Па цэнтральнай алеі да каменя кахання. Абноўлены начаўскі парк запрасіў на адкрыццё

БОЛЬШ КАДРАЎ У  ФОТАРЭПАРТАЖЫ

Тадэвуш Рэйтан і Грушаўка, Ян Чачот і Рэпіхава, Фларыян Бохвіц і Флер’янова. Гэты асацыятыўны рад знакамітых людзей, чый лёс звязаны з Ляхавіччынай, і дзякуючы ім вядомых мясцін можна працягваць і дапаўняць. Сёння ўвага – на Начы.
Сядзіба ў розныя часы належала Неміровічам, Табаровічам, ордэну езуітаў, Масальскім. Пры Міхаіле Чарноцкім мястэчка ў літаральным сэнсе расцвіло: у 1810 годзе ён заклаў тут сядзібу і пачаў віць радавое гняздо. У Начы нарадзіўся і вырас беларускі публіцыст і перакладчык Напалеон Чарноцкі.

Талакой справа ладзіцца

Начаўская сядзіба і яе наваколле не пакідае раўнадушным гасцей, прыцягвае ўвагу і выклікае інтарэс турыстаў. Але час, на жаль, не быў саюзнікам сядзібна-паркавага комплексу: за гады будынак і парк у многім страцілі прывабнасць. Пасля сёлетняга тэсціравання кіраўніцтвам раёна турмаршрутаў, у тым ліку і начаўскага, у парку закіпела работа. Да мясцовых школьнікаў, сельгаспрадпрыемства, сельсавета, якія і раней стараліся ўдыхнуць жыццё ў іх славутасць, далучыліся прадпрыемства меліярацыйных сістэм, лясгас, РАНС, камунгас і іншыя.

Час адраджэння

На мінулым тыдні начаўскі парк прымаў гасцей – прадстаўнікоў раённай і мясцовай улады, ДП «Нача», школьнікаў, землякоў. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса падкрэсліў адметнасць гісторыі нашага краю. У Год малой радзімы на Ляхавіччыне адраджаюцца гістарычныя мясціны, прэзентуецца іх унікальнасць. І гэта сімвалічна. «Рэканструкцыя» такіх кропак – не толькі вяртанне культурна-гістарычнай спадчыны, але і магчымасць заявіць пра турыстычную прывабнасць раёна, запрасіць падарожнікаў у госці.
Настаўнік гісторыі Начаўскай СШ Уладзімір Погас пра культурна-гістарычныя начаўскія аб’екты расказвае нераўнадушна, аперыруе цікавымі звесткамі. Дзесяцікласніца Ніна Паў-лоўская, нібы прафесійны экскурсавод, на беларускай мове апавядае школьнікам пра мінулае мясцовай славутасці. Адзначае, што, на першы погляд, вядомае пры пільным знаёмстве адкрывае шмат незнаёмага. У начаўскіх каардынатах у дзень умоўнага адкрыцця парку праходзіў квэст «Скарбонкі панскага парку», працавалі пляцоўкі «Гульнявы падворак», «Ведай свой край», «Загадкі пана агранома» (адгадвалі мясцовыя расліны, вырошчваннем якіх, дарэчы, захапляўся адзін з прадстаўнікоў роду – Зігізмунд Чарноцкі). Пазнавальную праграму падрых-тавалі педагогі і школьнікі тутэйшай школы.

Паркавыя загадкі

Прыгажосць тут ва ўсім, а яшчэ пануе нейкая тайна. Мясцовы жыхар былы дырэктар гаспадаркі Міхаіл Варановіч шмат ведае пра начаўскі парк. Расказвае, што існуе паданне пра скарб,
захаваны ў адной з трох сажалак. Дарэчы, адну сёлета пачысцілі, на беразе ўстанавілі лаўку. Зараз можна пасядзець, палюбавацца на водную гладзь, па-слухаць птушыныя спевы. У парку прапісаны рэдкія для Беларусі расліны. Расце венерын чаравік, старэйшы ў краіне экзэмпляр чорнага арэха ў вышыню дасягае 25 метраў пры дыяметры ствала 81 сантыметр, маецца конскі каштан васьмітычынкавы родам з Паўночнай Амерыкі і г. д.
Звярнуўшы з цэнтральнай алеі (уздоўж яе дзеля адпачываючых зараз расстаўлены шматлікія лаўкі), можна ўбачыць рэшткі сонечнага гадзінніка, які па крузе ўтваралі лістоўніцы. Многія любячыя сэрцы
свае пачуцці замацоўвалі ля каменя кахання. Гавораць, што да валуна – каменя кахання прыходзяць пары, каб жыць разам у ладзе і згодзе. Ёсць у начаўскім парку і гранітны стол, які складаецца з круглых пліт, што мацуюцца на кароткай тоўстай ножцы.
Кожны аб’ект у парку пазначаны таблічкай з яго апісаннем і QR-кодам.
Так, напрыклад, на адным з такіх «гідаў» указана: «Памятны валун. Сімвалічны сэнс не высветлены. Магчыма, памятка аб загінулых паўстанцах 1863-1864 года…». Напалеон Чарноцкі быў удзельнікам паўстання Кастуся Каліноўскага. Камяні захоўваюць памяць пра загінулых сяброў-паўстанцаў.
…Дрэвы ў начаўскім парку нібы падпіраюць неба – высокія і стромкія. А яшчэ гэтыя сведкі часоў, падзей і асоб могуць выканаць жаданне. Не верыце? Прыязджайце, дакраніцеся да дуба-асілка і праверце.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

БОЛЬШ КАДРАЎ  У  ФОТАРЭПАРТАЖЫ