Падпаліў… чалавека
Сустрэча мужчын-пенсіянераў у Тухавічах праходзіла па звыклым сцэнарыі: сабраліся, выпілі спіртнога, закусілі, і гамонка палілася ракой. Слова за слова — і звычайная размова перарасла ў спрэчку. 68-гадовы “гасцінны” гаспадар дома не знайшоў лепшага аргумента, каб даказаць сваю правату, чым… агонь: ён абліў госця бензінам і падпаліў яго. Пацярпелы выскачыў з гаража і пачаў тушыць сябе сам. Яго з апёкамі даставілі ў бальніцу. У адносінах падпальшчыка ўзбуджана крымінальная справа.
Рэжуць і рэжуцца
Позна вечарам 7 ліпеня на лячэнне ў райбальніцу дастаўлена ў стане алкагольнага ап’янення 32-гадовая свяцічанка, якая спрабавала звесці рахункі з жыццём, парэзаўшы рукі.
Праз 2 дні медыцынская дапамога спатрэбілася і ляхавічаніну 1949 года нараджэння. Яго падчас высвятлення адносін параніла вяскоўка з Сакуноў.
Крымінальная «пазыка»
З заявай у РАУС звярнуўся пенсіянер з Куршынавіч, які паведаміў, што днём, літаральна за 30 хвілін, нехта ўзламаў уваходныя дзверы яго хаты і ўкраў 670 тысяч рублёў. Супрацоўнікі міліцыі спрацавалі аператыўна і знайшлі злодзея. Ім аказаўся аднавясковец пацярпелага.
Аўсянка падвяла…
У панядзелак раніцай машыны аварыйна-выратавальных служб імчалі па райцэнтры на вуліцу Ле-ніна да дома №37, дзе ў адной з кватэр спрацаваў аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Як высветлілася, гаспадар кватэры, які жыве адзін, паставіў на ўключаную газавую пліту варыць аўсянку, а сам лёг у суседнім пакоі і заснуў. На задымленне ў кватэры адрэагаваў АПА, суседзі пачулі яго гук і выклікалі выратавальнікаў. Мужчыну вывелі на свежае паветра, медыцынская дапамога яму не спатрэ-білася.
Гараць, але не кастры
Днём 8 ліпеня на пульт адзінай дыспетчарскай службы паступіла паведамленне аб узгаранні даху пабудовы каля фермы ў вёсцы Вялікае Гарадзішча. А ноччу 9 ліпеня загарэўся кормазапарнік на ферме ў Малым Гарадзішчы. Прычыны пажараў вы-святляюцца.
Па словах начальніка дзяржпажнагляду РАНС Сяргея Сімаковіча, значных матэрыяльных страт удалося пазбегнуць, дзякуючы своечасовым і аператыўным дзеянням выратавальнікаў. Але ён адзначыў, што адным з фактараў узнікнення гэтых пажараў з’яўляецца парушэнне правіл тэхнікі бяспекі і невыкананне службовымі асобамі прадпісанняў пажарнай службы па ўхіленні выяўленых парушэнняў.
За аператыўнымі зводкамі РАУС і РАНС сачыла Галіна ЗАРЭЧНАЯ