На Алімпе. Біялагічным

Другі год запар сярод пераможцаў і прызёраў рэспубліканскіх прадметных алімпіяд гучаць прозвішчы юных і таленавітых рабят з Ляхавіччыны. Летась выпускнік Малагарадзішчанскага ДС-СШ Аляксандр Карповіч атрымаў дыплом ІІІ ступені па інфарматыцы, сёння ён ужо студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. І вось новы поспех і выключная перамога як пацвярджэнне інтэлекту, здольнасцей, сілы волі і характару. Дзесяцікласнік гімназіі Сяргей Краўцэвіч заваяваў дыплом І ступені на рэспубліканскай алімпіядзе па любімым прадмеце – біялогіі. Гэта перамога не толькі таленавітага юнака, але і яго настаўніцы – вопытнага педагога, чулага і добразычлівага чалавека Ніны Смаршчок.
Пра шчаслівую выпадковасць гаварыць не даводзіцца – вынік заканамерны: юнак упэўнена крочыў да перамогі на рэспубліканскім узроўні, дэманструючы не толькі выдатныя веды па прадметах, але і ўпэўненасць, творчасць і ініцыятыўнасць. Сістэматычная, зацікаўленая праца, пастаяннае самаўдасканаленне, вывучэнне навейшых падручнікаў і дапаможнікаў, падарожжы па інтэрнеце, выкарыстанне новых тэхналогій і методык і, безумоўна, падтрымка, вопытнае кіраўніцтва і дапамога Ніны Аляксееўны далі свае вынікі. У 2009 годзе Сяргей атрымаў дыплом ІІІ ступені на абласной алімпіядзе па біялогіі. Сёлета з аналагічных інтэлектуальных спаборніцтваў вярнуўся дадому з дыпломам ІІ ступені. А літаральна днямі стаў лепшым сярод юных знаўцаў біялогіі з усёй Беларусі. Выдатная і доўгачаканая перамога!
Увогуле, Сяргей Краўцэвіч вызначаецца з рознапланавымі інтарэсамі. Яму заўсёды аднолькава добра даваліся і былі цікавымі матэматыка, замежная мова, хімія і біялогія. А сачыненні выяўляюць творчую асобу іх аўтара і падкрэсліваюць індывідуальнасць і свой, асаблівы погляд на разнастайныя падзеі. А яшчэ ў вольную хвіліну Сяргей спрабуе сябе ў дызайне, мадэліраванні адзення і … смачна гатуе. І, напэўна, наперадзе яго чакаюць новыя перамогі. А пакуль юнак прымае віншаванні ад аднакласнікаў і настаўнікаў.
Наогул, для развіцця творчых і інтэлектуальных здольнасцей вучняў у гімназіі створаны ўсе неабходныя ўмовы: неабходная база для правядзення даследчых работ і вопытаў, вялікая бібліятэка і, галоўнае, — педагогі-наватары, якія валодаюць сучаснымі методыкамі выкладання і ўпэўнена вядуць сваіх вучняў па краіне ведаў.

Таццяна ГЕРАСІМАВА, намеснік начальніка аддзела адукацыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *