работы ў Нацыянальным мастацкім музеі і рэканструкцыю комплексу на месцы спаленай вёскі Ала ў Светлагорскім раёне.
У дваццатых чыслах красавіка Кіраўнік дзяржавы па традыцыі наведвае раёны, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Адраджэнню гэтых зямель заўсёды ўдзяляецца асаблівая ўвага і, улічваючы, што на гэты раз паездка Прэзідэнта супала з правядзеннем у краіне рэспубліканскага суботніка, Аляксандр Лукашэнка вырашыў прыняць удзел у работах на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Прыпяцкі».
Тут у мэтах аднаўлення лясной масы прэзідэнцкая брыгада высадзіла 8 тысяч саджанцаў сасны на плошчы паўтара гектара.
Пазней у час размовы з журналістамі Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што правядзенне рэспубліканскага суботніка даўно стала традыцыяй у Беларусі і ад яе адступаць не будуць. «Суботнікі – гэта, лічу, тое добрае, што мы ўзялі з таго (савецкага. – Заўвага БЕЛТА)
перыяду. Вось і ўся ідэалогія: мы памятаем папярэдняе, шануем сваю гісторыю, бяром лепшае і актуалізуем на фоне сённяшніх падзей», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Размаўляючы з журналістамі, Прэзідэнт адзначыў, што без малой радзімы, асабліва вёсак, не можа быць ні суверэнітэту, ні незалежнасці. «За апошнія гады гэта была дзейсная, ідэйная справа – аб’явіць трылогію малой радзімы. Што зрабілі, а што не зрабілі. Скажу сумленна: зрабілі не ўсё, што маглі. Калі б яшчэ трылогію аб’явілі, зрабілі б яшчэ больш. Але галоўнае – мы павярнулі людзей да іх малой радзімы. Асабліва да вёсачак, да тых дамоў, якія засталіся ад бацькоў, бабуль і дзядуль», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Адказваючы на пытанні журналістаў, Кіраўнік дзяржавы расказаў, калі можа адбыцца яго Пасланне парламенту і народу краіны і чаму яно было адкладзена, хоць першапачаткова планавалася на сярэдзіну красавіка. «Вельмі шмат пытанняў, на якія сёння цяжка даць адказ або адказу няма наогул. З-за сітуацыі, якая склалася, з-за гэтага псіхозу, які разгарнуўся. З-за таго, што розныя палітычныя сілы ўнутры дзяржаў спрабуюць гэта выкарыстоўваць у нейкіх палітычных мэтах, што недапушчальна. І самае галоўнае – эканамічная нявызначанасць ва ўсім свеце», – заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што Пасланне адкладзена на некаторы час. «Я так падумаў, што калі прэзідэнцкія выбары, то можам сумясціць Пасланне (пашырыць яго, зрабіць больш стратэгічным) з праграмай цяперашняга Прэзідэнта», – сказаў ён.

Далучылася  і Брэстчына

Брэсцкая вобласць плануе пералічыць у фонд суботніка Br946,2 тысячы. Заробленыя сродкі накіруюць на падрыхтоўку аздараўленчых лагераў да летняга сезона, добраўпарадкаванне месцаў воінскай славы.
Старшыня аблвыканкама Анатолій Ліс разам з калектывам аблвыканкама працавалі на суботніку на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці.

Па матэрыялах БЕЛТА.