Пра першацветы, чарамшу і сумленне

Першацветы – дзіўныя расліны, якія прыстасаваліся цвісці тады, калі ў лесе на дрэвах яшчэ няма лісця і кожны сонечны прамень даходзіць да зямлі. Іх яркія кветкі з’яўляюцца звычайна ў красавіку (а ў асабліва цёплыя гады – напрыканцы сакавіка) і цвітуць да сярэдзіны мая. У Беларусі найбольш распаўсюджаны такія першацветы як ветраніца лясная (кураслеп), сон-трава, пралеска, ландыш майскі.
Выязджаючы ў красавіцкі лес, гараджане імкнуцца прывезці дадому букецік першых вясновых кветак. Але такія букеты вельмі хутка вянуць, а вось кветак вакол вялікіх гарадоў становіцца ўсё менш. Масавы збор першацветаў зніжае колькасць іх папуляцый і здольнасць да вегетацыі. Таму праблема аховы ранніх кветак сёння стаіць надзвычай востра.
Дарэчы, сярод першацветаў ёсць расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі (кураслеп, сон-трава і інш.). Самавольны збор, пашкоджанне ці знішчэнне іх забаронены Законамі Рэспублікі Беларусь “Аб ахове навакольнага асяроддзя” і “Аб раслінным свеце”. За такія дзеянні Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжаны штраф ад 20 да 50 базавых велічынь.
Такая ж адміністрацыйная адказнасць прадугледжана за збор чарамшы, якая таксама адносіцца да чырванакніжных раслін. Знешне яна падобная на ландыш, а па смаку нагадвае часнок. Дзякуючы сваім харчовым якасцям, чарамша (іншая яе назва – мядзведжая цыбуля) надзвычай папулярная ў народзе. І рэдкай яна стала менавіта з-за варварскага знішчэння: масавага збору і вытоптвання. За апошнія дзесяцігоддзі некалькі папуляцый, што знаходзіліся ля населеных пунктаў, наогул зніклі.
Прыродаахоўныя службы заклікаюць насельніцтва не заахвочваць пакупкамі тых, хто гандлюе чарамшой ці іншымі раслінамі-чырвана-кніжнікамі. І нагадвае, што пастановай Саўміну зацверджаны пералік тавараў, забароненых да продажу на гандлёвых месцах на рынку. Ён, у тым ліку, уключае дзікіх жывёл, расліны, іх часткі і г.д., здабыча і гандаль якімі на тэрыторыі краіны абмежаваны ці забаронены заканадаўствам. Парушэнне правіл гандлю пагражае прадаўцу штрафам ад 2 да 10 БВ, а пры паўторным выяўленні такіх фактаў штрафныя санкцыі ўзрастуць да 30 БВ.
Так што любавацца першацветамі і чарамшой лепш у прыродным асяроддзі. Ці, у якасці варыянта, вырасціць рэдкія расліны на ўласных градках, у кветніках. Чарамша, як паказвае практыка, выдатна размнажаецца самасевам, непатрабавальная і можа паспяхова вырошчвацца на прысядзібных і дачных участках.
Аляксандр КУРЛОВІЧ, галоўны спецыяліст райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *