З біяграфіі земляка

Міхаіл Мікалаевіч Пташук нарадзіўся 28 студзеня 1943 года ў вёсцы Федзюкі Ляхавіцкага раёна. Беларускі кінарэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР, народны артыст Беларусі, лаўрэат  Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР (1982). Закончыў рэжысёрскі факультэт Маскоўскага тэатральнага вучылішча імя Шчукіна (1967), Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў (1973). Працаваў у тэатрах Масквы, Крыма, на кінастудыі «Беларусьфільм». Літаральна за дзень да гібелі Пташук вярнуўся з Амерыкі, дзе працаваў два месяцы. Вярнуўся акрыленым і шчаслівым. Перад ад’ездам яму сказалі: «Пташук, ты будзеш працаваць у Галівудзе.  Хутчэй вяртайся!».

…28 красавіка 2002 года ў Маскве аўтамабіль, у якім ехаў Міхаіл Мікалаевіч, трапіў у аварыю. Даты  нараджэння і смерці супалі — 28-ы дзень месяца.

“Лясныя арэлі» (1975),  «Час выбраў нас» — 5 серый (1978), «Вазьму твой боль» (1980), «Чорны замак Альшанскі» — 2 серыі (1984), «Знак бяды» (1986), «Наш браняпоезд» — 2 серыі (1988), «Кааператыў «Палітбюро» (1992), «Гульня ўяўлення» (1995), «Макбет» (1995), «У жніўні 44-га…» (2000), «Песня Розы» (2001)… Гэтыя мастацкія стужкі ва ўсіх на слыху. Ад моманту выхаду на вялікі экран ім быў наканаваны поспех, а рэжысёру — аднаму на ўсе названыя шэдэўры — прыхільнасць гледачоў і самая высокая адзнака журы самых прэстыжных кіна-фестываляў. І ўсё гэта ёсць творчасць, талент, найвялікшая праца і прафесіяналізм Міхаіла Пташука. Сусветнавядомы рэжысёр, ён наш, ляхавіцкі. Лаўрэатам якіх толькі прэмій  ні стаў: прэміі Ле-нінскага камсамола, Дзяржаўнай прэміі БССР, браў гран-пры «Статуя свабоды»,  міжнародных кінафестываляў у Стакгольме і «Залаты Віцязь», прыз  «Залаты Галілей» на МКФ у Карлавых Варах, «Панарама» ў Берліне, «Хрустальны бусел» за лепшую рэжысуру на нацыянальным кінафестывалі ў Брэсце, прыз міжнароднага кінафестывалю «Кінатаўр» у Сочы і іншыя, іншыя, іншыя. Усе проста немагчыма пералічыць, таму што не толькі рэжысура пташукоўскіх фільмаў, але майстэрства артыстаў, занятых у іх, адзначана самымі прэстыжнымі прэміямі і прызамі.

З яго імем звязана цэлая эпоха ў беларускім кіно. Міхаіл Пташук экранізаваў творы Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна. Яго шчымлівая любоў да Радзімы ўвасобілася ў справу жыцця. Беларускіх пісьменнікаў рэжысёр-беларус адчуў і розумам, і  сэрцам. Калі ўбачыце ў тэлевізійнай праграме анонс яго фільма, падарыце сабе сустрэчу з сапраўдным мастацтвам і з нашым славутым земляком, які, хаця і за кадрам, усё ж — у кожным кадры.

У дзясятку лепшых рэжысёраў Еўропы Міхаіл Пташук увайшоў пасля «Знака бяды». А «У жніўні 44-га…» стаў адным з лепшых кінатвораў на ваенна-патрыятычную тэматыку. «Я вырас сярод слёз. Мне і сёння здаецца, што вочы мае бачылі толькі слёзы, а вушы чулі толькі плач. Я бачыў і чуў іх у кожнай хаце: плакалі бабы, якія засталіся ўдовамі пасля вайны, плакалі дзеці, якія сталі сіротамі, плакалі бацькі, якія страцілі дзяцей.

У Федзюках не было дома без сірот. Такім домам быў і наш, які стаяў у цэнтры вёскі, тварам да Палесся, дзе за Шчараю-ракою пачыналася вечная багна…» — гэтымі словамі пачаў сваю споведзь. Яна пад назвай «І плач, і слёзы…» увайшла ў выдатнае выданне «Міхаіл Пташук», якое выпушчана ў Мінску ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў 2004 годзе. Гэтыя словы ў пэўнай меры тлумачаць, адкуль у Міхаіла Пташука такое трапяткое стаўленне і такое тонкае бачанне тэмы Вялікай Айчыннай. Той, хто прачытаў споведзь кінарэжысёра, убачыць і найвялікшую пяшчоту Пташука-сына, Пташука-мужа, Пташука-бацькі. Мусіць, такія людзі, каго Бог памеціў, надзяліў талентам, усё робяць не ў напаўнакалу, а на тысячу ват…

І не так важна, якой безлічы самых высокіх адзнак удастоены і рэжысёр, і фільм, колькі гэтае пташукоўскае бачанне самой гісторыі ў асобах канкрэтных лёсаў.

Дарэчы, яго дэбютам  у кіно стаў фільм «Пра Віцю, пра Машу і марскую пяхоту», які таксама адзначаны гран-пры Усесаюзнага кінафестывалю маладых кінематаграфістаў. Удалым дэбютам быў нібы  запраграмаваны ўдалы працяг.

А потым здарылася непапраўнае… І апошнія 9 гадоў пра Пташука гаворым у мінулым часе.  Але ён, які так любіў жыццё,які столькі яшчэ меў сказаць лю-дзям, працягвае свой маналог знятымі ім фільмамі. А на радзіме, на Ляхавіччыне, яго імем названа вуліца райцэнтра і летась на ёй, а таксама на доміку ў Фе-дзюках, дзе нарадзіўся і жыў Міхаіл да заканчэння школы, устаноўлены мемарыяльныя шыльды. Дагэтуль немагчыма аб’яднаць два супрацьлеглыя полюсы: жыццялюб Пташук і вось гэтыя, няхай  ганаровыя, але мемарыяльныя  атрыбуты.

…Канец кастрычніка 1994 года. Канец рабочага дня. Пятніца. У кабінеце рэдакцыі адкрываюцца дзверы і ўваходзіць высокі, мажны, з рыжаватай шавялюрай мужчына ў скураной куртцы. У руках ён трымае папяровы пакет, поўны ружова-шчокіх  яблыкаў. Гаворыць, што зямляк, што родам з Федзюкоў, і не паспявае назваць сябе, таму што гэта ўжо не трэба: Міхаіла Пташука не пазнаць немагчыма! А потым быў незабыўны вечар, і мы з калегай, затаіўшы дыханне, слухалі непераўзыдзенага суразмоўцу. І не таму, што гучалі недасягальныя прозвішчы і назвы: Шукшын, Гасцюхін, міжнародны кінафестываль, «Залаты віцязь», «Ніка», гран-пры, а таму, што ён выпраменьваў жыццё, святло і шчырасць. І расказваў, расказваў, расказваў. Пра вёску, пра дзяцінства, пра любімую маму, пра тое, як упершыню ўбачыў кіно, як «захварэў» ім. Назвай інтэрв’ю з Міхаілам Пташуком, якое з’явілася ў «Ляхавіцкім весніку» пасля гэтай сустрэчы, сталі ягоныя словы: «Мы вучыліся ўсё жыццё, але нічога не ведаем пра сябе. Мы абавязаны ведаць сваю гісторыю».  Давайце прагартаем гэтую публікацыю. Спачатку рэжысёр гаварыў пра фільм «Кааператыў «Палітбюро».

— Гэты фільм я зняў два гады таму. Думаю, што назва стужкі гаворыць сама за сябе. Сцэнарый напісаў вядомы гледачам па фільму «Раманс пра закаханых» Яўгеній Грыгор’еў. Беларускія аматары кіно яшчэ не мелі магчымасці пазнаёміцца з «Кааператывам «Палітбюро». Я ж гатовы прывезці яго на радзіму, на Ляхавіччыну, і арга-нізаваць тут прагляд. Тым больш, што для мяне вельмі важная ацэнка маіх землякоў, іх меркаванне пра фільм.

— Гэта вельмі прыемна, асабліва, калі ўлічыць самыя прэстыжныя ўзнагароды, атрыманыя вамі. Узяць хоць бы «Знак бяды»…

— У 1987 годзе за «Знак бяды» атрымаў Оскара Бі-Бі-Сі, а потым «Ніку» (яе  тады прысвойвалі ўпершыню) і 5 гран-пры на міжнародных кінафестывалях. Не хачу быць банальным, але ж ніколькі не менш важная для мяне ацэнка маіх гледачоў. Гэта ж з імі я вяду размову, толькі не зусім прывычнай і не ўсім падуладнай мовай — мовай кіно.

— Дарэчы, цікава даведацца, як вы вывучалі гэтую мову, як, наогул, трапілі ў кіно, хто ваш настаўнік?

— О, гэта старая-старая гісторыя, і пачынаецца яна ў дзяцінстве. Калі ў маю родную вёску «прывозілі» кіно, я першым імчаўся за белым палатном для экрана, за што  дазвалялася глядзець фільм бясплатна. Гэта былі самыя шчаслівыя імгненні. Потым да нас прыехаў тэатр, і я глядзеў спектакль. А пасля, помню, нібыта гэта было ўчора, падышоў да акцёраў і сказаў, што тыя не так іграюць. Рэжысёр тэатра згадзіўся і заўважыў: быць табе рэжысёрам. Маленькі вясковы хлапчук і сам яшчэ не ведаў, што зрабіў першы крок да сваёй будучыні. Потым я нават іграў у Баранавіцкім народным тэатры. Але гэта ўсё было прэлюдыяй.

Я паступіў  у ВГІК, паступіў адразу пасля школы. Конкурс там заўсёды быў страшэнны, але ж мне пашанцавала. Ніякай падтрымкі «звонку» ў вясковага беларускага хлопца не было.

Лёс падараваў мне сустрэчу з цудоўным чалавекам,  акцёрам, рэжысёрам і педагогам Васіліем Шукшыным. У яго я праходзіў практыку, і  дыпломную сваю работу здымаў па сцэнарыю Васілія Макаравіча. Называўся сцэнарый «Шлагбаум», а фільм я назваў «На абочыне». Ён пра маленькага хлапчука, які гнаў праз пераезд карову, і там,  ля пераезда, сустрэўся з гараджанамі, што на сваёй бліскучай легкавушцы спыніліся, каб прапусціць цягнік. Два супрацьлеглыя здзіўленні, два светапогляды, два розныя жыцці ў маленькім эпізодзе сустрэчы.

Шукшын неаднойчы гаварыў мне: «Калі мы з табой не раскажам пра вёску, то хто без нас гэта зробіць?» І я заўсёды памятаю гэтыя словы.

Мы вучыліся ўсё жыццё, але нічога не ведаем пра сябе. Мы абавязаны ведаць сваю гісторыю.

— Міхаіл, скажыце некалькі слоў у адрас нашых чытачоў — вашых жа землякоў.

— З гэтай мэтай і завітаў у рэдакцыю. Я атрымліваю з Ляхавіччыны  мноства лістоў. Мне пішуць людзі з рознай нагоды, але заўсёды шчыра і добразычліва. Вашы добрыя словы, вашы віншаванні, ваша высокая адзнака маёй творчасці для мяне вельмі дарагія. Іх не заменяць ніякія ўзнагароды і прызы. Я не маю магчымасці адказаць на кожны ліст асабіста, таму праз газету выказваю сваім карэспандэнтам самую шчырую падзяку і прыхільнасць за ўвагу і любоў. Радасці вам, святла, надзеі на лепшае зычу ад чыстага  сэрца, дарагія мае землякі.

Гэтыя радкі былі надрукаваны ў раёнцы 25 кастрычніка 1994 года. Потым, праз год Міхаіл Пташук  зноў прыязджаў у Ляхавічы — на творчую сустрэчу з землякамі. І зноў мы гаварылі «за жыццё», і як жа была відаць яго шчымлівая любоў да гнязда, з якога адправіўся ў палёт, яго неардынарнасць і адначасова неверагодная шчырасць.

…Глянула на каляндар: 17 снежня мы адзначаем Дзень беларускага кіно. А кіно асабіста для мяне даўно асацыіруецца з Пташуком. Час выбраў яго, нашага Міхаіла Мікалаевіча, які аднойчы і назаўсёды вырашыў: рэжысура. Той маленькі хлопчык з Фе-дзюкоў, чыё жыццё было момантам ісціны, пра ”зоркі” ведаў усё. Таму што сам ён — зорка.

Вольга БАРАДЗІНА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *