Цябе заўжды чакаюць дома. З якімі думкамі адпраўляюць сваіх сыноў бацькі – тэма чарговага апытання «ЛВ»

Павестка ў ваенкамат, медыцынская камісія, урачыстыя провады, развітанне з бацькамі, сваякамі, нават з жонкамі і дзецьмі… Юнакі ў цывільным адзенні яшчэ пакуль няспешна займаюць сваё месца ў страі навабранцаў. Але наперадзе іх чакае служба ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь – выкананне ганаровага абавязку. Падчас сёлетняй восеньскай прызыўной кампаніі ўпершыню прымерае на сябе салдацкую форму чарговае папаўненне і з ляхавіцкіх юнакоў. Хутка рабяты атрымаюць апошні наказ ад бацькоў служыць годна і дастойна, як належыць сапраўдным мужчынам.
З якімі думкамі адпраўляюць сваіх сыноў бацькі – тэма чарговага апытання «ЛВ».

Надзея АСАСКАЛА, жыхарка вёскі Гаслаўшчыны:
– Канешне, нам з мужам цяжка будзе на паўтара года развітвацца з сынам. Але ж мы цвёрда ўпэўнены: кожны юнак павінен прайсці сапраўдную школу мужнасці, стаць абаронцам Айчыны. Муж служыў у Савецкай Арміі, праходзіў тэрміновую службу на працягу двух гадоў ва Украіне. У 2019 дэмабілізаваўся і старэйшы сын Андрэй, які служыў у пятай брыгадзе спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Беларусі. Цяпер працуе ў Мінску ў  патрульна-паставой службе. Перажывалі, калі адпраўлялі ў армію, хваляваліся, як у яго там усё атрымаецца, якія побач будуць таварышы. Ездзілі на прысягу, упэўніліся, што ў Андрэя ўсё добра. Цяпер вось рыхтуемся да провадаў і нашага малодшага Аляксея, якому 20 гадоў. Рады, што сын здаровы, медыцынская камісія гэта пацвердзіла. Тым больш, ён і сам  медык – узначальвае Русінавіцкі фельчарска-акушэрскі пункт. Служыць будзе ў пагранічных войсках. Служы дастойна, Алёша, і ведай, што дома цябе заўжды чакаюць і вельмі любяць.

Вольга ЗАНЬКО, жыхарка вёскі Літвы:
– Гэта вельмі хвалюючы момант, ужо цяпер за месяц да адпраўкі разумею, што будзе цяжка перажыць гэты час. Надоўга ніколі з сынам не развітваліся. Так, былі гады вучобы ў Гродзенскім медкаледжы, але ж Андрэй часта прыязджаў дамоў. Аднак, вельмі важна, каб кожны малады чалавек на сваім вопыце навучыўся і зразумеў, як гэта – служыць Радзіме! Армія – выдатная школа, дзе вучаць не толькі вайсковай службе, але і загартоўваюць характар, дысцыплінуюць, многія знаходзяць сапраўдных сяброў. Хачу, каб сын служыў недалёка ад дому, хаця цяпер добра – вайсковыя часці знаходзяцца ў межах Беларусі, так што, лічы, паўсюдна дом. Спадзяёмся, што сыну пашчасціць з камандзірамі і саслужыўцамі. У загартоўцы Андрэя не сумняваемся – ён заўжды займаўся спортам, любіць гуляць у футбол. Ды і работа загартоўвае, без вытрымкі ў ёй ніяк: працуе фельчарам на станцыі хуткай дапамогі ў Баранавічах. Дарэчы, муж пасля службы ў арміі яшчэ на працягу пяці гадоў быў на кантрактнай службе ў адной з вайсковых часцей у Баранавічах. Малодшы 14-гадовы сын Іван, думаю, таксама пойдзе па слядах бацькі і старэйшага брата, бо служыць Радзіме – гэта важна для кожнага сапраўднага мужчыны. У сваіх сынах мы з мужам упэўнены, яны не падвядуць. Як і ўпэўнены ў тым:
у якую б вайсковую часць не трапіў сын, там будуць дастойныя ўмовы для маладога армейскага папаўнення.

Гутарыла  Галіна КАНЬКО.