Ва ўмовах сапраўднай сілы адзінства

11–12 лютага 2021 года краіна назірала за ходам шостага Усебеларускага народнага сходу. Падзея адметная, не толькі па азначэнні, бо мае вялікі дзяржаўны сэнс, але і з пункту гледжання напружанай палітычнай абстаноўкі. Як заўжды, размова атрымала адкрыты, прынцыповы характар, Беларусь перажывала вельмі сур’ёзны і пераломны перыяд у жыцці. Як ніколі, мы адчувалі жорсткі націск, навязванне пазіцый, якія не мелі нічога агульнага з рэальнасцю, і якія давалі лжывыя сцэнарыі развіцця «нібы шчаслівага» жыцця.

ФАКТ

Шосты Усебеларускі народны сход адбыўся 11–12 лютага 2021 года пад лозунгам «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць». Сход сабраў больш за 2 700 дэлегатаў. На парадку дня форуму – асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2021–2025 гады і грамадска-палітычныя пытанні. Галоўнай мэтай будучай пяцігодкі вызначаны забеспячэнне сацыяльнай стабільнасці і павышэнне дабрабыту грамадзян за кошт якаснага эканамічнага росту, інвестыцый у чалавечы капітал, стварэнне камфортных умоў для жыцця, працы і самарэалізацыі чалавека. Ключавымі прыярытэтамі пяцігодкі сталі шчаслівая сям’я, моцныя рэгіёны, інтэлектуальная краіна, дзяржава-партнёр.


Фота з архіва «ЛВ»

Уладзімір Гунько, дырэктар ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі», дэлегат другога і шостага Усебеларускага народнага сходу:

– Быць часткай такой важкай падзеі, як Усебеларускі народны сход, значыць быць адказным за лёс сваёй краіны. Двойчы ў маім жыцці я атрымліваў пасведчанне дэлегата – у 2001 і 2021 годзе. Аднак, як паказаў час, ты назаўжды ў гэтым грамадска-палітычным віры. Помню няпросты 2001 год, час, калі наша эканоміка знайшла апорныя кропкі, мы вызначыліся з прыярытэтамі і напрамкамі развіцця. Краіна зразумела, што задачы, якія гучалі на першым сходзе, сталі рэальнымі лічбамі. І гэта пацвердзіла справаздача Прэзідэнта ў маі 2001-га. Другі сход стаў вызначальным, паколькі менавіта падчас пасяджэння была выбудавана мадэль беларускай эканомікі. І той лозунг «За моцную і квітнеючую Беларусь!» вызначыў наш погляд на будучыню. Гарантаваныя нацыянальная бяспека, абараназдольнасць краіны, яе харчовая бяспека. Зніжаны да мінімальнага ўзроўню разруха, карупцыя, разбоі, беззаконнасць. Усё гэта дэманстравала рэальны вынік цывілізаванага развіцця. Тое, пра што гаварыў Прэзідэнт пяць гадоў назад, усе абяцанні – сталі нашай рэальнасцю. Ужо тады нашы сацыяльныя даброты – такія як забеспячэнне жыллём, пенсіі, бясплатныя медыцына і адукацыя – гучалі як гаранты дзяржаўнай палітыкі, дзе ў цэнтры ўвагі – чалавек і якасць яго жыцця. Кіраўнік дзяржавы заклікаў працаваць на эканоміку, вытворчасцям патрабаваліся новыя рынкі збыту, новыя партнёры, гібкія стратэгіі развіцця. І наша прадпрыемства знаходзіла шляхі – пашырала геаграфію краін, куды экспартавалася прадукцыя ТБЗ «Ляхавіцкі».

Экспарт прадукцыі, напрыклад, у Швецыю даходзіў да 60 тысяч тон брыкетаў у год. У прыярытэце – жыллё і экспарт. Асаблівая ўвага надавалася будаўніцтву жылля, паколькі ўзведзеныя квадратныя метры давалі пляцоўку для тавараў іншых вытворчасцей – мэблі, бытавой тэхнікі і г. д. Будаўніцтва стымулявала іншыя вытворчасці. Кожны сход УНС аналізаваў пяцігодку работы, ствараў базіс для новых дасягненняў. Падчас шостага сходу мы гаварылі ўжо пра зусім новыя старты, задачы, лічбы, якія тады, 20 гадоў назад, здаваліся нерэальнымі. Краіна зрабіла немагчымае – не толькі не паддалася
на правакацыі нядобразычліўцаў, Беларусь пад кіраўніцтвам нашага Прэзідэнта стварыла свой шлях развіцця, адаптавала сусветныя тэндэнцыі пад сябе. 2021 год таксама адзначаўся няпростай палітычнай сітуацыяй. Чарговы раз беларускі народ прадэманстраваў свету, што адзінства мацней за любыя тэхналогіі і правакацыі.

Нягледзячы на спробы раскалоць грамадства, эканамічна сціснуць нашу вытворчасць, традыцыйныя галіны працавалі бесперабойна. Санкцыі паказалі, што ёсць новыя нішы і рынкі, дзе мы можам сябе праявіць. Канкрэтна пра ТБЗ магу адзначыць, што ў 2022 годзе атрымалася нарасціць экспарт. Таксама мы пастаўляем паліва
на цэментныя заводы, якія працуюць на замяшчэнне імпартнага вугалю. Тым самым працуем на энергетычную бяспеку краіны. Таксама ў 2024 годзе пачалі вытворчасць гуматаў – адкрылі лінію па глыбокай перапрацоўцы торфу. Адаптуемся да новых умоў.
Разам з тым Прэзідэнт арыентуе на развіццё моцных рэгіёнаў.
Эканамічна моцныя вытворчасці могуць даць эканамічны бонус
для развіцця сваёй мясцовасці. І гэта правільны падыход. Для нас важна, каб дабрабыт працаўнікоў паляпшаўся: задаволены работнік працуе якасней, тым больш калі бачыць вынік на зарплатнай картцы. Рост заработнай платы – задача для кожнага прадпрыемства. У прыярытэце вырашэнне жыллёвага пытання. За гэты час пабудавалі кааператыўны дом. Важна, каб у вёсцы была інфраструктура, якая задаволіць запыты вяскоўцаў. Не так даўно ўладкавалі спартыўную залу ў мясцовым СДК, поўнасцю абнавілі абсталяванне амбулаторыі. Гэта формула нашай работы: працуем на якасць. Канешне, сачу за рашэннямі сходу, лічу УНС унікальным па сваёй сутнасці органам – гэта як фундамент, як гістарычны стрыжань нашага жыцця.

Фота з архіва «ЛВ»

Яўгеній Сініла, дырэктар сацыяльнага пансіяната «Рэпіхава», дэлегат шостага Усебеларускага народнага сходу:

– Я добра памятаю, як краіна рыхтавалася да гэтай падзеі. Час быў няпросты, Беларусь паказала сябе моцнай і адзінай пасля спроб перапісаць гісторыю, памятаеце і сітуацыю з пандэміяй.
Імкнуліся зламаць наш характар.
Таму на УНС ускладалі вялікія надзеі і задачы. Як заўжды, ад Кіраўніка дзяржавы чакалі адказы на пытанне, як будзем жыць далей.
І, як заўжды, Прэзідэнт даў дакладныя адказы. У прыярытэце – дабрабыт народа, а значыць работа на эканоміку краіны. У Беларусі ёсць беларусы: увага камфортным умовам жыцця, працоўнай дысцыпліне, стварэнню ўмоў для самарэалізацыі. Наша стаўка – на сям’ю. Гэты прыярытэт стаў для нас стымулам. Усё дзеля сваёй сям’і, а значыць дзеля краіны. Паглядзіце, як беларусы важную каштоўнасць – сям’ю – ператварылі ў нацыянальны брэнд.
І гэты брэнд падмацаваны Асноўным Законам краіны. Менавіта форум стаў пачаткам канстытуцыйнай рэформы 2022 года.
Па прапанове Кіраўніка дзяржавы быў дадзены старт падрыхтоўцы змяненняў і дапаўненняў у Асноўны Закон. Успомніце, як уся краіна абмяркоўвала змяненні, бо яны адгукаліся ў кожным з нас. Гістарычная праўда стала неад’емным стрыжнем выхавання.
На той момант працаваў сакратаром райкама БРСМ, таму адчуваў адказнасць у гэтым кантэксце. Моладзь павінна ведаць гісторыю. Шмат гаварылі і пра аспект сацыяльнага абслугоўвання. Магу сказаць, дзяржава трымае руку на пульсе ў гэтым пытанні. Наш пансіянат таму пацвярджэнне – клопат пра тых, каму ён неабходны. Лічу, што менавіта шосты УНС падрыхтаваў канстытуцыйную аснову сёмаму сходу: змяненні ў Канстытуцыі закранулі і пытанні ўладкавання дзяржаўнай улады. Усебеларускі народны сход набыў канстытуцыйны статус, УНС стаў вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя. І мы бачым, што рашэнні, прынятыя сходам, гэта працэс паступальнага развіцця, лагічнага, гэта цывілізаваны падыход да стварэння шчаслівага жыцця ў імя будучыні.