Па маршруце ідэі ў навуковы свет. Навучэнцы школ Ляхавіцкага раёна ўмеюць даследаваць звычайныя з’явы і даваць ім навуковую ацэнку

Адукаваны не той, хто шмат ведае, а той, хто хоча шмат ведаць і ўмее здабываць гэтыя веды, трапна падмеціў расійскі педагог Васілій Вахцераў. Развіваць здольнасці навучэнцаў, выхоўваць інтарэс да навукі закліканы многія з сучасных формаў пабудовы вучэбнай дзейнасці, адна з іх – раённая навукова-практычная канферэнцыя «З навукай у будучыню». Па традыцыі праводзіцца яна ў лістападзе і падводзіць вынікі даследаванням на мясцовым узроўні, дае лепшым працам пуцёўку на вобласць.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

На чатырнаццатую па ліку канферэнцыю заяўкі на ўдзел падалі 34 навучэнцы з 14 устаноў адукацыі. Дыпломы I ступені заваявалі чатыры даследчыкі, «серабро» ў шасці чалавек, дыпломамі III ступені адзначаны восем прац.
Што выклікае інтарэс у старшакласнікаў? Вызначэнне каэфіцыента цеплааддачы, уплыў кіслотнасці глебы на ўраджайнасць буякоў, Вялікая Айчынная вайна на старонках літаратурных твораў, духоўныя карані Ляхавіччыны, экалагічная структура мурашак і многае іншае. Сваімі рукамі канструявалі фізічныя прыборы, ацанілі якасць крынічнай вады на тэрыторыі раёна, даследавалі няньютанаўскую вадкасць, стварылі графічны рэдактар для пабудовы геаметрычных фігур і г. д.
Журы ў кожнай з пяці секцый ацэньвала грамадска карысную значнасць працы, яе творчы характар і абгрунтаванасць, ступень паглыблення ў тэму. Канешне, важна не толькі дайсці да ісціны, але і ўмець прэзентаваць свае напрацоўкі, ярка і змястоўна выступіць перад аўдыторыяй. Гэта атрымалася ў чатырох пераможцаў раённай канферэнцыі. Яны прадоўжаць даследчы шлях на абласным узроўні. Уладальнікі дыпломаў II ступені таксама не сыходзяць з дыстанцыі, а некаторыя аўтары дапрацуюць і паспрабуюць сілы разам з пераможцамі.


У секцыі «беларуская мова і літаратура, руская мова і літаратура» дыплома I ступені ўдастоена гімназістка Ксенія Дылеўская, якая з навуковым кіраўніком Святланай Прастакевіч разглядала спосабы рэалізацыі функцыі ўздзеяння мовы ў тэкстах рэкламы мабільнай тэхнікі. Мэтай даследавання стала вызначэнне і апісанне асаблівасцяў функцыянавання моўных сродкаў, якія садзейнічаюць узмацненню ўздзеяння рэкламы. Пад «мікраскопам» аказаліся два дзясяткі рэкламных тэкстаў. Якія ж сродкі мовы могуць дапамагчы паўплываць на чалавека, падштурхнуць яго да дзеяння? З пункта гледжання лексікі такой сілай валодаюць словы, якія падкрэсліваюць важныя і новыя ўласцівасці прадукту. Тэксты такой рэкламы насычаны станоўчай ацэнкай: новы, тэхналагічны, а таксама тэрмінамі, якія напісаны па-англійску. Гэта павышае прэстыж устройстваў, выклікае давер, падкрэслівае ўнікальнасць тавару і яго высокую якасць. Марфалагічны ўзровень рэалізуецца праз прыметнікі ў ступені параўнання: самы высокі, трывалы, перадавы і г. д. А таксама праз шырокае ўжыванне дзеясловаў загаднага ладу (выбірайце, давай паспрабуем і г. д.), выкарыстанне асабовых займеннікаў. Уздзеянне ўзмацняецца, калі ўжываюцца складаназалежныя сказы з рознымі відамі даданых частак і г. д.
Гімназістка Яна Ганчар з навуковым кіраўніком Таццянай Асос даследавала банкноты Беларусі і Вялікабрытаніі як гістарычныя дакументы, што адлюстроўваюць эканамічную і палітычную сітуацыю ў грамадстве. Аналіз паказаў, што грошы гэтых дзяржаў маюць нямала агульнага і могуць расказаць пра нацыянальную культуру, развіццё краін і многае іншае. Так, напрыклад, банкі Вялікабрытаніі пачалі размяшчаць партрэты вядомых людзей у 1971 годзе. На беларускіх грошах красуюцца славутасці з розных куткоў краіны. Да таго, банкноты і манеты з’яўляюцца ў нейкім родзе творамі мастацтва і «экскурсаводамі» па змяненні дзяржаўных сімвалаў. Асаблівасць працы ў тым, што выканана яна на англійскай мове, на ёй і прэзентавана.


Дзевяцікласніца гімназіі Марыя Буйкевіч таксама даследаванні прадставіла на замежнай мове. З навуковым кіраўніком Марыяй Чыркун знаёмілася з зялёнымі маршрутамі Брэсцкай вобласці і Ніжняй Саксоніі. У якасці гіпотэзы вылучылі меркаванне, што веданне гэтых зялёных маршрутаў будзе садзейнічаць развіццю ў школьнікаў інтарэсу да мовы, культуры і прыроды гэтых рэгіёнаў. Маршрут праклалі на нямецкай мове, і праходзіць ён «Па слядах гісторыі горада Іванава», «Па святых месцах Брэсцкай вобласці», «Па старой Ляхавіцкай зямлі» і г. д. З мэтай папулярызацыі гісторыка-культурных падарожжаў спецыяльна распрацаваны тэматычныя накірункі, а таксама створаны сайт www.project2189721.tilda.ws.
Яна Маліхтаровіч і навуковы кіраўнік Алена Бабко зацікавіліся арганалептычным і хімічным аналізам якасці водаправоднай вады. Яны ацэньвалі пітную ваду ў адпаведнасці з патрабаваннямі санітарных нормаў. Праца мае практычную значнасць, бо ў выніку набытых тэарэтычных ведаў аўтары высветлілі, што на якасць водаправоднай вады ўплывае стан водаправоднай сістэмы. Напрыклад, водаправодныя трубы і помпавыя станцыі, наяўнасць ачышчальнага абсталявання. Якасць вады можна палепшыць выкарыстаннем у хатніх умовах ачышчальных фільтраў ці бутэляванай вады.
Магчыма, хтосьці з сённяшніх юных даследчыкаў заўтра скажа сваё важкае слова ў навуковым свеце.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.