Сказ пра газ. УП «Брэстаблгаз» споўнілася 60 гадоў

У бягучым годзе УП «Брэстаблгаз» споўнілася 60 гадоў. Ляхавіцкі раён газазабеспячэння ВА «Баранавічыгаз» з’яўляецца структурай «малодшай» па рангу і менш «узроставай» – прыгожыя юбілеі яшчэ наперадзе. Аднак з блізкім функцыяналам, падабенствам вытворчых задач, высокай важнасці сацыяльнай роляй. І, канешне ж, агульным для ўсіх газавікоў прафесійным святам, якое на іх вуліцу прыходзіць разам з першай нядзеляй восені.

За некалькі дзён да свята, якое, дарэчы сказаць, некаторыя з супрацоўнікаў адзначаць «па рабочай форме», мы прыйшлі на ляхавіцкі адрас Арлоўскага, 8 са святочнымі віншаваннямі ўсім і «за гутаркай» да галоўнага інжынера арганізацыі Руслана Капанько.

Дзеліцца на тры

Хоць дзяленне гэта і не без часткі ўмоўнасці. Ляхавіцкі раён газазабеспячэння фар-міруе калектыў у складзе чатырох з паловай дзясяткаў прафесіяналаў. Сваёй справы, але з падрыхтоўкай і адмысловым вопытам выканання пэўных відаў сумежных работ. Гэта, адносна пытання магчымасці ўзаемазамены, ці, у святочным ракурсе кажучы, узаемавыручкі. Арганізацыя структуравана на тры вытворчыя ўчасткі: транспарту, рэалізацыі і ўліку газу; эксплуатацыі; аварыйна-дыспетчарскі ўчастак.

Ні на кроплю не спрабуючы «ранжыраваць» ступень значнасці кожнага з участкаў – маўляў, усе нашы прафесіі важныя і ўсе патрэбныя, Руслан Леанідавіч асобна спыніўся на АД-структуры. Участак узведзены ў ранг спецыялізаванага падраздзялення. У яго работнікаў свой і не працоўны, нават, а службовы графік. І хоць дакладнае выкананне правілаў аховы працы з’яўляецца таму бар’ерам, работа газавікоў-аварыйшчыкаў тоіць у сабе пэўную рызыку. Усе чатыры дзяжурныя «тройкі» Ляхавіцкага РГЗ адрознівае глыбокае веданне прадмета дзейнасці, адказнасць, ашчаднасць і ўважлівасць да дробязяў, якія ў спалучэнні са словам «газ» такімі ўжо не з’яўляюцца. Па першым сігнале, які ўмоўна абазначаны як «104», тандэм у складзе вадзіцеля і слесара аварыйна-аднаўленчых работ гатовы сарвацца да месца здарэння. Прыёмшчык заказаў, ён жа дыспетчар, і ў выпадку з Ляхавіцкім РГЗ – прадстаўніца цудоўнай паловы чалавецтва, з’яўляецца галоўным каардынатарам усіх дзеянняў. Здараецца, што даводзіцца выступаць у ролі кансуль- танта, дапамагаць чалавеку, які патэлефанаваў з праблемай і надзеяй на яе вырашэнне, справіцца з хваляваннем, узяць сябе ў рукі, а сітуацыю пад кантроль.

Дыягназ  паставіць  лазер

Як, бадай, і ў многія іншыя сферы жыцця, на службу газавікам усё больш прыхо-дзяць новыя тэхналогіі. Пра «аварыйшчыкаў», якія вышэй ужо атрымалі порцыю сваіх дыферамбаў, дапоўнім, што іх памочнікамі даўно ўжо сталі партатыўныя камп’ютары. Сёння планшэт, нібы газавы ключ, – заўсёды ў кейсе слесара ААР.

Перманентнасць абнаўлення вытворчага інвентару – свайго роду трэнд ляхавіцкіх газавікоў. У гэтым сэнсе яны ідуць у ногу з калегамі, кіруюцца прынцыпам разумнай неабходнасці. У якасці прыкладу «засвецім» параўнальна нядаўні набы-так – лазерны дэтэктар уцечак газу. Прыбор выключна адчувальны, здольны са значнай адлегласці распазнаць факт прысутнасці ў паветры і самай мізэрнай канцэнтрацыі газу.

– Гэта новае слова, сучасны метад выяўлення разгерме-тызацыі газаправодаў, – гаворыць Руслан Капанько.

А ў вас у кватэры які газ?

Прыродны, звадкаваны ў балонах па 50 літраў? Ці, магчыма, вы адзін з тых, чыё жыллё падключана да групавой газавай рэзервуарнай уста-ноўкі?

– Па наяўнасці працуючых групавых рэзервуарных установак Ляхавіцкі раён займае першае месца ў Брэсцкай вобласці. Іх у нас 13. Думаю, з часам сітуацыя будзе мяняцца, – з упэўненасцю ў голасе адзначае Руслан Леанідавіч.

Каля шасці тысяч дома-ўладанняў завязаны на спажыванне балоннага газу, а прыкладна пяць – прыроднага. Апошнім часам да трубы з блакітным палівам падключаецца ўсё больш нашых землякоў. Прыкладамі таму могуць служыць факты параўнальна нядаўняй газіфікацыі аграгарадка Русінавічы, вёскі Вялікая Лотва. Плануецца, што ў наступным годзе пачнецца пракладка трубы «Улазавічы – Падлессе – Жарабковічы».

– Пакуль час праекці-роўшчыкаў, праца над праектна-каштарыснай дакументацыяй. Работы «на зямлі» мяркуецца распачаць у наступным годзе, – праінфармаваў галоўны інжынер.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў накіравалі віншаванні з прафесійным святам – Днём работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці сённяшнім і былым работнікам гэтай галіны народнай гаспадаркі Ляхавіччыны.

З узнагародай! Падзячным пісьмом Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта за добрасумленную працу, вялікі ўклад у развіццё газіфікацыі г. Ляхавічы і Ляхавіцкага раёна і ў сувязі з прафесійным святам – Днём работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці – узнагароджаны майстар Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння філіяла «Баранавіцкае вытворчае ўпраўленне» вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Брэстаблгаз» Алег КАБЯЛЬЧУК, слесар аварыйна-аднаўленчых работ у галіне газазабеспячэння Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння філіяла «Баранавіцкае вытворчае ўпраўленне» вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Брэстаблгаз» Раман ПЯТРОЎСКІ.