Знаток фінансаў. Адзінаццацікласнік з СШ №1 г. Ляхавічы на рэспубліканскай алімпіядзе заняў ганаровае другое месца

18 снежня прайшоў фінальны этап VII рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці. 21 старшакласнік, які дасягнуў фінішу гэтага інтэлектуальнага іспыту, з розных абласцей краіны адказваў на складаныя пытанні, якія датычылі фінансаў, наяўных грошай, зберажэнняў, запазычанняў, падаткаў, інвестыцый і г. д., рабяты рашалі няпростыя задачы. Арганізатарамі алімпіяды, якая ладзіцца з 2014 года  сярод навучэнцаў 10-11 класаў, з’яўляюцца Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі. Ва ўмовах эпідсітуацыі заключны этап праходзіў у дыстанцыйным фармаце, а пляцоўкай для яго стаў Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі, дзе журы ў анлайн-рэжыме назірала за ходам іспыту.

Гонар Брэстчыны абаранялі тры чалавекі, у тым ліку і прадстаўнік Ляхавіччыны – навучэнец СШ № 1 Міхаіл Мартынюк.
Адзінаццацікласнік на рэспубліканскай алімпіядзе заняў ганаровае другое  месца.
– Упершыню ляхавіцкі школьнік атрымаў узнагароду па фінансавай граматнасці рэспубліканскага ўзроўню. Адметна, што Міша таксама стаў лепшым у раёне на алімпіядзе па грамадазнаўстве. Вельмі ганарымся сваімі навучэнцамі, якія дасягаюць высокіх вынікаў, імкнуцца самаўдасканальвацца і перамагаць, – адзначае начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская.
Міша Мартынюк з тых юнакоў, якія ўсюды, дзе добрыя справы. Неаднойчы яго фота ўпрыгожвала старонкі «ЛВ», калі ён прыладжваў шпакоўні на дрэвах, быў сярод актыўных членаў БРСМ, валанцёраў і ўдзельнічаў у разнастайных мерапрыемствах. Пры гэтым мае выдатныя адзнакі і ведае дакладны шлях да сваёй мэты. Сябры адзначаюць, што Міша ўмее і трапна пажартаваць, і падтрымаць размову на самыя сур’ёзныя тэмы. Любіць паганяць на веласіпедзе, паіграць на гітары (ігрой на інструменце авалодаў самастойна), пачытаць. Прычым і на канікулах не сядзіць склаўшы рукі – летам паспеў папрацаваць на заводзе «Металапластмас». У восьмым класе запісаўся на факультатыў па асновах прававых ведаў, які вяла настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Алена Камко.
– Заўважыла на ўроках, што Міша мае інтарэс да права, па-асабліваму разважае і абагульняе. Сталі займацца, і вынік не прымусіў сябе чакаць – на раённай алімпіядзе быў удастоены дыплома I ступені.
Наступны год зноў першы на раёне і другі ў вобласці. Мэтанакіраваны, адказны і ініцыятыўны, Міша не толькі дакладна выконвае дадзеныя яму заданні, але і самастойна перачытвае-вывучае мноства кніг, – падкрэслівае Алена Іванаўна.
Што адчуваў школьнік, калі журы агучыла яго вынік – другое месца?
– Канешне, разлічваў на вынік, але не чакаў, што ён будзе такім высокім. Вельмі прыемна. Шчыра ўдзячны Алене Іванаўне за магчымасць праяўляць свае прававыя і фінансавыя веды, падтрымку і дапамогу, – дзеліцца Міша Мартынюк.
Алена Камко ганарыцца сваім вучнем і лічыць, што яго чакае перспектыўная будучыня.
А Міша рухаецца далей – хутка празвініць школьны званок, які абвесціць пра пачатак прафесійнага выбару. Міша з ім ужо вызначыўся.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.