Як не згубіцца ў лабірынце прафесій?

Для сёлетніх выпускнікоў зараз самы напружаны час. Пробнае тэсціраванне, рэпетытарства, падрыхтоўка да экзаменаў і вырашэнне галоўных пытанняў – кім быць, якую прафесію выбраць? Як жа гэта не проста… Як не памыліцца ў моры спецыяльнасцей і прафесій, знайсці такую, каб потым з радасцю штодзённа хадзіць на работу?
У Федзюкоўскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе прафарыентацыі надаецца асаблівая ўвага. На працягу навучальнага года вучняў і іх бацькоў знаёмяць са светам прафесій, арганізоўваюць сустрэчы з прадстаўнікамі “модных” і не вельмі знаёмых спецыяльнасцей, расказваюць пра навучальныя ўстановы, дзе іх можна атрымаць. Як падвядзенне выніку такіх заняткаў – традыцыйны тыдзень праф-арыентацыі. Сёлета ён даволі цікава і разнастайна прайшоў напрыканцы трэцяй чвэрці.
Хлопчыкі і дзяўчынкі з малодшых класаў падчас “Падарожжа ад А да Я” зазірнулі ў незвычайную краіну прафесій, адгадвалі рыфмаваныя загадкі, глядзелі слайды. Вучні 5-8 класаў удзельнічалі ў конкурсе “Прафарыентацыйны эрудыт”. Старшакласнікі прадэманстравалі веды ў конкурсе “Лабірынт прафесій”. Рабяты паглядзелі кінафільм “Я – жывёлавод” і слайдфільмы пра Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж і Баранавіцкі дзяржаўны універсітэт. Дарэчы, з гэтай ВНУ ў школы наладжаны цесныя сувязі. Другі год запар нашы старшакласнікі займаюцца ў школе прафарыентацыі, якую ўзначальвае педагог-псіхолаг БарДУ Святлана Мартыненка. На занятках Святлана Анатольеўна праводзіць з вучнямі псіхалагічную дыягностыку, кансультуе выпускнікоў і іх бацькоў, дапамагае выбраць прафесію з улікам асабістых здольнасцей рабят, іх інтарэсаў і ўзроўню ведаў, адказвае на шматлікія пытанні будучых абітурыентаў, дае канкрэтныя карысныя парады, як псіхалагічна падрыхтавацца да экзаменаў і тэсціравання.
Новай формай атрымання ведаў па прафарыентацыі стала прапанаваная Святланай Мартыненка аглядная экскурсія “Вышэйшыя навучальныя ўстановы Мінска”. Рабяты і настаўнікі з Федзюкоўскага і Дараўскага ДС-СШ наведалі сталіцу Беларусі. Пабывалі нават у планетарыі.
Рабяты атрымалі падарунак ад рэспубліканскага цэнтра прафарыентацыі моладзі – часопіс “Кім быць?”, які з’яўляецца компасам у свеце прафесій.
Самыя шчаслівыя людзі шчаслівыя ў сваёй прафесіі. Кожны выпускнік знаходзіцца ў пачатку вялікага жыццёвага шляху. Яму надзвычай цяжка самастойна прыняць адно з важнейшых рашэнняў – выбраць прафесію. У гэтым неабходна дапамога бацькоў, настаўнікаў, псіхолагаў.
Алена ЧАЙКОЎСКАЯ, сацыяльны педагог Федзюкоўскага ДС-СШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *