Мы шчаслівыя. Дзякуй, Рэпіхава! У мінулы чацвер Рэпіхава прымала ляхавічан на сваім умоўным другім адкрыцці

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Людміла Заручэўская родам з Рэпіхава

Напэўна, на такой думцы злавілі сябе многія, хто ў восеньскую пару прайшоўся-натхніўся рэпіхаўскімі сцежкамі. Чаму шчаслівыя? Бо маем магчымасць знаходзіцца ў цэнтры гэтай непаўторнай прыгажосці, быць нашчадкамі такога ўнікальнага багацця, каштоўнасці, што не паддаецца часу.

І ў нашых сілах зберагчы гэты прыродны скарб для будучых пакаленняў, падарыць і ім магчымасць адчуць шчаслівае імгненне.
Рэпіхаўскі парк не пазнаць, і не толькі таму, што там выдатна папрацавала дызайнер-восень. Там проста «пасялілася» жыццё, столькі неабыякавых людзей прыклалі свае намаганні, каб парк ажыў, ізноў заззяў ад чысціні і парадку, здзіўляў сваіх шматлікіх гасцей адметным раслінным светам.
У мінулы чацвер Рэпіхава прымала ляхавічан на сваім умоўным другім адкрыцці. Сюды прыехалі прадстаўнікі мясцовай улады, зацікаўленых службаў, школьнікі ўстаноў адукацыі раёна і проста неабыякавыя землякі.
Кіраўнік раёна Аляксандр Камінскі нагадаў юным землякам, што ім ёсць чым ганарыцца. Рэпіхаўскі парк вядомы далёка за межамі раёна, і менавіта на яго турыстычную прыцягальнасць варта звярнуць увагу. З гэтага аб’екта пачнецца аднаўленне паркаў, гістарычных сядзіб Ляхавіччыны. І такіх адрасоў будзе нямала. Напрыклад, набліжаюцца да завяршэння работы ў  Сваятычах і Начы.
Сімвалічная чырвоная стужка, якую перарэзалі старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі, старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса, старшыня Крывошынскага сельвыканкама Юрый Чаранкевіч, больш не была перашкодай для таго, каб апынуцца ў казцы.
А для гэтай казкі папрацавала нямала людзей. Нестандартныя, ад таго яшчэ больш прывабныя лавачкі, столікі, поручні, ачышчаныя ад аварыйных дрэў і кустоўя алеі (якіх, дарэчы, тут тры – ліпавая, грабавая, вязавая), дагледжаныя вадаёмы – усё гэта справа рук супрацоўнікаў аблбальніцы «Крывошын», лячэбна-вытворчых майстэрняў, работнікаў Крывошынскага сельвыканкама, ЖКГ, ПМС, вузла электрасувязі, лясгаса, КСУП «Ліпнянка», Свяціцкага, Ліпскага і Крывошынскага Дамоў культуры, СДЮШАР, настаўнікаў і вучняў Крывошынскай і Ліпскай СШ.
Рэпіхава здолела сумясціць у сабе гістарычную і прыродную каштоўнасць (тут налічваецца больш за 50 відаў дрэў, з якіх 20 – экзатычныя), стаць месцам, куды за натхненнем, адпачынкам, проста за прыгожымі краявідамі будуць з’язджацца турысты не толькі з Беларусі. А яшчэ ў Рэпіхава прайшло дзяцінства беларускага і польскага паэта, фалькларыста Яна Чачота.

– Сёлета тэсціраваліся турыстычныя маршруты Ляхавіцкага раёна. Было зроблена шмат заўваг і прапаноў. Прыемна, што Рэпіхаўскі парк стаў адной з першых кропак, у якую ўдыхнулі другое жыццё. Спадзяёмся, што гэты тураб’ект цяпер будзе прымаць больш турыстаў, – гаворыць галоўны спецыяліст райвыканкама па пытаннях спорту і турызму Надзея Лапіч.
Дырэктар КСУП «Ліпнянка» Тамара Церах падзялілася сакрэтам: хутка тут з’явіцца і мосцік, які дасць дарогу востраву кахання.
У падарунак з такой радаснай нагоды – экскурсія па Рэпіхаўскім парку, якую правёў краязнаўца, настаўнік біялогіі і хіміі Крывошынскай СШ Юрый Сельмановіч.
А яшчэ тут запрацавала футбольна-валейбольнае поле, якое пратэсціравалі каманды з ЖКГ, РАНС, Крывошынскага сельсавета. А побач школьнікі з мясцовай і Ліпскай школ паспаборнічалі ў спартландыі.

Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.