З днём нараджэння! На Ляхавіччыне чэрвень адзначаны 17 нараджэннямі

Першы месяц лета адзначаны ў нашым раёне 17 нараджэннямі, з якіх шэсць зарэгістраваны ў аддзеле загса райвыканкама.

Сярод імёнаў, якімі бацькі назвалі нованароджаных дзяўчынак, – Адэліна, Ксенія, Валерыя, Сафія і іншыя.
У хлопчыкаў у лідарах Іван – такое  імя далі сваім сыночкам у дзвюх сем’ях. Былі яшчэ Фёдар, Расціслаў, Мацвей і іншыя, расказала «ЛВ» начальнік аддзела загса Вольга Новік.
Статус самай прадстаўнічай малышкі ў чэрвені атрымала Аляксандра, якая нарадзілася вагой 3910 грамаў пры росце 55 сантыметраў. Самай маленькай была Паліна – яе вага пры нараджэнні 2830 грамаў і рост 50 сантыметраў. Першынец зарэгістраваны ў адной сям’і, другое дзіця – у дзевяці. Мнагадзетнымі ў першы месяц лета сталі шэсць сем’яў.
Сярэдні ўзрост татаў – 30 гадоў, мам – 29. Самая юная мама – 19-гадовая, бацька – 20-гадовы.
Марш Мендэльсона гучаў для дзевяці пар, сем з іх месцам рэгістрацыі выбралі аддзел загса. Адзін з жаніхоў жыве, напрыклад, у сталіцы, а атрымаць першы сямейны дакумент пажадаў на сваёй малой радзіме – на Ляхавіччыне.
Сярэдні ўзрост жаніхоў у чэрвені – 28 гадоў, нявест – 26. Шлюб зарэгістраваны паміж 37-гадовай нявестай і 50-гадовым жаніхом.
Дарэчы, дзве сямейныя пары атрымалі пасведчанні аб нараджэнні дзяцей напярэдадні важнай дзяржаўнай даты – Дня Рэспублікі. У Ляхавічах свой першы дакумент атрымаў маленькі Міхаіл, а ў Крывошынскім сельвыканкаме – двайняты Іван і Яўгеній.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.