Саюзныя перспектывы

Пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы адбылося  19 чэрвеня ў Мінску ў Палацы Незалеж-насці. Парадак дня ўключаў каля дзясятка пунктаў. Сярод іх – праграма ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на 2018-2019 гады, пытанні далейшага развіцця інтэграцыйнага аб’яднання на 2018-2022 гады. Вышэйшы орган Саюзнай дзяржавы таксама разгледзеў пытанні бягучай дзейнасці інтэграцыйнага аб’яднання.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін правялі перагаворы ў вузкім складзе. Яны абмеркавалі стан і перспектывы развіцця двухбаковых адносін, рэалізацыю сумесных праектаў, узаемадзеянне ў інтэграцыйных фарматах і на міжнародных пляцоўках.
Аляксандр Лукашэнка на  пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы засяродзіў увагу на тым, што ў 2017 годзе быў пераадолены працэс зніжэння ўзаемнага тавараабароту і выйшлі на яго рост. «Сёння вельмі важна замацаваць дадатныя тэндэнцыі і забяспечыць далейшае нарошчванне гандлёвых адносін паміж нашымі краінамі. У тым ліку за кошт устаранення ўзаемных бар’ераў, выключэнняў, а таксама стварэння роўнага канкурэнтнага асяроддзя, – сказаў Кіраўнік дзяржавы. – Апошнім часам вырашэнне актуальных пытанняў часта пераводзіцца з аднаго інтэграцыйнага фармату ў іншы. Напрыклад, на пляцоўку Еўразійскага эканамічнага Саюза. Думаю, што нам не трэба гэтага ў далейшым рабіць, таму што мы ў нашым Саюзе можам вырашаць тыя пытанні, якія існуюць. Калі нейкія праблемы перашкаджаюць нашым адносінам, я думаю, што нам іх трэба вырашаць тут і цяпер».
Ён звярнуў увагу на каардынуючую ролю Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што знешнепалітычнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй мае сістэмны і шматпланавы характар. Беларусь і Расія выступаюць з адзіных або блізкіх пазіцый па асноўных праблемах сучаснага свету, падтрымліваюць адна адну ў міжнародных арганізацыях.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што асаблівая тэма ў саюзным будаўніцтве –  гэта абарона інтарэсаў грамадзян абедзвюх краін, і што для іх ужо ў поўнай меры забяспечаны належны ўзровень розных правоў і свабод.
Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што залогам поспеху нашай інтэграцыі застаюцца міжрэгіянальныя сувязі, што гандлёва-эканамічныя адносіны з Беларуссю маюць 80 суб’ектаў Расіі, заключана тры сотні дагавораў аб супрацоўніцтве на ўзроўні рэгіёнаў і муніцыпальных утварэнняў. Сумесныя форумы рэгіёнаў Беларусі і Расіі право-дзяцца з 2014 года, чарговы пройдзе ў кастрычніку гэтага года ў Магілёве.
Аляксандр Лукашэнка аднавіў сваё запрашэнне Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну наведаць гэты форум.
Беларускі лідар адзначыў, што адным з ключавых пунктаў парадку дня ВДС з’яўляецца зацвярджэнне прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач развіцця Саюзнай дзяржавы на наступныя пяць гадоў.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у час пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы пацвердзіў зацікаўленасць Расіі ў развіцці Саюзнай дзяржавы і нарошчванні палітычнай і эканамічнай інтэграцыі з Беларуссю. Уладзімір Пуцін звярнуў увагу, што ў наступным годзе  краіны будуць адзначаць 20-годдзе падпісання дагавора аб стварэнні саюза. За мінулы перыяд шмат чаго ўдалося дабіцца – нарасціць гандлёва-эканамічныя, інвестыцыйныя, навукова-тэхналагічныя, культурныя, гуманітарныя сувязі, а таксама ўмацаваць дагаворна-прававую базу супрацоўніцтва па ўсіх напрамках.
Прэзідэнт Расіі лічыць, што далейшага пашырэння і дыверсіфікацыі патрабуе саюзны гандаль. Ён канстатаваў, што ў мінулым годзе тавараабарот павялічыўся амаль на чвэрць – плюс 23,5 працэнта і дасягнуў $32,4 мільярда. У гэтым годзе таксама назіраецца прырост гандлю паміж Беларуссю і Расіяй.
Адзначана, што важна паляпшаць дзелавы і інвестыцыйны клімат, праводзіць узгодненую фінансавую і крэдытную, падатковую палітыку, прадоўжыць гарманізацыю нарматыўнага рэгулявання, зрабіць дадатковыя крокі для пашырэння прамысловай кааперацыі паміж Беларуссю і Расіяй.
«Для ўстойлівага развіцця нашых краін і павышэння ўзроўню дабрабыту народаў будзе задзейнічаны ўвесь патэнцыял Саюзнай дзяржавы», – сказаў Прэзідэнт Беларусі па выніках праведзеных перагавораў.
«Перакананы, што нам сёння ўдалося надаць значны імпульс далейшаму ўмацаванню брацкага партнёрства Беларусі і Расіі», – заявіў  Аляксандр Лукашэнка.
На пасяджэнні ВДС былі разгледжаны пытанні далейшага пашырэння двухбаковага супрацоўніцтва, развіцця інтэграцыйных працэсаў і нарошчвання ўзаемадзеяння ў эканамічнай сферы.
«Наш праект з’яўляецца ўстойлівай платформай для ўмацавання беларуска-расійскіх адносін. Галоўная мэта застаецца нязменнай – паскарэнне тэмпаў сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх дзяржаў і паляпшэнне жыцця нашых народаў», – заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў мінулым годзе і ў пачатку бягучага года бакі выйшлі на стабільную траекторыю росту ўзаемнага тавараабароту. «Нам неабходна забяспечыць далейшае нарошчванне гандлёвых адносін паміж дзвюма краінамі, у тым ліку за кошт стварэння роўнага канкурэнтнага асяроддзя. І мы гэтай тэме сёння прысвяцілі асноўны наш час», –  сказаў ён.
Адным з ключавых інструментаў дасягнення зафіксаваных у гэтым дакуменце мэт з’яўляецца павышэнне сістэмнага ўзаемадзеяння профільных арганізацый Беларусі і Расіі. Гэта задача ўскладзена на Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы.
«Мы таксама гаварылі аб важнасці каардынацыі работы знешнепалітычных ведамстваў. Нашы краіны прытрымліваюцца адзіных пазіцый па асноўных сусветных праблемах і падтрымліваюць адна адну ў міжнародных арганізацыях. Так будзе заўсёды», – запэўніў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што захоўвае сваю важнасць рэалізацыя Праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на 2018-2019 гады. «Мы і далей будзем каардынаваць падыходы да праблем рэгіянальнай і агульнаеўрапейскай бяспекі, сумеснага процідзеяння новым выклікам і пагрозам», – сказаў ён.
Беларусь і Расія пацвердзілі імкненне знаходзіць кампрамісы ў вырашэнні спрэчных пытанняў.
Адным з важнейшых вектараў супрацоўніцтва ў праграме вызначана актыўнае ўзаемадзеянне ў сферы ўмацавання і развіцця Саюзнай дзяржавы.
Зацверджаны прыярытэтныя напрамкі развіцця Саюзнай дзяржавы на 2018-2022 гады. Прыярытэтнымі напрамкамі і першачарговымі задачамі вызначаны правядзенне ўзгодненай макраэканамічнай, прамысловай, бюджэтнай палітыкі, паглыбленне гандлёва-эканамічных адносін, фарміраванне адзінай прававой прасторы і развіццё інстытуцыянальных асноў Саюзнай дзяржавы.

Па інфармацыі БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *