Дарожнікі правядуць работу над памылкамі. У Ляхавіцкім раёне неабыякавыя грамадзяне звярнулі ўвагу на дарожную памылку

Неабыякавыя грамадзяне звярнулі ўвагу на дарожную памылку. На гэты раз яна тычыцца не рамонту дарожнага пакрыцця ці прыпыначных аўтобусных пунктаў. Размова пра граматычную памылку.

Ёсць і канкрэтны адрас – вёска Яцкаўшчына, што ў Жарабковіцкім сельсавеце. На абноўленым дарожным аб’екце – аўтобусным прыпынку – вісіць шыльда з назвай «Яцкоўшчына».

З гэтым мясцовыя жыхары не згодны. Дарэчы, напрыклад, выданне «Гарады і вёскі Беларусі. Брэсцкая вобласць», падрыхтаванае Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, у гэтай спрэчцы на баку мясцовага насельніцтва.

Гэты ўчастак дарогі з аўтобусным прыпыначным пунктам знаходзіцца на балансе ДЭУ-24, таму «ЛВ» за каментарыямі і растлумачэннямі звярнуўся да кіраўніцтва дарожнай арганізацыі.
– Аформлена заяўка на набыццё шыльды з новай назвай прыпыначнага пункта «Яцкаўшчына». Пасля дастаўкі назва
прыпыначнага пункта будзе заменена, – праінфармаваў першы намеснік начальніка – галоўны інжынер ДЭУ-24 Андрэй Анікін.

Галіна КАНЬКО.