Выпускникам школ Ляховичского района пора определиться с выбором будущей профессии

Літаральна некалькі месяцаў — і сённяшнія выпускнікі пяройдуць у новы статус — абітурыентаў. А далей — тэсты, іспыты, чаканне «вердыкту» прыёмнай камісіі: залічаны ці не, на бюджэтную форму навучання ці на платную. Разам з юнакамі і дзяўчатамі ланцужок хутка змяняючых адна другую падзей праходзяць іх бацькі, хто ўпершыню, а іншыя па другім ці нават трэцім крузе.
Гэта будзе летам. А пакуль у яшчэ школьнікаў усё як заўсёды: урокі і заняткі з рэпетытарамі, пазакласныя мерапрыемствы, падрыхтоўка да выпускнога балю. І галоўнае, што не дае пакою ні ім, ні іх бацькам, пытанне: куды пайсці вучыцца?
Чаму аддаюць перавагу выпускнікі гарадскіх і сельскіх школ нашага раёна? Іх мары, што датычацца выбару будучай прафесіі, мала чым адрозніваюцца ад тых, якія былі ў равеснікаў канца мінулага стагоддзя. Апошнім часам надзвычай запатрабаваныя праграмісты (такая прафесія напрыканцы ХХ стагоддзя толькі выходзіла на адукацыйную прастору), таму і конкурс у вышэйшыя навучальныя ўстановы, дзе рыхтуюць праграмістаў, высокі. І стаць студэнтам бюджэтнай формы навучання — ганарова і дарагога варта. Але і гэта атрымліваецца ў нашых выпускнікоў. Для прыкладу можна прывесці Малагарадзішчанскі ДС-СШ. Здавалася б, невялікая школа ў аграгарадку. Але дзякуючы высокай падрыхтаванасці вучняў, большасць выпускнікоў становіцца студэнтамі ВНУ на бюджэтнай аснове. У асаблівай пашане ў тутэйшых рабят спецыяльнасць «інфармацыйныя тэхналогіі». Пераможца рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па інфарматыцы Аляксандр Карповіч цяпер чацвёртакурснік БДУІіР, тут жа вучацца браты Андрэй і Аляксандр Плескацэвічы, Раман Захаранкаў, Аляксандр Патоцкі, Аляксей Вярбіла і іншыя.
Па-ранейшаму папулярны сярод абітурыентаў Інстытут журналістыкі БДУ, толькі ў мінулым годзе яго студэнтамі сталі 4 выпускніцы школ Ляхавіччыны.
Здаецца, яшчэ зусім нядаўна многія ўладальнікі дыплома інжынера «перакваліфікоўваліся» ў рабочых ці выбіралі іншы накірунак дзейнасці з-за незапатрабаванасці. Сёння прэстыж гэтай прафесіі ўзрастае. Штогод дзясяткі ляхавіцкіх выпускнікоў становяцца студэнтамі тэхнічных ВНУ.
Не змяншаецца колькасць юнакоў, якія выбіраюць для сябе прафесію Радзіму абараняць. Прычым, паступаюць яны ў ваенныя ВНУ не толькі Беларусі, але і Расіі. Сярод курсантаў навучальных устаноў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях таксама ёсць прадстаўнікі Ляхавіччыны.
А вось паступіць у педагагічныя ВНУ можна, як гаворыцца, без асаблівых намаганняў. Апошнім часам нават быў недабор студэнтаў на першы курс на асобныя спецыяльнасці, у прыватнасці, фізіка-матэматычнага і філалагічнага профіляў. Канешне, ёсць і тыя рабяты, хто з дзяцінства марыць пра прафесію настаўніка. Але, што тут хаваць: некаторыя выпускнікі падаюць дакументы ў педагагічны з адной думкай: не важна дзе, галоўнае вучыцца ў ВНУ, тым больш на бюджэце.
Педагогі павінны яшчэ ў школе рыхтаваць сабе дастойную змену. Магчыма, тады будзе больш жадаючых атрымаць мэтавае накіраванне для паступлення ў педагагічныя ВНУ, каб пасля вучобы прыехаць на працу ў навучальныя ўстановы раёна. У мінулым годзе такое накіраванне атрымаў адзін юнак, праўда, яго вучоба ў ВНУ хутка закончылася — пасля няўдалай здачы сесіі яго адлічылі. Сёлета 2 выпускнікі ўжо скарысталіся магчымасцю атрымаць накіраванні на мэтавую падрыхтоўку вы-кладчыкаў замежных моў. Як расказала намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік, у раёне па-ранейшаму адчувальны недахоп настаўнікаў фізікі, матэматыкі, у бліжэйшы час у дэфіцыце акажуцца філолагі, біёлагі, хімікі. Хаця штогод аддзел адукацыі і падае заяўкі ў ВНУ, маладых спецыялістаў па гэтых накірунках прысылаюць даволі рэдка.
Пакуль без паважаных пенсіянераў не могуць абысціся і медыцынскія ўстановы Ляхавіччыны. У ахове здароўя раёна, як і ў цэлым па краіне, адчувальны кадравы голад, асабліва што датычыць урачоў. Хаця з мэтавай падрыхтоўкай справы лепшыя, чым у адукацыі. Як адзначыў галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Уладзімір Усцюшкоў, ніхто з жадаючых узяць накіраванне не атрымаў адмову. Апошнім часам штогод выдаецца да 20 і нават больш накіраванняў у медыцынскія ВНУ краіны для мэтавага навучання. І ўжо ў наступным годзе ў раён павінна прыбыць першае папаўненне з учарашніх «мэтавікаў». У сённяшніх адзінаццацікласнікаў яшчэ ёсць крыху часу, каб звярнуцца да галоўнага ўрача райбальніцы за атрыманнем накіравання, якое ў многім палегчыць паступленне ў ВНУ.
З выбарам будучай прафесіі ўжо час вызначыцца і іншым выпускнікам гэтага навучальнага года.

Галіна КАНЬКО.

Фота з сайта http://www.radiusfm.by

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *