Сацыяльна-эканамічная дыверсія

Заклікі да нявыплаты падаткаў і жыллёва-камунальных паслуг з’яўляюцца сацыяльна-эканамічнай дыверсіяй. Такое меркаванне выказаў дырэктар Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Васілій Гурскі.

«Заклікі да забастовак, нявыплаты падаткаў і камунальных плацяжоў накіраваны на разбурэнне існуючай эканамічнай сістэмы ў краіне, на тое, каб пасеяць хаос. Гэта сацыяльна-эканамічная дыверсія. Калі такія заклікі хтосьці падтрымае, гэта можа прывесці да скарачэння даходаў бюджэту і росту расходаў на датаванне камунальных службаў. Гэта значна ўскладніць работу бюджэтных арганізацый, перш за ўсё ўстаноў адукацыі і аховы здароўя. Гэта нашы дзеці не змогуць паўнацэнна вучыцца. Гэта да нас не паспее даехаць хуткая дапамога. Гэта ў нашым доме не вывезуць смецце і адключаць гарачую ваду або ацяпленне. Магчыма, тых, хто агучвае такія заклікі, гэта не хвалюе», – сказаў Васілій Гурскі.

На яго думку, тыя, хто стаіць за гэтымі заклікамі, разлічваюць на тое, што беларусы адчуваюць сябе абароненымі і прывыклі, што сацыяльныя гарантыі маюць прыярытэт над рыначнымі прынцыпамі. «У еўрапейскіх краінах і ЗША нявыплата падаткаў з’яўляецца адным з самых сур’ёзных злачынстваў, якое караецца вялікімі штрафамі і турэмнымі тэрмінамі. А нявыплата камунальных плацяжоў ва ўмовах рыначных адносін прыводзіць да страты жылля», – адзначыў эксперт.

БЕЛТА.