Што гарэла ў выхадныя ў Ляхавіцкім раёне?

10 красавіка ў 22.51 у цэнтр аператыўнага кіравання РАНС паступіла паведамленне пра ўзгаранне гаспадарчай пабудовы ў вёсцы Куршынавічы. На месца здарэння прыбылі выратавальнікі і ліквідавалі пажар. Агонь пашкодзіў дах, перакрыцце, сцены і маёмасць пабудовы.

У нядзелю днём выратавальнікі спяшаліся на выклік – недалёка ад Ляхавічаў гарэла сцірта саломы памерам 5 на 30 метраў (укос 2019 года). У выніку здарэння знішчана 40 тон саломы.
Прычына двух пажараў устанаўліваецца.

Самая распаўсюджаная прычына ўзгаранняў – неасцярожнае абыходжанне з агнём. Статыстыка сведчыць, што ў большасці надзвычайных сітуацый вінавата нядбайнасць людзей, якія не ведаюць правілаў пажарнай бяспекі ці злоўжываюць імі. Бацькам варта як мага раней навучыць дзяцей правілам бяспечных паводзін і не дазваляць ім распальваць печы, газавыя пліты, самастойна ўключаць электрапрыборы, а яшчэ не пакідаць у даступных месцах запалкі і свечкі.
Дарэчы, за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі ў адпаведнасці з артыкулам 23.56 Кодэкса аб адміністрацыйнай адказнасці прадугледжана папярэджанне ці накладанне штрафу да 30 БВ.
Па стане на 12 красавіка на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна зарэгістравана 12 пажараў, у агні загінуў адзін чалавек. За аналагічны перыяд мінулага года адбылося 9 пажараў у агні загінулі 5 чалавек.
Таццяна КАЛГУШКІНА, інспектар РАНС.