Новая тэхніка – новыя магчымасці. Пяцігодка якасці ставіць задачу не проста замяніць састарэлыя агрэгаты, а вывесці сельгасвытворчасць на прынцыпова новы ўзровень



Абнаўленне сельскагаспадарчага машынна-трактарнага парка
на Ляхавіччыне не мае сезоннасці.
– Абнаўленне тэхнікі не даніна модзе, а неабходнасць, ад якой залежаць і ўраджай, і дабрабыт гаспадарак. Гэта інвестыцыі ў будучыню. Машыны «ва ўзросце» патрабуюць большых затрат на рамонт і паліва, могуць і прастойваць з-за паломак. Новая тэхніка дазваляе аграрыям своечасова выконваць палявыя работы, зніжаць страты ўраджаю і павышаць прадукцыйнасць працы. Сучасная тэхніка робіць працу аграрыяў больш бяспечнай і камфортнай.
З пачатку года гаспадаркі раёна набылі больш за 50 адзінак новай тэхнікі, з іх 38 – з дзяржаўнай падтрымкай, – падкрэслівае першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу
Васілій Пыжык.
Гэтымі днямі аўтапарк СВК «Ляхавіцкі» істотна абнавіўся. Пра што мясцовыя сельскагаспадарчыя «блогеры» адразу пахваліліся ў TikTok. Прадметам гонару стаў «Беларус-2022» – энерганасычаны
трактар вытворчасці Мінскага трактарнага завода. Рэакцыя
народа – крута!
Яшчэ два трактары «Беларус-82» набыты за ўласныя сродкі з растэрміноўкай на 18 месяцаў. Кошт аднаго – больш за 90 тысяч
рублёў. Для раздачы кармоў купілі трактар «МТЗ-921», а таксама кормараздатчык «Коблік», які прыбыў у «Ляхавіцкі» прама з прэзентацыі з абласных «Дажынак». Сярод яго пераваг – раўнамернае змешванне кампанентаў корму, дакладнае дазіраванне порцый,
надзейная і бесперабойная раздача сумесі.
– Старая машына – гэта штодзённыя праблемы: тое не круціцца, ламаецца ў самы непадыходзячы момант. А кожны дзень на зямлі – цыкл работ. І калі трактар падводзіць у сезон, страты лічацца не ў рублях, а ў недабраным ураджаі. Таму абнаўленне тэхнікі – гэта не жаданне выглядаць сучасна, а дакладны разлік: новая машына менш «есць» паліва, менш стаіць у рамонце, больш робіць. Тэхніка, якая адпрацавала сваё, спісваецца і ідзе на запчасткі. Замена старой тэхнікі на новую апраўдана і рэзультатыўна ва ўсіх планах. Абнаўленне тэхнікі лічу не толькі эканомікай, а і адносінамі да людзей. За рулём новага сучаснага трактара і вочы гараць,
і рукі робяць лепш.
І маладыя спецыялісты тады застаюцца на зямлі, бо можна працаваць
і развівацца, – дзеліцца старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко.
Так, 20-тонны МАЗ, які гаспадарка набыла ў верасні, даверылі маладому работніку Вадзіму Радомскаму, які працаваў у
гаспадарцы да арміі, а пасля вярнуўся. У планах «Ляхавіцкага» і набыццё самаходнага кормараздатчыка, абсталяванага вагамі і камп’ютарам, у які заносяцца рацыёны кармлення.
Агрэгат самастойна грузіць, змешвае корм і робіць зрэз на траншэях, што прадухіляе ўзнікненне цвілі. Ён будзе працаваць на МТФ «Русінавічы», дзе самы вялікі дойны статак гаспадаркі.
У ААТ «Жарабковічы» з пачатку года аўтапарк абноўлены ўнушальна – 30 адзінак тэхнікі. Зараз яго папоўнілі самаходным раскідвальнікам-апырсквальнікам «Мекасан-1000». Ён будзе задзейнічаны на хімабароне палявых сельскагаспадарчых культур. Дзякуючы шынам нізкага ціску з’яўляецца магчымасць праводзіць раннюю падкормку вадкімі азотнымі ўгнаеннямі і хімабарону раслін, уносіць цвёрдыя мінеральныя ўдабрэнні па пераўвільготненай глебе без пашкоджання раслін. А гэта ўжо іншы ўзровень агратэхнікі.
Акрамя таго, у абноўках і загрузчык-ачышчальнік для
цукровых буракоў, і самаходная машына. Галоўны інжынер Міхаіл Пятроўскі адзначае, што наша айчынная тэхніка даказала сваю надзейнасць і зручнасць:
– На жарабковіцкіх палях шчыруюць айчынныя МАЗы, «Гомсельмашы», тэхніка «Бабруйскаграмаш», «Амкадоры», МТЗ …
Нашы трактары і камбайны і выглядаюць прыгожа, і маюць высокую эрганамічнасць і прадукцыйнасць.
«Шлях новы» вясной набыў значны машынны камплект,
а сёння праводзіць тэхагляд. Тэхніку трэба не толькі купляць, але і своечасова абслугоўваць.
У ААТ «Нача» закупілі тэлескапічны пагрузчык. І гэта
не выпадковасць: такая тэхніка дазваляе хутка і якасна выконваць пагрузку-разгрузку, эканоміць час і сілы людзей.
Восеньскія навінкі маюцца і ў іншых гаспадарках Ляхавіччыны. Абнаўленне сельскагаспадарчай тэхнікі не разавая кампанія,
а пастаянны працэс. Калі сёння сэканоміш на машыне, заўтра страціш у разы больш на яе рамонце і прастоі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

