На паліцу запрашаюцца вітаміны

Адназначна, сёлетнія вясна і пачатак лета не падобны на многія папярэднія. І справа не толькі ў наступствах каварнага каранавіруса. Сваё слова сказала і прырода, дакладней, надвор’е, якое перавярнула ўсё з ног на галаву: зіма была больш падобна на цёплую восень, а ў маі праскоквалі ноткі студзеня. І не дзіўна, што ласавацца свежасарванымі радыскай, агуркамі, клубніцамі мы сталі куды пазней, ды і кошт, мякка кажучы, кусаецца і б’е па сямейным бюджэце. Таму кожны, хто жадае лічыць уласныя грошы, шукае не толькі, дзе купіць якасны прадукт, але і танны.

«ЛВ» вырашыў пацікавіцца, як, дзе і па якім кошце ў нашым райцэнтры можна набыць прыродныя вітаміны – ягады, агародніну, зяленіва, садавіну.
Калі спытаць прахожых, куды яны пойдуць за такой карыснай смакатой (пакуль свая не вырасла на агародзе, дачы ці ў садзе), многія адкажуць: безумоўна, на рынак. У райцэнтры такое месца адно – на вуліцы Леніна (не лічачы афіцыйнае месца для вулічнага гандлю каля магазіна «Еўраопт» і несанкцыянаванае – каля магазіна «Усходні»).


Пачынаем вітамінны агляд менавіта з гарадскога рынку. Каторы год запар райпо высока падняло планку па забяспечанасці насельніцтва сезоннай (і не толькі) прадукцыяй і трывала яе ўтрымлівае. Вось і цяпер на перадрыначнай плошчы – адразу два такога кшталту павільёны. Аднымі з першых менавіта ў райпоўскім продажы з’явіліся сёлетняга ўраджаю кабачкі, баклажаны, памідоры, агуркі, капуста, клубніцы, цыбуля. Прадавец аднаго з іх ветліва адказала на пытанні наконт смаку, месца вырошчвання памідораў.
– Геаграфія нашых закупак шырокая. Гэта агракамбінат «Ждановічы», адкуль наладзілі пастаўку памідораў і агуркоў. ААТ «Бярэсце» шчодра дзеліцца салатай, базілікам, пятрушкай і іншым зяленівам. Нашы нарыхтоўшчыкі (падчас сезона працуе каля 10 чалавек) прывозяць агуркі са Століншчыны, а вось клубніцы закуплялі ў Драгічынскім раёне. Так званыя імпартныя тавары – цытрусавыя, ківі, вінаград – бяром на «Белкаапзнешгандлі» –
адной са структур «Белспажыўкааперацыі». Каб поўнасцю задаволіць попыт пакупнікоў, не ствараць чэргаў, паставілі дзве палаткі. І такое новаўвядзенне сябе апраўдвае, – дзеліцца намеснік старшыні праўлення мясцовага райпо Уладзімір Шырэй.
З апетытам пакупнікі паглядаюць на сакавітыя чырвона-пунсовыя прыгажуні – клубніцы. Але купляе іх далёка не кожны. Прычына зразумелая – кошт. Напэўна, як толькі павялічыцца прапанова, да райпоўскай далучацца садаводы-аматары, то і цана на клубніцы зменшыцца.
– Канешне, хочацца ўдосталь паесці клубніц. Тым больш, што тут прадаецца такая вялікая ягада. Але ж пакуль дарагавата. Вось бяру паўкіло, хачу, каб унучкі паласаваліся. А там глядзі і свая на дачы паспее. Летась у гэты час ужо варэнне варылі, – гаворыць ляхавічанка Марыя Аляксееўна.
А тым часам на падыходзе чарніцы, маліна, не за гарамі яблычны і грыбны сезоны. Як сцвярджае Уладзімір Шырэй, райпо гатова забраць усе ягадна-агароднінна-грыбныя лішкі ў гаспадароў-прыватнікаў і фермерскіх гаспадарак, як, напрыклад, закупляе яблыкі ў фермерскай гаспадаркі «Уладзімір плюс». Галоўнае – была б прапанова.
Прыватных палатак на рынку і плошчы каля яго некалькі. Асартымент там таксама ўнушальны, цэны прыкладна аднолькавыя. Землякі з задавальненнем набываюць не толькі паўднёвых «гасцей»: апельсіны, лімоны, вінаград, бананы, ківі. Доб-рым попытам карыстаюцца маладая бульба, агуркі, памідоры, цыбуля.
– Прыйшла спецыяльна за маладой бульбай. Вельмі ж захацелася – вячэра для сям’і будзе каларытная: вараная бульба, пасыпаная зялёнай цыбулькай, купіла тут жа, на рынку, сялёдачка і свае марынаваныя грыбочкі. Кошт лічу прымальным, вырасціць бульбу нялёгка, а з мамінага агарода яшчэ доўга чакаць, – разважае маладая жанчына, якая купляла два кілаграмы другога хлеба па 2,20 рубля за кожны.
Не рынкам адзіным абмяжоўваецца райпо ў гандлі садавіной і агароднінай. Набыць усё гэта можна і ў павільёне каля магазіна «Мясная лаўка». У продажы – мяса птушкі, свініна, ялавічына. У магазіне «Родны кут» па адрасе Леніна, 28
таксама раскінуліся па-ліцы з запатрабаванымі ў пакупнікоў памідорамі, агуркамі, цыбуляй і г. д. Гандаль ідзе. Па словах Уладзіміра Шырэя, вышэйпералічанае можна купіць ва ўсіх кропках гандлю харчовымі таварамі райпо як у горадзе, так і сельскай мясцовасці.
Цяпер адносна прыватных крамаў. Кожная з іх, што клапоціцца пра сваіх пакупнікоў, стараецца як мага больш пашырыць і разнастаіць садова-агароднінную прапанову. Напэўна, самым багатым асартыментам могуць пахваліцца магазіны «Усходні», «Еўраопт» і «Верас». А справа кожнага з нас – выбіраць што, дзе, па чым і колькі набываць.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.