На сваёй зямлі

Немагчыма ўявіць жыццё без мастацтва. Яно дае крылы, раскрывае пачуцці і эмоцыі, натхняе. Майстэрскае валоданне пэндзлем і фарбамі дазваляе бачыць свет яркім і маляўнічым. І зусім неабавязкова нарадзіцца мастаком, каб разумець прыгажосць. Калі пашчасціць сустрэць на сваім шляху творчага педагога, можна навучыцца па-іншаму бачыць прадметы і ўспрымаць з’явы, заглядваць далей лініі гарызонту.

Кацярына Шулякоўская і Вольга Гатоўчыц (на здымку) – таленавітыя настаўніцы мастацкага аддзялення Ляхавіцкай школы мастацтваў, а па сумяшчальніцтве і кіраўнікі Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь дзіцяча-юнацкай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Апалон”. У свой час самі былі выхаванкамі “Апалона”, таму выдатна адчуваюць і разумеюць патрэбы рабят, перад якімі адкрываюць непаўторны свет колераў і фарбаў.

Кожнае дзіця геніяльнае па-свойму, лічаць мастачкі, галоўнае – заўважыць здольнасці і падтрымаць схільнасці.

Маладыя настаўніцы не ідуць па шляху правядзення стандартных заняткаў, а імкнуцца ўнесці ў іх нотку крэатыву і арыгінальнасці. Праз гутаркі, цікавыя гісторыі пра мастакоў і мастацтва, пленэры, сустрэчы і іншыя формы развіваюць яны прагу дзяцей да прыгожага. Расказы пра разнастайныя конкурсы, гістарычныя мясціны выклікаюць у рабят шчыры інтарэс. І нараджаюцца сюжэты і карціны…

Вольга (ці як яе паважліва называюць 22 хлопчыкі і дзяўчынкі Вольга Валер’еўна) у школе мастацтваў ужо не навічок. Мінуў год, як яна ў новым статусе пераступіла парог Ляхавіцкай ДШМ.

– Знаходжуся з дзецьмі – на гадзіннік не гляджу, – заўважае маладая настаўніца. – Прыемна назіраць за хлопчыкамі і дзяўчынкамі, калі яны ствараюць…

Малявала Вольга з першага класа. Дзіцячае захапленне стала прафесіяй педагога-мастака, якую атрымала некалькі гадоў назад у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна. Так, калі вельмі жадаеш, збываюцца мары.

У Кацярыны Шулякоўскай працоўныя будні пачаліся паўгода назад.  Як у кожнага маладога спецыяліста, адразу былі пэўныя перажыванні, але калектыў ДШМ прыняў сваю выпускніцу і новага настаўніка цёпла і добразычліва – і страху як не бывала. Яна штодзень з радасцю спяшаецца на работу і вучыцца разам са сваімі 13 дапытлівымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Не стамляецца прыдумваць для іх нешта цікавае і новае, каб падарожжа ў дзівосную краіну выяўленчага мастацтва было займальным. Захапляецца фатаграфіяй. Удалы кадр пераносіць на палатно і назірае, як ён зайграе ў фарбах.  Галоўнае, лічыць, мець уласны погляд на жыццё – у мастацтве гэта важная акалічнасць.

Вакол гэтых таленавітых настаўнікаў заўсёды дзеці. Маляванне для іх не проста работа, а занятак для душы. За гонар Кацярына з Вольгай палічылі прапанову ўзначаліць “Апалон”. На дваіх у студыі ў мастачак 31 вучань. Самай малодшай выхаванцы – 5 гадоў, ёсць і тыя, хто рыхтуецца тут да паступлення ў творчыя навучальныя ўстановы. Стараюцца настаўніцы і са студыйнай атмасферай – асаблівай і непаўторнай. Рабятам тут цікава, утульна і камфортна.

Маладыя мастачкі толькі пачынаюць выводзіць свой творчы аўтограф. У планах удзел у шматлікіх конкурсах. Вынікі міжнароднага – “На сваёй зямлі” – чакаюць з дня на дзень. Энергічныя і актыўныя, яны запальваюць сэрцы рабят задумамі і фантануюць ідэямі. І гэта, хочацца верыць, прынясе свой плён.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

На сваёй зямлі: 1 комментарий

  • 05/03/2016 в 09:53
    Permalink

    «Аполон» для многих ребят нашего района стал стартом в творческую , увлекательную жизнь, помог найти себя. Молодым учителям вдохновения и успехов.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *