Сучасныя арыенціры

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 верасня прыняў удзел у саміце СНД, які праходзіў у сталіцы Таджыкістана горадзе Душанбэ.
Кіраўнікі дзяржаў правялі перагаворы ў вузкім і пашыраным фарматах. Яны абмеркавалі пытанні палітычнага ўзаемадзеяння, далейшае развіццё супрацоўніцтва ў культурна-гуманітарных галінах і ў сферы бяспекі. У час пасяджэння таксама разгледжана ўдасканаленне прававога і арганізацыйна-кадравага забеспячэння дзейнасці СНД. Вынікам пасяджэння стала прыняцце  16 рашэнняў і важных палітычных заяў.

Кіраўнік беларускай дзяржавы на саміце заклікаў да адзінства і сумесных дзеянняў унутры СНД на фоне разбурэння існуючай сістэмы міжнароднага гандлю. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што нязменным прыярытэтам членства Беларусі ў СНД застаецца ўмацаванне эканамічнага супрацоўніцтва. Пры гэтым ён адзначыў, што сусветныя рыначныя адносіны ўсё больш страчваюць прыкметы цывілізаванага ўзаемадзеяння паміж краінамі. «Мы бачым, як з падачы Захаду безапеляцыйна, у аднабаковым парадку разбураецца ствараемая дзесяцігоддзямі сістэма міжнароднага гандлю. Выкарыстанне неправавых механізмаў ператвараецца ў норму і ставіць нашы эканомікі ў нестабільнае становішча», – сказаў беларускі лідар.
«Толькі разам мы зможам паспяхова процістаяць гэтым новым выклікам. З аднаго боку, мы павінны аб’яднаць намаганні для сумеснай абароны інтарэсаў на глабальным рынку. З іншага – актывізаваць узаемны гандаль і інвестыцыі, пашыраць прамысловую кааперацыю. У цэлым адказаць кансалідацыяй і павышэннем ролі Садружнасці як рэгіянальнага іграка», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Для адаптацыі Садружнасці да сучасных рэалій прынята рашэнне правесці рэвізію Канцэпцыі далейшага развіцця СНД. Прэзідэнт Беларусі прапанаваў даручыць урадам абнавіць у гэтым дакуменце эканамічны блок. «Ён можа стаць ідэалагічнай асновай для больш поўнага выкарыстання навукова-вытворчага і інвестыцыйнага патэнцыялу ў рамках Садружнасці. Неабходна разумна ўвязаць гэта з распрацоўкай Стратэгіі эканамічнага развіцця СНД на перыяд пасля 2020 года», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, і ў канцэпцыі, і ў стратэгіі трэба замацаваць сучасныя арыенціры, вызначыць агульныя кропкі эканамічнага росту.
Акрамя таго, Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў меркаванне, што ўзаемадзеянне ў фармаце СНД павінна быць сінхранізавана з інтэграцыйнымі працэсамі ў Вялікай Еўразіі, асабліва ў рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, а таксама з Еўразійскім эканамічным саюзам.
У час пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД Аляксандр Лукашэнка запрасіў замежных лідараў наведаць
II Еўрапейскія гульні, якія пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня 2019 года.
Прэзідэнт Беларусі на палях саміту СНД у Душанбэ правёў шэраг двухбаковых сустрэч з замежнымі лідарамі.
У прыватнасці, у аб’ектывы камер трапіла сустрэча з Прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам. Бакі абмеркавалі стан гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, рэалізацыю ранейшых дамоўленасцей і перспектыўныя напрамкі для развіцця ўзаемадзеяння.
Аляксандр Лукашэнка даў кароткае інтэрв’ю прадстаўнікам расійскага тэлебачання на палях саміту. Прэзідэнт Беларусі расказаў, што пытанне бяспекі было цэнтральным на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, асабіста гэты аспект Кіраўнік беларускай дзяржавы абмеркаваў з расійскім лідарам Уладзімірам Пуціным.
Прэзідэнт Беларусі пацвердзіў гатоўнасць беларускага боку прыняць актыўны ўдзел у плане індустрыялізацыі Таджыкістана. Аб гэтым Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў 29 верасня на сустрэчы з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам.
Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон дамовіліся аб паскарэнні рэалізацыі ўсіх ранейшых дамоўленасцей, у першую чаргу тых, што былі дасягнуты ў ходзе афіцыйнага візіту беларускага лідара ў Таджыкістан у маі бягучага года.
Кіраўнікі дзяржаў наведалі сумесную зборачную вытворчасць трактарнай тэхнікі ў горадзе Гісар, дзе асабіста пракантралявалі, як выконваюцца іх даручэнні. Прэзідэнты засталіся задаволеныя ўбачаным і абмеркавалі далейшыя планы па развіцці прамысловай кааперацыі на пляцоўках у Таджыкістане.
Адным з пунктаў двухбаковай праграмы стала наведванне вінаградных гаспадарак «Богі самон» і «Ватан» у Турсунзадэўскім раёне.
Па матэрыялах БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *