Назіраць уплывова

У нашым раёне пры сельвыканкамах дзейнічае 8назіральных камісій, якія распрацоўваюць і ажыццяўляюць мерапрыемствы па забеспячэнні пажарнай бяспекі жылых дамоў у населеных пунктах, арганізуюць і праводзяць адпаведныя праверкі, прымаюць меры па ўхіленні выяўленых недахопаў у захаванні правілаў пажарнай бяспекі.

За 3 квартал сёлета камісіі праверылі стан 5401 домаўладання, навучылі мерам пажарнай бяспекі 8624 чалавекі. Найбольш эфектыўныя паказчыкі пажарна-прафілактычнай работы ў жылым фондзе адзначаюцца ў назіральных камісіях Жарабковіцкага, Крывошынскага і Начаўскага сельвыканкамаў.

У раёне распрацавана дакладная схема дзеянняў усіх суб’ектаў прафілактыкі па выкананні задач, накіраваных на выяўленне магчымых крыніц бяспекі, інфармаванне зацікаўленых і арганізацыю кантролю за прывядзеннем аб’ектаў жылога фонду ў пажарабяспечны стан.

Асаблівую ўвагу камісіі ўдзяляюць рабоце з адзінокімі, шматдзетнымі сем’ямі і сем’ямі, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў, сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, асобамі, што злоўжываюць спіртнымі напіткамі. У полі зроку інваліды першай групы, інваліды Вялікай Айчыннай вайны.

У многіх сельсаветах вядзецца актыўная работа па папярэджанні пажараў і гібелі на іх людзей. На тэрыторыі Жарабковіцкага праведзены 4 сельскія сходы грамадзян, мерам пажарнай бяспекі навучана 309 чалавек. У Начаўскім сельсавеце праведзена 6 такіх сходаў, навучана 327 чалавек.

Аднак, пры гэтым сёлета ўзрасла колькасць пажараў на тэрыторыі Крывошынскага, Ганчароўскага, Навасёлкаўскага, Начаўскага і Жарабковіцкага сельсаветаў. Значыць патэнцыял супрацьпажарнай аховы населеных пунктаў выкарыстаны недастаткова.

Назіральныя камісіі прымаюць меры па добраўпарадкаванні пажарных вадаёмаў у населеных пунктах, зносу трухлявых і кінутых пабудоў, выкананню

пажарна-прафілактычных мерапрыемстваў у жылым фондзе. Яны вядуць улік адзінокапражываючых састарэлых, інвалідаў, шматдзетных сем’яў, праводзяць з імі дадатковую тлумачальную работу і аказваюць дапамогу ў рамонце печаў і электраправодкі, ухіленні парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі.

Ірына ТУКАЙ,

спецыяліст РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *