Гасцінны край гасцінных людзей

Адзін са 118 раёнаў Беларусі – Ляхавіцкі, адзін са 111 беларускіх гарадоў – Ляхавічы. І ў пяцізначным ліку сельскіх населеных пунктаў рэспублікі – каля 120 з ляхавіцкім адрасам.

Сціплы па памерах (1353 квадратныя кіламетры – каля 0,6 працэнта тэрыторыі краіны), не самы густанаселены (па афіцыйных даных, на пачатак 2018 года тут пражывае 25420 чалавек – кадя 0,3 працэнта насельніцтва рэспублікі), ён жыве жыццём насычаным, стваральных, адухоўлівае рэчаіснасць прыгожымі справамі, клапоціцца пра будучыню, шануе гісторыю.

Эпілог да кнігі «Памяць. Ляхавіцкі раён», выдадзенай у 1989 годзе, – шчымлівыя радкі пісьменніка Алеся Бадака пра малую радзіму і землякоў-ляхавічан, якія чуеш і прымаеш сэрцам. Іх заўсёды хочацца прыгадваць: і калі любуешся на мясцовыя пейзажы, і калі сустракаеш добрых знаёмцаў і зусім незнаёмых людзей, і калі райцэнтр, як зараз, урачыста прымярае святочнае ўбранне. І, канешне, калі ўсе мы рыхтуемся да чарговага Дня беларускага пісьменства.

«Разумею: на свеце гэтулькі дарог, а чалавечае жыццё кароткае – паўсюль не патрапіш, усё не перагледзіш. Хоць недзе ў глыбіні душы часам і заварушыцца пачуццё… не, не віны, а шкадавання, што надта мала вандраваў па сваёй Радзіме, што ведаеш пра гісторыю і сучаснаць больш па газетах ды па кніжках.
Разумею, усё разумею: жыццё наша спешнае – праляціць і не паспееш азірнуцца, задумацца, разабрацца…
Вельмі шкада, што ты ні разу не пабываў у гэтым ціхім куточку беларускай зямлі. А ты абавязкова палюбіў бы яго. Палюбіў бы задумлівы гарадок з нягучнаю назваю Ляхавічы. Палюбіў бы сціплыя, мудрыя вёсачкі з тутэйшымі шчодрымі і працавітымі людзьмі. Бо шчодрасць і працавітасць на гэтай зямлі перадаюцца ў спадчыну з пакалення ў пакаленне.
І так, напэўна, было заўсёды.
І вельмі хочацца верыць, што так будзе і надалей, пакуль не перавядзецца апошні род маіх гасцінных і шчырых землякоў.
Ты палюбіў бы іх. Палюбіў бы маленькую вясёлую рачулку Ведзьму і надоўга захаваў бы ў душы непаўторнасць сур’ёзнае, таямнічае Шчары.
Разумею: на свеце гэтулькі дарог, а чалавечае жыццё зусім кароткае – паўсюль не патрапіш, усё не перагледзіш…
І ўсё ж мне вельмі шкада, калі ты ні разу не пабываў у гэтым ціхім куточку беларускай зямлі. А ты абавязкова палюбіў бы яго, дарагі чытач…».
Алесь Бадак.

А гісторыя Ляхавіцкай зямлі багацейшая. Пакуль віртуальны (хацелася б, каб ён стаў рэальным) турыстычны маршрут поўны адкрыццяў і ўражанняў для тых, каго цікавіць і сёння, і ўчора, і пазаўчора.

Асобную старонку ў гісторыі раёна займае Флер’яноўскі палацава-паркавы ансамбль. Некалі фальварак належаў Яну Бохвіцу – сыну знакамітага філосафа і пісьменніка Фларыяна Бохвіца. Пасля быў ператвораны ў пансіянат, які наведвалі вядомыя людзі — польская пісьменніца Эліза Ажэшка — добрая знаёмая Тадэвуша Бохвіца.

Сёння пра таленавітую пісьменніцу нагадвае стары дуб, пасаджаны ёй y 1909 годзе.

1742 годзе ў радавым маёнтку Грушаўка нарадзіўся і жыў самы знакаміты з роду Рэйтанаў – Тадэўш. У 1773 годзе на сейме ён выступіў супраць раздзелу Рэчы Паспалітай. Калі яго не падтрымалі, Тадэўш упаў на парог і вымавіў: “Забіце мяне, але не забівайце радзіму”.

Капліца ў Грушаўцы

Савейкаўскі палацава-паркавы ансамбль вядомы сваёй даўняй, багатай гісторыяй. Некалі тут была сядзіба Навіцкіх, якая ўключала ў сябе сядзібны дом, бровар, свіран, флігель і шыкоўны парк. У час Вялікай Айчыннай вайны дом быў пашкоджаны, але ўжо ў 1950-я гады адноўлены і прыстасаваны пад санаторый

Упершыню пра Рэпіхава ўспамінаецца ў 1481 годзе. Рэпіхава – прыгожы куточак прыроды. Усяго ў парку налічваецца больш як 50 відаў дрэў, з якіх 20 – экзатычныя. Тут прайшлі дзіцячыя гады Яна Чачота, беларускага і польскага паэта, фалькларыста. З Рэпіхава звязаны Крывошынская царква, пачатак Агінскага канала і прысвяціцкія раскопкі з прывітаннем з часоў мезаліту.

Падзівімся на патапавіцкія валуны з выявамі лічбы 1683, якія, магчыма, сведчаць пра ўдзел землякоў у разгроме туркаў пад Венай. У памяць загінуўшых, мяркуецца, і былі пастаўлены гэтыя каменныя гіганты з выявамі крыжа і датай гібелі.

 

Завітаем у вёску Свяціца…

«Вёска Свяціца – сапраўдная некаранаваная сталіца пачатку беларускага Палесся, багатая і шчодрая. Вакол яе – казачнай прыгажосці балоты і векапомныя лясы. Тут Шчара забірае сінь з нябёс ці нябёсы аддаюць ёй сваю непаўторную фарбу, не разбярэш… Тысячагоддзі адны і тыя сузор’і ноччу глядзяцца ў чысцюткую ваду. Месца гэта было абжытым як мінімум з часоў мезаліту. Параўнальна нядаўна археолагі-навукоўцы рабілі тут раскопкі – шмат чаго знайшлі: каменныя прылады, сляды старадаўніх вогнішчаў. Пра што маўчаць гэтыя артэфакты, дадумваць можна бясконца. Відавочна адно: людзі ўлюбілі гэтыя мясціны з глыбокай старадаўнасці. А археолагі трапілі сюды на раскопкі з нагоды: у пары кіламетраў адсюль пачынаецца славуты Агінскі канал, які злучае Шчару з Прыпяццю. Што датычыць Агінскага канала, які пачынаў будавацца ў другой палове ХVIII стагоддзя па ініцыятыве і на сродкі магната Міхаіла Казіміра Агінскага, то менавіта на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна знаходзіцца яго дзясяты шлюз, узведзены на пачатку мінулага стагоддзя. Хто з цікаўных і нераўнадушных адмовіцца пабачыць усё гэта?!» ( Вольга БАРАДЗІНА «А світанкі тут ціхія», «ЛВ» № 30 ад 21 красавіка 2018 г.)

Падчас археалагічных раскопак тут былі знойдзены тысячы розных прадметаў, што ўяўляюць гістарычную каштоўнасць.

Л. Л. А вы?

Каб любіць – трэба ведаць, каб ведаць – трэба вывучаць, каб вывучаць – трэба зацікавіцца. Гэта як мінімум.

Наш гарадок утульна  размясціўся па абодва бакі рачулкі з экзатычнай назвай Ведзьма. Арыгінальны, аднак, тапонім – ваша імя ўласнае, пані Ведзьма! Абуджае фантазію, падштурхоўвае ўяўленне, нашэптвае паданні, падказвае здагадкі …
Першае ўзгадванне пра мястэчка Ляхавічы датуецца 1492 годам, і менавіта ад яго сёння мы лічым узрост нашага гарадка. Але гэта зусім не азначае, што раней тут нічога не было. Хутчэй за ўсё было і нават вельмі. За таўшчынёй стагоддзяў, за многімі пакаленнямі, за колішнімі завядзёнкамі штосьці знікла ў далёкім вымярэнні, штосьці прыхавана ў глыбіні часу, штосьці злёгку прыпудрана ягоным фірменным рэчывам, якое здольна рабіць нябачнымі цэлыя фрагменты мінулага, тым больш калі мінулае – далёкае. У лабірынтах памяці столькі белых плям…
У блізкім па адлегласці ад нас Капылі адну белую пляму пару гадоў назад ярка зафарбавалі, і горад пасталеў адразу на 268 гадоў. Аказалася, што яму не пад 750, а за 1010! Як здолелі «адкрыць Капыль»? А шукаць трэба (прашу не блытаць: не ашукаць, а менавіта шукаць). Давайце пашукаем і мы.
Адзін нераўнадушны зямляк адправіў у Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі такі ліст: «У статутнай грамаце Тураўскай епархіі 6513 года (1005/1006 г.г.) гаворыцца, што па ўказанні кіеўскага князя Уладзіміра ў Тураве была арганізавана епіскапія: «…И придал к неи городы и погосты в послушание и священие и благословение держать собе Туровскои епископии; Пинск, Новгород, Городен, Слоним, Берестеи, Волковыск, Здитов, Небле, Степан, Дубровица, Высочна, Слуцк, Копыл, Ляхов, Городен, Смедянь…». У прыведзенай вытрымцы мяне цікавіць упамянуты ў грамаце Ляхаў. Ці не з’яўляецца ён пачаткам цяперашняга горада Ляхавічы? Узгаданыя там жа Слуцк, Капыль знаходзяцца на параўнальна невялікай адлегласці ад яго».
Такая вось гісторыя з гісторыяй. Магчыма – фантазія, домысел, невыключана – што «фірменнае рэчыва» часу не непаддымным слоем засыпала агучаны факт. Будзем чакаць адказу і шукаць далей, глыбей, настойлівей. Калі знойдзем, то Ляхавічы нашы пасталеюць амаль на паўтысячы – на 486 гадоў! Але нават і сёння ў свае 526 яны хаваюць у асабістай гісторыі безліч загадак і тайнаў. У абласным краязнаўчым музеі ў Брэсце сярод экспанатаў – макет славутай Ляхавіцкай фартэцыі, адной з самых магутных і непрыступных. Чаму б не паўтарыць яго ў большым, чым музейны варыянт, маштабе і не ўладкаваць на месца, дзе калісьці стаяла сапраўдная? Я не пра архітэктурнае збудаванне, на якое патрабуюцца вялікія сродкі, а на плод сумеснай працы гісторыкаў-мастакоў-умельцаў-зрэшты, гурткоўцаў. Мяркую, што гэта было б эфектна, прывабна, чароўна: на адным беразе Ведзьмы – крынічка, на другім, побач з памятным знакам на месцы былой фартэцыі – яе макет: знаёмцеся, землякі, дзівіцеся, турысты! Прыязджайце, госці дарагія! Наш адрас на планеце Зямля просты: 53°02, 630′  паўночнай шыраты, 26° 14, 992′ усходняй даўгаты – адным словам, цэнтр Еўропы.
…Іду па гарадскіх вулачках-завулках. Заплюшчваю вочы і ўсё роўна бачу любую дробязь знаёмага пейзажу. Бачу і тыя драўляныя домікі, якія напачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя мясціліся ўздоўж сённяшняй вуліцы Леніна, пакуль не саступілі месца шматпавярховікам. Бачу кнігарню на вуліцы 17 Верасня і непадалёк скульптурную кампазіцыю: жанчына адной рукой трымае дзіця, а на далоні другой – голуба. І ля гарадскога сквера латкі з марожаным і газіроўкай, і танцпляцоўку, адкуль вечарам па выхадных бясконца гучала «Королева красоты». Дарэчы, была ў нас раней і вуліца Замкавая, цяпер толькі завулак носіць гэтую назву.
Люблю свой горад ранейшы і сённяшні люблю. Атаясамляю яго з землякамі, якіх ведаю ці ведала, пра якіх чула, чытала. Атаясамляю яго з чыстай мелодыяй праваслаўных званоў і касцёльнага аргана, з мясцовымі легендамі і паданнямі, з непаўторным каларытам Ляхавіцкага строю, з уласным дзяцінствам і сталеннем, з дарослымі радасцямі, чаканнямі, марамі. Даўным-даўно ў школьным вымярэнні ў нас была папулярнай простая гульня-забава: нехта пісаў першыя літары слоў, іншы адгадваў гэтыя словы. Лягчэй за ўсё расшыфроўвалася Я. Ц. Л. Канешне, і вы зразумелі без цяжкасцяў: я цябе люблю…
Сёння, калі ўспомнілася гэтае даўняе, скарыстаюся ім і напішу: Л. Л. – люблю Ляхавічы.
А вы?
Вольга БАРАДЗІНА.

 

Напалеон Чарноцкі жадаў бы пазнаёміцца…

Нават гэтага невялікага літаратурнага падарожжа дастаткова для таго, каб не сумнявацца: на ляхавіцкай зямлі нараджаліся, стваралі, працавалі, натхняліся многія асобы, чые імёны ў беларускім пісьменстве зіхацяць яркімі зоркамі. Іх гісторыю працягваюць нашы сучаснікі.

Былы ляхавіцкі завулак Жданава ўжоекалькі дзесяцігоддзяў носіць імя Фёдара Еўлашоўскага. Праўда, на шыльдах дамоў і ў пашпартах яго жыхароў рэгістрацыя значыцца не на Еўлашоўскага, а на Еўлашэўскага (такі варыянт дапушчальны).
Калі Ляхавічам было крыху за паўстагоддзя (па сённяшніх афіцыйных даных), тут нарадзіўся будучы першы беларускі мемуарыст: «…я, Фёдор Евлашовский, уродилэмсе от вышэйпомененых родичов моих в Ляховичах в року от нароженя сына божого тысеча пятьсот сорок шостого, месяца февраля семого дня в неделю ночи пришлое около полночи. И дано ми име ведлуч свята русского, которое было на он час в понеделок месяца февраля осмого дня…».
Ён з дзяцінства цягнуўся да ведаў, вывучаў беларускую, польскую і яўрэйскую граматы, упэўнена адчуваў сябе ў матэматыцы і юрыспрудэнцыі. Меў стасункі з Радзівілам
Сіроткам, Янам Хадкевічам, іншымі знатнымі людзьмі. Займаў пасаду пінскага мастаўнічага, ад навагрудскай шляхты выбіраўся павятовым паслом на Гродзенскі і Варшаўскі сеймы, прымаў удзел у распрацоўцы «Трыбунала Вялікага княства Літоўскага», быў аўтарытэтным падсудкам у навагрудскім земскім судзе. У саракагадовым узросце ўзяўся за напісанне мемуараў. Храналагічная паслядоўнасць падзей, бытавыя замалёўкі, канкрэтныя людзі, іх клопаты – няма тут ліха закручаных сюжэтаў, і аповед не гучыць паэтычнай мовай, аднак літаратурная спадчына Еўлашоўскага бясцэнная па значнасці: ён – першы – беларускі – мемуарыст. І ён родам з Ляхавіч.
З ляхавіцкай зямлёю звязаны імёны многіх асоб, якія сказалі сваё слова, ці напісалі, ці праспявалі яго, альбо надрукавалі ў, вобразна кажучы, поўным сабранні сачыненняў беларускага пісьменства.
Трохі наіўна, але як жа душэўна гучыць «Вандроўная пташка» Яна Чачота, у чыёй
біяграфіі ў дзяцінстве быў маёнтак Рэпіхава (ля вёскі Крывошын):
Пташка, пташка, скуль ляціш ты,
Ці не з нашых ніў?
Каб пачуць мне што аб мілай,
Я б шчаслівы быў…
А «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» – твор аўтара авантурнага і, безумоўна, таленавітага, намінаваўся нават на Нобелеўскую прэмію ў галіне літарат уры. Был о гэта восем
дзесяцігоддзяў назад. Аўтар жа – Сяргей Пясецкі – нарадзіўся 1 красавіка 1901 года ў Ляхавічах. Стаў польскамоўным пісьменнікам, у яго біяграфіі былі кантрабандысцкі занятак, турма і …літаратурнае азарэнне.

«З-пад Ляхавіч» – з вёскі Нача пайшлі ў жыццё вядомыя ў свой час публіцысты, перакладчыкі Напалеон Чарноцкі і Янка Сваяк (Марыян Фальскі). Мы так мала ведаем пра іх. Калі б сёння былі жывыя Напалеон Чарноцкі, Янка Чабор (вёска Рачканы), Анатоль Бярозка (Падлессе) і многія іншыя літаратары, фалькларысты, якія нарадзіліся на ляхавіцкай зямлі ці мелі да яе дачыненне, займаліся тут творчасцю, думаю, яны пажадалі б пазнаёміцца з нашчадкамі сваіх землякоў – з намі.
Пойдзем у бібліятэку, звернемся ў архівы, пагартаем старыя падшыўкі і фаліянты, пасядзім у інтэрнэце – і даведаемся, і ўразімся, і будзем ганарыцца тым, што стварылі Францыск Скарына, Пётр Мсціславец, Сымон Будны, Кірыл Тураўскі і іх паплечнікі, і іх паслядоўнікі…
Час імчыць няспынна, і ўсё ўперад, і ўсё ў заўтра. Імгненне паміж мінулым і будучым – дзень сённяшні, і мы ў ім. Думаем, плануем, ствараем, удасканальваем, хутка прывыкаем да новага, да зручнага, да суперзручнага, да таго спраўджанага, што ўчора лічылі фантастыкай. І пры ўсім пры гэтым бяром у рукі «Вянок санетаў», і… зноў сэрца то калоціцца, то замірае, і слязой на павейках захапленне ад прыгожага кахання, ад высокага пачуцця:
Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Светлыя згадкі з сабой прывяла…
Помніш, калі я спаткаўся з табою,
Зорка Венера ўзышла.
Спадзяюся, што ў Д зень беларускага пісьменства ў Іванаве абавязкова пабачуся з многімі любімымі сучаснымі літаратарамі і выдаўцамі. Чуеш, Алесь Бадак? Спадзяюся
на сустрэчу, Віктар Гардзей і, магчыма, Леанід Пранчак! Абавязкова ўспомню Васіля Праскурава і вечарам перачытаю яго «Людзі-суседзі». Прыгадаю Міколу Купрэева, яго вандроўкі з заходам у нашу раёнку. У каторы раз акунуся ў вершы Веры Дыдышка, спаталю смагу паэзіяй Галі Зыранавай… З замілаваннем усміхнуся жыццёвым сюжэтам: першакласнік трымае ў руках буквар; у чытальнай зале дзіцячай бібліятэкі няма свабодных месцаў – над раскрытымі кнігамі схіліліся зусім светлыя, русыя, цёмнавалосыя хлопчыкі і дзяўчынкі; па знаёмай сцяжынцы ў мясцовую купалаўку скіроўваюць шлях маладыя і сталыя землякі; у маёй асабістай бібліятэцы жаданая, дарагая сэрцу абноўка – даўно марыла пра «Беларусь замкавую», і вось спраўдзілася.
А ў Іванаве пастараюся ўвесь сюжэт Дня нашага пісьменства прачытаць па поўнай праграме. І потым на старонках раёнкі абавязкова падзялюся ўражаннямі і, канешне, на роднай мове, якая з’яўляецца абавязковым, мілагучным, дарагім і блізкім сэрцу складнікам беларускага пісьменства.
Вольга БАРАДЗІНА.

На фоне Грушаўкі здымаецца сямейства…

Асцярожна, дзверы зачыняюцца. Наступны прыпынак «Грушаўка», – папярэджвае пасажыраў голас машыніста. Пра гэту станцыю сталічнага метро, якая ад роду мае «без пяці хвілін» шэсць гадоў, ведаюць як мінімум усе сталічныя жыхары. А вось пра яе цёзку – вёсачку ў Ляхавіцкім раёне – раскажуць хіба што мясцовыя ды яшчэ гісторыкі, у тым ліку прыхільнікі знакамітага роду Рэйтанаў, які ляхавіцкай Грушаўкай валодаў на працягу амаль трох з паловай стагоддзяў. Публічнай вядомасці ў гэтага населенага пункта і масавага турыстычнага ажыятажу вакол яго няма. На жаль. Пакуль.
…Тут прыгожа і міла сэрцу ў любую пару года, але ўвосень – асабліва. Векапомныя дрэвы нашэптваюць рознае з даўніх часоў. Непаўторная «лесвіца ў неба» – алея з лістоўніц – сакрэтнічае на мове, якую разумеюць толькі яны. Сцены старых пабудоў стойка хаваюць падрабязнасці дзён ранейшых. І сярод іх, гэтых падрабязнасцяў, без сумнення, не адна і не дзве сталі б сенсацыяй, калі б сцены маглі гаварыць.
Вёска Грушаўка ў адрозненне ад сваёй юнай цёзкі мае ўзрост як мінімум пад паўтысячагоддзе. У некаторых крыніцах ёсць звесткі, што паселішча ўпершыню ўзгадвалася ў 1551 годзе і што менавіта гэта – дата перадачы каралевай Барбарай Радзівіл Грушаўкі Мікалаю Залескаму. Прайшлі больш, чым два стагоддзі, перш чым кароль Ян Сабескі прэзентаваў мястэчка рыцару Рэйтану, такім чынам адзначыўшы ягонае геройства ў бітве пад Венай.
Хрэстаматыйна вядомыя асобы, факты, аргументы з грушаўска-рэйтанаўскім адрасам: канешне, пан Тадэвуш, які тут нарадзіўся і памёр, але паспеў стаць узорам патрыятызму, калі спрабаваў сарваць сэйм па зацвярджэнні першага падзелу Рэчы Паспалітай; канешне, Юзаф і Аліна Рэйтаны, пры якіх памесце перажывала час свайго рэнесансу (некалькі млыноў, вінакурны і цагляны заводы, будаўніцтва ў тым ліку новага драўлянага сядзібнага дома, які дасёння ўразіць сваім вонкавым выглядам; гавораць, што на сродкі Юзафа і Аліны ў Ляхавічах быў пабудаваны касцёл св. Юзафа…).
Акрамя сядзібнага дома ў гэтых уразлівых каардынатах захавалася капліца-ўсыпальніца Рэйтанаў, якую сям’я ўзвяла пасля смерці ў 1910 годзе пана Юзафа. Вы яшчэ не ўразіліся непаўторнай грушаўскай аўрай, не паддаліся яе гіпнозу? З’ездзіце, падзівіцеся, адчуйце: гэта наша – тутэйшае, наша – бясцэннае, наша – не вывучанае настолькі, каб ведаць і па вартасці ацаніць бясцэннае. Але вывучаем, але асэнсоўваем, але ўключаем у кругаварот жыцця. І любуемся ў выданні пра даўнія сядзібы Берасцейшчыны на літаграфіі  Напалеона Орды, датаваную 1864 годам, на якой вымаляваны сядзібны дом Рэйтанаў у Грушаўцы.
Невыпадкова на працягу апошніх некалькіх гадоў менавіта сюды, пад кроны шыкоўных лістоўніц, перамясціўся раённы фэст мастацкай творчасці «З крыніц спрадвечных». Як жа ён пасуе Грушаўцы і па змесце, і па форме! Як жа Грушаўка пасуе яму сваёй сутнасцю і самабытнасцю! І летась, і сёлета на фестывальны выхадны сюды прыязджалі сем’і з Мінска і Брэста, суседніх Баранавічаў і Ганцавічаў (гэта толькі з тых адрасоў, з якіх, дакладна ведаю, былі тут).
Такая вось гістарычная справядлівасць вяршыцца. Канешне, лепш, калі б раней, але добра, што хаця б цяпер у Грушаўкі як вёскі з багатай гісторыяй, што захавалася ў тутэйшым палацава-паркавым пейзажы, у паданнях і легендах, звязаных з гэтымі мясцінамі, з’явілася аптымістычная перспектыва заняць дастойнае месца ў сэрцах нераўнадушных землякоў і гасцей Ляхавіччыны. Стаць вартым цікавасці і абажання пунктам на турыстычнай карце краіны і кардынальна паўплываць зноў жа на турыстычную прывабнасць нашага раёна, невялікага па памерах, але багатага і гістарычна, і культурна.
Сёння тут праводзяцца суботнікі па навядзенні парадку, па магчымасці папярэджваецца далейшае разбурэнне дзе кладкі, дзе фундамента. Але галоўнае, што ў праекце трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь-Украіна» грушаўскі адрас быў адобраны Еўракамісіяй у накірунку зберажэння агульнай культурнай спадчыны як асновы для развіцця трансгранічнага супрацоўніцтва моладзі і творчых калектываў Польшчы і Беларусі. Падпісаны грантавы кантракт па рэалізацыі праекта. Як запэўнілі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, заканчваецца работа над дакументацыяй для нацыянальнай працэдуры адабрэння і рэгістрацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў Міністэрстве эканомікі.
Але кожны з нас асабіста можа і павінен «у тэму» ўкласці сваё, не чакаць, пакуль нехта нешта зробіць, а па-бээрэсэмаўску, па-маладзёжнаму, па-нераўнадушнаму, зрэшты, па сардэчным запрашэнні далучацца і, ўзгадніўшы арганізацыйныя моманты, напрошвацца сюды на працоўны дэсант. Парадак і чысціню трэба не толькі наводзіць, але і рэгулярна падтрымліваць. Гэта месца – не выключэнне.
…Чамусьці на памяць прыходзяць радкі Акуджавы «На фоне Пушкіна здымаецца сямейства…», якія самі сабой трансфармуюцца, але ад гэтага ўспрымаюцца не менш паэтычна: «На фоне Грушаўкі здымаецца сямейства…».
А што?! Гучыць!
Вольга БАРАДЗІНА.

З літаграфіі Напалеона Орды

Хутка працяг…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *