Клімат-кантроль і ахова працы. 28 красавіка адзначаецца Сусветны дзень аховы працы

З мэтай садзейнічання папярэджанню няшчасных выпадкаў на працоўных месцах, узнікнення прафесійных захворванняў Міжнародная арганізацыя працы штогадова 28 красавіка праводзіць Сусветны дзень аховы працы. У аснове сваёй кампанія носіць інфармацыйна-тлумачальны характар, служыць на карысць прыцягнення ўвагі шырокай грамадскасці да праблем у галіне аховы працы і росту колькасці траўмаў, захворванняў і смяротных выпадкаў, звязаных з вытворчай дзейнасцю.


ААТ «Жарабковічы» прызнана пераможцам абласнога агляду-
конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы.

Штогадова МАП адзначае Сусветны дзень АП з акцэнтам і асаблівай увагай на нейкай актуальнай тэме.
У 2024 годзе цэнтральнай стала тэма ўплыву змянення клімату на бяспеку і гігіену працы.
Апошняе дзесяцігоддзе з сярэдняй тэмпературай 8,1 градуса Цэльсія выдалася больш цёплым за папя-рэднія адрэзкі часу. А сярэдняя тэмпература апошніх пяці гадоў (2019–2023) склала 8,3 градуса, што перавышае кліматычную норму. Асабліва вылучаюцца 2019, 2020 і 2023 гады, якія сталі самымі цёплымі за ўсю гісторыю метэаназіранняў.
Калі звярнуцца да кліматычных асаблівасцяў мінулага года, то яго сярэднія 8,7 градуса цяпла аказаліся на паўтара градуса вышэйшымі за кліматычную норму. У летні перыяд тэмпература паветра дасягала 30 і больш градусаў.
Падобныя тэмпературныя анамаліі патрабуюць пэўных дзеянняў ад наймальнікаў з мэтай папярэджання няшчасных выпадкаў і пагаршэння стану здароўя работнікаў. Асабліва занятых выкананнем работ на адкрытым паветры ці ў памяшканнях, якія не абсталяваны сістэмамі вентыляцыі (кандыцыяніравання). Праца ў будаўніцтве, галінах жыллёва-камунальнай гаспадаркі і іншых у цёплы і халодны перыяды часу на адкрытым паветры ўяўляе для работнікаў патэнцыяльную рызыку захворванняў і сур’ёзных траўмаў у выніку ўздзеяння павышаных ці паніжаных тэмператур.
У адпаведнасці з артыкулам 29 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове працы» работнікам, якія выконваюць работы на адкрытым паветры ці ў закрытых неабаграваемых памяшканнях у халодны перыяд года, а таксама асобныя віды работ, разам з перапынкам для адпачынку і прыёму ежы прадастаўляюцца дадатковыя спецыяльныя перапынкі на працягу працоўнага дня, якія ўключаюцца ў працоўны час, – для магчымасці абагрэву, адпачынку на пагрузачна-разгрузачных і іншых работах. Віды гэтых работ, працягласць і парадак прадастаўлення такіх перапынкаў вызначаюцца правіламі ўнутранага працоўнага распарадку ці калек-тыўным дагаворам. Указаным работнікам наймальнік абавязаны забяспечыць рэжым работы, які б выключаў нанясенне шкоды іх жыццю і здароўю ў выніку ўздзеяння моцных гарачыні ці холаду.
У Правілах па ахове працы, зацверджаных пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, даецца вызначэнне моцнай гарачыні і моцнага холаду: першае – гэта, калі максімальная тэмпература паветра дасягае 30 і больш градусаў Цэльсія, другое, калі тэмпературны мінімум складае мінус 25 градусаў і ніжэй.
Гігіенічны нарматыў «Мікракліматычныя паказчыкі бяспекі і бясшкоднасці на працоўных месцах» устанаўлівае аптымальныя і дапуш-чальныя значэнні паказчыкаў бяспечнасці і бясшкоднасці мікраклімату на працоўных месцах у вытворчых памяшканнях, транспартных сродках і грамадскіх будынках, у тым ліку ў офісных памяшканнях і арганізацыях аховы здароўя.
Сярэдняя тэмпература паветра, пры якой работнік можа знаходзіцца на працягу змены на працоўным месцы і месцах адпачынку, не павінна выходзіць за межы дапушчальных значэнняў тэмпературы паветра. У выпадку немагчымасці пры анамальных тэмпературах забяспечыць нарматыў мікраклімату павінны прымацца дадатковыя тэхнічныя або арганізацыйныя меры. Напрыклад, устаноўка дадатковых вентылятараў, абагравальнікаў, перапынкі для ахаладжэння ці абагрэву, для чаго прадугледжана мець адпаведныя памяшканні.
У Беларусі выпадкаў атрымання работнікамі траўмаў у сувязі з тэмпературнымі анамаліямі не зарэгістравана. Разам з тым ёсць выпадак гібелі работнікаў ад іншых прыродных з’яў. Так, у 2022 годзе з-за разраду маланкі адбыўся групавы няшчасны выпадак на вытворчасці, пры якім адзін работнік загінуў, а другі атрымаў цяжкую траўму.
У цэлым у арганізацыях краіны, Брэсцкай вобласці і Ляхавіцкага раёна выбудавана сістэма аховы працы і прафілактыкі вытвор-чага траўматызму, якая дазваляе мінімізаваць рызыку няшчасных выпадкаў на вытворчасці.
Мінімізаваць не азначае выключыць. За першы квартал 2024 года ў арганізацыях вобласці ў выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці траўмы атрымалі 57 чалавек. У тым ліку 3 чалавекі загінулі: адзін ад наступстваў наезду транспартнага сродку на тэрыторыі малочнатаварнай фермы, два – у выніку дарожна-транспартнага здарэння.
Праведзеныя праверкі асноўнымі прычынамі траўматызму на вытворчасці Брэстчыны назвалі асабістую неасцярожнасць пацярпелага (у 42,9 працэнта выпадкаў), парушэнне пацярпелым працоўнай дысцыпліны, нарматыўных прававых, тэхнічных нарматыўных ці лакальных нарматыўных актаў па ахове працы (20,4 працэнта). Сярод прычын таксама значацца парушэнне Правілаў дарожнага руху, невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі абавязкаў па ахове працы, нецвярозы стан пацярпелага і шэраг іншых.
З мэтай папярэджання вытворчага траўматызму ў раёне дзейнічае мабільная група, асноўнай задачай якой з’яўляецца аказанне практычнай і метадычнай дапамогі ў пастаноўцы работы па ахове працы ў арганізацыях раёна. За студзень – сакавік 2024 года мабільнай групай праведзена 29 рэйдаў. У тым ліку 11 па прадпрыемствах АПК, 3 па будаўнічых і 15 па арганізацыях іншых сфер дзейнасці. Як паведаміў сакратар мабільнай групы галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Бурбуць, у выніку маніторынгаў было
выяўлена і прапанавана выправіць больш за тры сотні парушэнняў патрабаванняў тэхнікі бяспекі. Пунктамі-лідарамі гэтага спіса з’яўляюцца выкарыстанне ў рабоце ненарматыўных драбін, невыкарыстанне супрацьадкатных упораў пры рамонце тэхнікі, работа ланцуговых, раменных, карданных перадач без ахоўных кажухоў.
Пакуль гэты матэрыял рыхтаваўся да друку, прыйшло вельмі прыемнае і дакладна ў тэму паведамленне. Брэсцкі аблвыканкам разгле-дзеў матэрыялы і вызначыўся з вынікамі штогадовага абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганіза-цыю работы па ахове працы ў арганізацыях Першага рэгіёна за 2023 год. Пераможцам у намінацыі «арганізацыя вытворчай сферы са спісачнай колькасцю
работнікаў на канец года звыш 500 чалавек» прызнана наша
ААТ «Жарабковічы».

Іван КАВАЛЕНКА.