Выконваць правілы бяспекі

Зноў прыпякло, ды так, што, здаецца, толькі вада можа выратаваць ад сонечных промняў і гарачыні. Спяшаюцца дарослыя і дзеці да рэк, вадаёмаў, каб акунуцца ў водную прахалоду. На жаль, многія страчваюць асцярожнасць і забываюць пра асноўныя правілы паводзін на вадзе — адсюль і да трагедыі недалёка. Статыстыка сведчыць, што галоўнай прычынай усіх няшчасных выпадкаў з’яўляецца адсутнасць культуры бяспекі. Часцей за ўсё ахвярамі адкрытых вадаёмаў становяцца людзі, якія перад купаннем ужываюць алкагольныя напіткі і, як вынік, неадэкватна і нерэальна ацэньваюць сітуацыю і ўласныя сілы. Асаблівай небяспецы летам у вадзе падвяргаюцца  дзеці. Таму дарослыя абавязкова павінны не толькі суправаджаць дзяцей на рэчку ці возера, растлумачваць правілы паводзін, але і ўважліва сачыць за імі, калі яны купаюцца, бо дапамога можа спатрэбіцца ў любую хвіліну. Па інфармацыі ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама, з пачатку года на Брэстчыне патануў 51 чалавек, у тым ліку 6 дзяцей (ужо ў ліпені на Ляхавіччыне патанулі мужчына і жанчына). У асноўным, усе гэтыя выпадкі адбыліся на вадаёмах, дзе адсутнічаюць спецыяльна абсталяваныя месцы для купання ці ўвогуле ў забароненых месцах.

Сёлета супрацоўнікамі міліцыі сумесна з прадстаўнікамі таварыства ратавання на водах на вадаёмах Брэстчыны выяўлена 133 факты купання ў забароненых месцах. За распіццё спіртных напіткаў у месцах масавага адпачынку грамадзян, у тым ліку і ля вады, складзена 658 адміністрацыйных пратаколаў, затрыманы 484 п’яныя.

Адна з праблем падчас плавання — адсутнасць пачуцця меры, многія забываюць, што доўгае знаходжанне ў вадзе прыводзіць да пераахаладжэння арганізма. Таму, калі пры купанні адчуеце дрыжыкі ў целе, не адкладваючы на потым, выходзьце на бераг і зрабіце кароткую, але энергічную прабежку. Увогуле працягласць купання залежыць ад тэмпературы паветра і вады, сілы ветру. Не нырайце ў ваду з разбегу, наадварот — заходзьце ў яе паступова, даючы магчымасць целу прывыкнуць да перападу тэмператур і пазбегнуць спазмаў крывяносных сасудаў. Даволі частая з’ява  сутаргі, да яе праяўлення трэба заўжды быць гатовымі. Калі адчулі, што звяло нагу, не панікуйце і не губляйцеся: зрабіце глыбокі ўдых і апусціцеся пад ваду з галавой. Моцна захапіце рукой вялікі палец і пацягніце ступню да сябе, пакуль нага не выпраміцца поўнасцю. Таксама пры сутаргах дапамагае ўколванне любым вострым  прадметам. Небяспечна скакаць ці ныраць у ваду ў невядомых месцах — можна стукнуцца галавой аб грунт ці корч, зламаць шыйныя пазванкі, страціць прытомнасць і загінуць. І памятайце: купацца трэба толькі ў спецыяльна абсталяваных месцах. Толькі выконваючы ўсе меры перасцярогі, вы зробіце свой адпачынак бяспечным, запамінальным і карысным.

Уладзімір РАДЧАНКА,

намеснік начальніка РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *