Маладзёжная эстафета клопату. Ляхавіцкі раённы камітэт грамадскага аб’яднання БРСМ далучыўся да рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага»

Да акцыі  «Беларусь памятае. Памятаем кожнага», прысвечанай  75-годдзю вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, далучыўся і Ляхавіцкі раённы камітэт грамадскага аб’яднання БРСМ.

На долю Ляхавіччыны ў часы Вялікай Айчыннай вайны прыйшлося шмат выпрабаванняў і нягод. Сведчанне таму – шматлікія воінскія пахаванні, брацкія магілы і помнікі.  Землякі памятаюць тых, хто набліжаў Перамогу і змагаўся за незалежнасць, вярнуўся дадому пераможцам і застаўся назаўсёды на полі бою.
Кожны жыхар рэспублікі, вобласці, раёна  можа далучыцца да патрыятычнай эстафеты, ушанаваць хвілінай маўчання памяць герояў  і іх подзвіг – ускласці кветкі да месцаў воінскай славы. А яшчэ ўнесці пасільны ўклад  у рэстаўрацыю і аднаўленне памятных знакаў.  Цану Вялікай Перамогі забыць нельга. Пра яе павінны ведаць нашчадкі. Да рэспубліканскай акцыі ўжо далучыліся актывісты пярвічак Конькаўскага і Дараўскага ВПК «дзіцячы сад – сярэдняя школа», якія навялі парадак на брацкіх магілах у вёсцы  Дрэкі і аграгарадку Дарава.

Марыя ЛУТАВІНАВА, першы сакратар райкама БРСМ.