Ля Вострава – беларуска-дацкі астравок

Беларуска-дацкі праект ЗТАА “БелДан” спецыялізуецца на свінагадоўлі: у самых маштабных аб’ёмах і на аснове самых сучасных тэхналогій. Аўтаномнасць у тым, што ўжо ў гэтым сельскагаспадарчым цыкле тут мяркуецца дасягнуць кармавой самадастатковасці. Узводзіцца кармацэх, а ў якасці сыравіннай базы ў карыстанні прадпрыемства знаходзяцца размешчаныя таксама непадалёку ад Вострава сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Як і для абсалютна ўсіх аграрыяў, сяўба для “БелДана” з’яўляецца зараз ці не самым надзённым клопатам.
Падчас нашага прыезду кіраўнік фермы грамадзянін Каралеўства Данія Йонас Мёлгар Йенсен знаходзіўся непасрэдна ў полі і асабіста кіраваў працэсам унясення па азімых пасевах арганічных угнаенняў. Узнікла нават пачуццё лёгкай няёмкасці: ці да размовы яму ў такі час? Але дарма: пры пасрэдніцтве памочніка-перакладчыка Вольгі цікаўнасць “ЛВ” была задаволена ў дапушчальна поўным аб’ёме, дасціпна, у ветлівай форме.
Непасрэдна да веснавой сяўбы, аб’ёмы якой складаюць 250 яравых ячменных гектараў, “БелДан” планаваў прыступіць на гэтым тыдні. Пакуль жа, калі рыхтаваўся матэрыял, – як і ў іншых, даглядаліся-карміліся азімыя, выконваўся цыкл яравых падрыхтоўчых аперацый. У тым ліку вывазка і ўнясенне на палі вадкіх арганічных угнаенняў. Не без спецыфікі: прадукт жыцця-дзейнасці свіней, назапашаны за месяцы работы фермы ў рэзервуарах-зборніках – лагунах, згодна тамашняй тэрміналогіі зараз выпампоўваецца з дапамогай “выпісанай” з Даніі спецыяльнай 20-тоннай цыстэрны ў агрэгацыі з нашым МТЗ-2822, дастаўляецца і тут жа ўносіцца на палетак – раўнамерна-дазіравана, прыкладна, 30 тон у залежнасці ад сельгаскультуры на кожны палеткавы гектар. Падобнае адбываецца двойчы на год: падчас асенніх і вясенніх, як зараз, палявых работ. У іншы час арганіка дастаўляецца і назапашваецца ў згаданых ужо лагунах. Гэта размешчаныя на адлегласці ад асноўных карпусоў фермы адкрытыя рэзервуары. Іх дно і бакавыя паверхні высцілае трывалы пластык, які без пашкоджання здольны вытрымаць гусенічны трактар. Такіх лагун на “БелДане” 4, кожная аб’ёмам у 8 тысяч кубоў. Паколькі тэхналагічны цыкл на прадпрыемстве пачаўся нямногім больш года таму з нязначнай колькасці жывёл і да сваёй цяперашняй магутнасці прыкладна ў 20 тысяч галоў яно “расло” паступова – запоўненымі аказаліся толькі 2 лагуны, змесціва якіх уносіцца пад будучы ўраджай.
Разлік жа на перспектыву ўвя-дзення другой чаргі і выхаду ЗТАА “БелДан” на поўную пра-ектную магутнасць прыкладна ў 40 тысяч галоў свіней. Як адзначыў кіраўнік фермы, будаўніцтва комплексу аб’ектаў другой чаргі знаходзіцца на стадыі блізкай да завяршэння. Паралельна таму з тыднёвай рэгулярнасцю ажыццяўляецца і “засяленне” секцый новаўзведзеных свінар-нікаў.
У пераліку збудаванняў другой чаргі свінагадоўчага комплексу ЗТАА “БелДан” прадугледжана і ўзвядзенне цэха па прыгатаванні камбінаванага, адаптаванага спецыяльна пад рацыён свіней корму. На шляху здачы аб’екта “пад ключ” будаўнікі, па словах Йонаса, знаходзяцца зараз у стадыі “мідл” – сярэдзіне, калі па-беларуску. Зманціраваны, у прыватнасці, ёмістасці для акумуляцыі зерня ў якасці перапрацоўчай сыравіны, некаторае тэхналагічнае абсталяванне, тэхнічныя і будаўнічыя прыстасаванні. Камбікормавы цэх разлічаны на перапрацоўку, як адзначалася, уласнавырашчанага зерня, а яго вытворчы патэнцыял разлічаны на выпуск 6 – 8 тон камбікорму ў гадзіну. Гэта па патрэбах, нават з некаторым запасам. Цэх павінен запрацаваць месяцаў праз 2–3.
Першая партыя таварнай прадукцыі “пакінула” ЗТАА “БелДан” на пачатку бягучага года. Тады ж было наладжана дзелавое су-працоўніцтва з ПУП “Ляхавіцкі кааппрам”. Іменна спецыялістамі і на вытворчых магутнасцях кааппрама ажыццяўляліся забой і раздзелка вырашчаных у Беларусі дацкіх свіней. Тая партыя была дастаткова сціплай і колькасна няшмат перавышала дзесятак асобін. Аднак пачатак быў па-кладзены, меў працяг, не спыняецца і зараз. Спецыяльна пад прадукцыю замежнага таварыства ляхавіцкія кааператары-прамыслоўцы “падкарэкціравалі” тэхналогію паслязабойнай апрацоўкі свіней, некаторыя іншыя моманты.
Пакуль кола спажыўцоў свініны вытворчасці ЗТАА “БелДан” абмяжоўвалася нашай краінай. Але, па сцвярджэнні кіраўніка фермы, ужо з 19 красавіка як геаграфія, так і маштабы паставак кардынальна дапоўняцца і пашырацца. Пачынаючы з таго тыдня і кожныя наступныя 7 дзён “БелДан” мяркуе пастаўляць у Расійскую Федэрацыю 800 (плюс-мінус 10 працэнтаў) галоў свіней. Прадугледжваецца, што жывая вага кожнай асобіны будзе знаходзіцца ў межах 105 – 115 кілаграмаў.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *