Святло «зялёнай» эканоміцы і развіццю турызму. На Ляхавіччыне працавалі інфармацыйна-прапагандысцкія групы

Штомесяц адзін з чацвяргоў па традыцыі становіцца інфармацыйным. 19 мая на Ляхавіччыне працавалі інфармацыйна-прапагандысцкія групы. Адна з іх пад кіраўніцтвам старшыні раённага Света дэпутатаў Юрыя Чаранкевіча сустрэлася з калектывам  ААТ «Шлях новы».
Абмяркоўваліся важныя і актуальныя тэмы: «Развіццё «зялёнай» эканомікі ў Брэсцкай вобласці», «Культурная і прыродная спадчына Беларусі як фактар развіцця турызму».

Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна падкрэсліў, што ўстойлівае развіццё эканомікі рэгіёна сення немагчыма ўявіць без беражлівых адносін да экасістэмы, а «зялёная» эканоміка з’яўляецца новым падыходам да арганізацыі жыцця, вытворчасці і эканамічнай дзейнасці, магчымасцю ў дынамічным сацыяльна-эканамічным развіцці захаваць спрыяльнае навакольнае асяроддзе. Сярод прыкладаў негатыўных наступстваў ад уздзеяння на прыроду –змяненне клімату, развіццё новых захворванняў у людзей, больш цяжкае цячэнне хвароб, з якімі чалавецтва сустракаецца не адно дзесяцігоддзе. Па словах Юрыя Чаранкевіча, адной з прыярытэтных задач па зніжэнні шкоднага ўздзеяння на прыроду з’яўляецца шырокае ўкараненне ў вытворчасць энерга- і рэсурсазберагальных тэхналогій, зніжэнне матэрыяла- і энергаёмістасці выпускаемай прадукцыі.
У Брэсцкай вобласці (Ляхавіччына не выключэнне) актыў-
на распаўсюджваецца сістэма паасобнага збору цвёрдых бытавых адходаў. Яшчэ адзін важны штрых «зялёнай» эканомікі – стварэнне буйных прадпрыемстваў для перапрацоўкі другасных адходаў і далейшага іх выкарыстання ў якасці сыравіны для іншых вытворчасцей. Гэта толькі частка зробленага, каб зменшыць шкоднае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе.
Жыхары Ляхавіцкага раёна, як адзначыў Юрый Чаранкевіч, актыўна далучаюцца да добрых спраў на карысць прыроды. Так, сёлета гараджане і вяскоўцы актыўна далучыліся да агульнарэспубліканскага тыдня лесу – высаджвалі дрэвы на тэрыторыі Крывошынскага лясніцтва, у іншых месцах.
Добраўпарадкавалі паркі, скверы, падведамасныя тэрыторыі падчас месячніка добраўпарадкавання, суботнікаў. Пераход на энергаацяпленне жылых дамоў – крок да эканоміі прыродных рэсурсаў. Дарэчы, летась 74 жыхары раёна сталі ацяпляць свае дамы менавіта з дапамогай электрычнасці, што прадугледжвае пэўную грашовую кампенсацыю ад дзяржавы.
Зацікавіла прысутных і інфармацыя пра развіццё турызму ў Беларусі, і, у прыватнасці, у Ляхавіцкім раёне. Галоўны спецыяліст райвыканкама Таццяна Шчука пазнаёміла з турыстычнай спадчынай, спынілася на раённым комплексе мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржаўнай праграмы «Беларусь гасцінная».
У аснове згаданага – пашырэнне турыстычнай прывабнасці нашага краю, фарміраванне і развіццё сучаснага канкурэнтаздольнага турыстычнага комплексу, адпаведна, і павелічэнне ўкладу турызму ў развіццё эканомікі рэгіёна. Адной з вызначальных умоў пры выбары маршруту для падарожнікаў з’яўляюцца ўмовы пражывання. Што прапануе Ляхавіцкі раён? Таццяна Шчука расказала, што ў нас дзейнічаюць сем аграсядзіб, шырокі спектр такога кшталту паслуг прадастаўляюць гасці-
ніца «Эдэльвейс» КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», у СДЮШАР маюцца гасцінічныя нумары.
Акрамя таго, СДЮШАР прапануе пракат веласіпедаў, зімо-
вага спартыўнага інвентару, спартыўнай залы. Дарэчы,
і «Эдэльвейс», і СДЮШАР працуюць па рэспубліканскім праекце «Карта госця». Ляхавіцкі фізкультурна-спартыўны клуб пастаянна абнаўляецца і распрацоўвае новыя маршруты і экскурсіі па нашым раёне і Беларусі. Пры суправаджэнні экскурсіі можна скарыстацца паслугай атэставанага экскурсавода, якіх на Ляхавіччыне ўжо два. Арганізаваны продаж сувенірнай прадукцыі з сімволікай раёна. Штогод выдаюцца новыя інфармацыйныя буклеты (многія былі раздадзены работнікам «Шляху новага»), абнаўляюцца турыстычныя банеры, папаўняецца інфармацыяй сайт «Спорт і турызм Ляхавіцкага раёна».
Сярод перспектыўных для далейшага развіцця турызму ў раёне Таццяна Шчука назвала наступныя віды: культурна-асветніцкі, рэлігійны, экалагічны, медыцынскі, прамысловы, гастранамічны.
У гэты ж дзень ІПГ працавалі ў Дараўскім ВПК, Конькаўскім сельвыканкаме.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.