Каб падлетак не звярнуў на крывую дарожку. Размова з намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх Ляхавіцкага райвыканкама

Два браты 10- і 12-гадовага ўзросту ўкралі ў аднавяскоўкі грошы і прадукты. Прычым навучыла іх такому ўчынку маці, якая замест выхавання сыноў вяла амаральны лад жыцця. Быў яшчэ адзін «выхавальнік» – дарослы аднавясковец, які адпраўляў дзяцей красці і гаварыў, што ім нічога за гэта не будзе, бо яны непаўналетнія… Яшчэ адна рэальная гісторыя з жыцця: 17-гадовая дзяўчына ў райцэнтры аказвала за грошы пэўныя паслугі, што кваліфікуецца КоАП як заняткі прастытуцыяй. У абедзвюх гісторыях непаўналетнія парушылі закон. Дарэчы, і дзяўчына, і хлопчыкі выхоўваліся ў сем’ях, якія прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы. Пасля таго, як непаўналетнія ўчынілі правапарушэнне, іх, а таксама братоў і сясцёр забралі з сем’яў. Зразумела, такія паводзіны не з’явіліся знянацку, былі пэўныя перадумовы… Як не дапусціць рост колькасці правапарушэнняў у падлеткавым асяроддзі, каму трэба аб’ядноўваць намаганні і ўзмацняць прафілактыку безнагляднасці, якія меры найбольш эфектыўныя? Пра гэтае і многае іншае, што ўплывае на сітуацыю, – у размове з намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталляй Мацкевіч.

Наталля Францаўна, калі абагульніць сітуацыю ў падлеткавым асяроддзі ў плане правапарушэнняў, якая карціна атрымліваецца?

– Пачнём з лічбаў. На сёння ў раёне пражывае 4 046 непаўналетніх, з якіх 2 462 школьнікі і 242 навучэнцы агракаледжа. У мінулым годзе дзеці і падлеткі ўчынілі 18 правапарушэнняў, аналагічная лічба зарэгістравана і ў 2022 годзе.
Найбольшая колькасць правапарушэнняў (7) – распіццё спіртных напіткаў. Таксама рэгістраваліся дробныя хуліганствы, парушэнні Правілаў дарожнага руху і іншыя. Сярод парушальнікаў – навучэнцы СШ № 1 і № 2, гімназіі, Крывошынскай і Тухавіцкай СШ. Адбыўся значны рост – з 4 у 2022 годзе да 13 у 2023 годзе – колькасці непаўналетніх, якія не дасягнулі ўзросту прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці (ён пачынаецца з 16-гадовага, а ў некаторых выпадках з 14-гадовага ўзросту). Адзін з парушальнікаў – выхаванец дзіцячага садка, які так разгуляўся з запалкамі, што падпаліў хлеў, пакуль бацька спаў. А, напрыклад, дзве дзяўчынкі падлеткавага ўзросту распівалі алкаголь…
Адзначу, што ў 2023 годзе назіралася станоўчая дынаміка на зніжэнне колькасці правапарушэнняў навучэнцамі Ляхавіцкага аграрнага каледжа – з 6 у 2022 годзе да 2 у 2023 годзе. Аднак у першым квартале бягучага года сітуацыя пагоршылася: на рахунку каляджан
7 правапарушэнняў. У сувязі з чым супрацоўнікі каледжа павінны прыняць дадатковыя меры па стабілізацыі сітуацыі, у першую чаргу, неабходна ўзмацніць кантроль за тым, як юнакі і дзяўчаты праводзяць вольны ад заняткаў час.

Даўно вядома: выхаванне пачынаецца з сям’і. Тое, што закладзена ў сям’і, якія адносіны паміж бацькамі, які клопат з іх боку пра дзяцей, – усё гэта фарміруе асобу хлопчыка ці дзяўчынкі, мадэль зносін з равеснікамі, дарослымі.

– Адназначна, за кожным правапарушэннем, якое ўчынілі непаўна-
летнія, стаяць іх бацькі, якія недаглядзелі, не выхоўвалі, не навучылі, не перасцераглі, не падказалі. На жаль, сустракаецца і такое, калі бацькі правакуюць сваё дзіцё на тое ці іншае правапарушэнне сваімі паводзінамі, учынкамі. Летась супрацоўнікамі РАУС у адносінах да 11 бацькоў складзены пратаколы аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці за неналежнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў, што пацягнула ўчыненне непаўналетнімі правапарушэнняў. Хаця, напрыклад, у мінулым годзе 14 з 18 падлеткаў-правапарушальнікаў выхоўваліся ва ўладкаваных сем’ях. Гэта, у сваю чаргу, гаворыць пра тое, што асноўныя прычыны супрацьпраўных паводзін непаўналетніх – адсутнасць маральных устояў, нізкі ўзровень усведамлення адказнасці за магчымыя наступствы за зробленае. У дачыненні падлеткаў 14–16-гадовага ўзросту сярод асноўных прычын, якія падштурхнулі да парушэння закону, – няўменне дзяцей і іх бацькоў вырашаць канфлікты, асацыяльны і амаральны лад жыцця гора-бацькоў. Вось чаму першачарговая задача класных кіраўнікоў, сацыяльных педагогаў, псіхолагаў – выяўляць сямейную неўладкаванасць. Закрану яшчэ адзін важны момант. Па-ранейшаму маюць месца выпадкі, калі прадаўцы магазінаў прадаюць спіртныя напіткі непаўналетнім: у мінулым годзе выяўлены чатыры такія выпадкі.

Існуе нямала спосабаў папярэдзіць супрацьпраўныя паводзіны. Якія меры, на вашу думку, найбольш эфектыўныя?

– Прыносяць плён разнастайныя прафілактычныя акцыі, арганізаваныя і ініцыяваныя аддзелам па адукацыі райвыканкама,
РАУС, РАНС. На зімовых, вясновых і асенніх канікулах праводзіцца прафілактычная акцыя «Карысныя канікулы», а летам рэалізуецца рэспубліканская міжведамасная праграма «Клопат». Супрацоўнікі міліцыі актыўна займаюцца прафілактыкай непасрэдна ў школах: на бацькоўскіх сходах абмяркоўваюцца пытанні супрацьпраўных паводзін дзяцей, арганізоўваюцца дэкады прававых ведаў, на сайце кожнай установы адукацыі ў свабодным доступе ёсць рубрыка з матэрыяламі па прававым выхаванні. Эфектыўнае ў плане прафілактыкі і псіхасацыяльнае анкетаванне падлеткаў. Запатрабаваныя ў падлеткавай аўдыторыі інфармацыйныя гадзіны, размовы, дэбаты, дыспуты з удзелам медыкаў, міліцыянераў, супрацоўнікаў пракуратуры. Каб папярэдзіць правапарушэнні і безнагляднасць, неабходна вольны час дзяцей напоўніць чымсьці цікавым, патрэбным. Ва ўсіх установах адукацыі раёна рэалізуюцца мерапрыемствы, накіраваныя на арганізацыю працоўнай занятасці школьнікаў і каляджан, а таксама іх вольнага часу. У 2023 годзе
315 непаўналетніх працавалі ў вольны ад вучобы час, а 202 – па праграме другаснай занятасці. Амаль 100 непаўналетніх былі аб’яднаны ў студэнцкія атрады, якія працавалі на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна. Практыка прадоўжыцца і сёлета. Акрамя таго, па стане на пачатак года, у пазаўрочны час 96 працэнтаў школьнікаў ахоплены арганізаванымі формамі адпачынку. Прадукцыйна ў гэтым напрамку працуюць ДЮСШ, аграрны каледж, ГДК. Пэўны пласт прафілактычнай работы ўзялі на сябе 39 валанцёрскіх, цімураўскіх атрадаў, якія аб’ядноўваюць больш зат360 дзяцей і падлеткаў.
Канешне, робіцца нямала, але меры неабходна ўзмацніць, актывізаваць. Толькі аб’яднаўшы намаганні, можна засцерагчы непаўналетніх ад супрацьпраўных паводзін.
Гутарыла Галіна КАНЬКО.