Так пачыналася вайна… 22 чэрвеня — Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны

З перажытага.

Яўгенія КУДЗІНА, былы вязень фашысцкага канцлагера, жыхарка аграгарадка Малое Гарадзішча:
– У маі 1941 года я на Браншчыне закончыла чатыры класы і напрыканцы чэрвеня збіралася ехаць у піянерскі лагер. Але пачалася вайна. У першыя дні бацьку мабілізавалі на фронт. Збіралі-праважалі яго мы, дзеці – мама была на рабоце. Праз некалькі дзён у нашым горадзе спыніліся эшалоны з раненымі. Аднойчы наляцелі фашысцкія самалёты і разбамбілі іх. А потым прыйшла фашысцкая акупацыя. Нямала маладых хлопцаў гітлераўцы расстралялі, а дзяўчат адправілі на прымусовыя работы ў Германію. Маму арыштавалі як жонку савецкага актывіста, я засталася за старэйшую для сваіх брацікаў і сястрычак, малодшаму было два з паловай гады.
Калі нашы пусцілі пад адхон фашысцкі цягнік, у якім ехаў камендант, гітлераўцы арыштавалі мірных жыхароў і кожнага дзясятага расстралялі. Напачатку ліпеня нашу сям’ю, як і многіх іншых, адправілі ў Слуцкі канцэнтрацыйны лагер. Голад, холад, здзекі – такое не забываецца. Не ведаю, як выжылі.
Лёс распарадзіўся так, што мы апынуліся на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна. Сюды пасля вайны вярнуўся і мой бацька. Пачалося мірнае жыццё.

Іван Іосіфавіч ЛЕШЫК,  жыхар вёскі Любейкі:
– Пра тое, што пачалася вайна, жыхары Любеек даведаліся ад аднавяскоўца, які меў радыёпрыёмнік. І хутка паспыталі на сабе, што такое акупацыя.
Фашысты адразу пачалі рабаваць, шукаць камсамольцаў, камуністаў, актывістаў. Мой бацька быў дэпутатам, але наш сусед солтыс яго не выдаў.
Пазней у навакольных лясах з’явіліся партызанскія атрады. Днём у вёсцы былі гітлераўцы і іх прыслужнікі, ноччу – партызаны, менавіта народныя мсціўцы чыталі нам зводкі Савінформбюро. Фашысты і паліцаі ганялі і старых, і малых расчышчаць лес там, дзе праходзіла вузкакалейка з Вострава на Крывошын. Я хадзіў туды замест сястры. Хто не паспяваў за іншымі, білі, здзекаваліся.
Мы жылі надзеяй на Перамогу. І вось яно – вызваленне. Радаваліся – не тое слова!
У ліпені-верасні 1944 года ў дзеючую армію прызвалі 32 аднавяскоўцы, у тым ліку майго старэйшага брата Сцяпана.
19 землякоў загінулі на вайне.

Разалія ДУБІНА,  жыхарка вёскі Тухавічы:
– У чэрвені 1941 года, калі пачалася вайна, каля Забер’я падлеткі і дарослыя палолі лён. Раптам пачулі гул. А праз хвіліну-другую над намі праляцелі самалёты з крыжамі на крылах. Нашу вёску не бамбілі, а вось на Тухавічы бомбы скідвалі, колькі хат згарэла…
Мне было тады 14 гадоў, вельмі баялася, каб не забралі ў Германію. У Забер’е фашысты наязджалі нячаста (гітлераўцы кватаравалі ў Востраве), але і ў нас пакінулі свой жудасны след. Каля вёскі расстралялі 19-гадовага хлопца, які вяртаўся з суседняй вёскі ад сваёй нявесты.
У акупацыі было цяжка, увесь час баяліся, што заб’юць. А яшчэ фашысты рабавалі, забіралі апошнюю бульбу, хлеб. Мама хавала яйкі, зерне, каб хоць чым было накарміць дзяцей. Вельмі чакалі вызвалення. У жніўні 1944 года на фронце мабілізавалі бацьку і дзядзьку. На шчасце, яны вярнуліся з вайны жывымі.

Вера КАМІНСКАЯ, жыхарка  вёскі Вялікая Лотва:
– Калі пачалася вайна, мне было пяць гадоў. Помню, як  усхваляваная мама з татам пра нешта ціха гаварылі – каб мы, дзеці, не чулі. А ў небе равелі самалёты. Бацькі навучылі падаць на зямлю ці бегчы хутчэй у акоп – яго выкапаў старэйшы брат недалёка ад возера, а зверху накаціў дрэва.
Бамбілі часцей ноччу. Столькі гадоў прайшло, нешта выпала з памяці. Мы не разбіралі дарогі, беглі, каб схавацца. Страшная карціна: мы ў акопе, а зусім побач упаў снарад. Полымя. Страшна. Мама рукамі спрабуе адагнаць ад дзяцей гарачае паветра…
Помню, што немцы стаялі недалёка ад Лотвы. Мама на нас вельмі сварылася, што з братамі бегалі паглядзець на карнікаў здалёк. Яны ў многіх людзей забралі коней. Прыходзілі да нас у хату і забіралі малако. Самім есці не было чаго – у нашай сям’і пяцёра дзяцей.
Я бачыла вайну. Гэта самае страшнае, што перажыла ў сваім жыцці. Імгненне – і становіцца чорна ад разрыву бомбы. Гінуць людзі, плачуць дзеці.
Цаніце мір – самае дарагое. Яго не заменяць ніякія багацці свету.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *