Калі народ адзіны, ён непераможны. Ляхавічане разам з усімі беларусамі рыхтуюцца да дзяржаўнага свята – Дня народнага адзінства

Нашы землякі разам з усімі беларусамі рыхтуюцца да дзяржаўнага свята –  Дня народнага адзінства, што сёлета ўпершыню з’явілася ў беларускім календары і будзе адзначацца 17 верасня.

Святлана ЮРЛЕВІЧ, намеснік старшыні райвыканкама:
– Сімвалічна, што Дзень народнага адзінства зацверджаны ў Год народнага адзінства.
Падзею, якая адбылася 17 верасня 1939 года, гісторыкі назвалі актам гістарычнай справядлівасці: у адзінае цэлае аб’ядналіся народы Усходняй і Заходняй Беларусі, падзеленыя супраць волі ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскага дагавора.
Захаванне гістарычнай памяці вельмі важна для выхавання моладзі. Яна павінна разумець, што жыццёвыя даброты трэба зарабіць, так проста нічога не даецца. І росквіт магчымы пры стараннай і адказнай працы. З дзейснага клопату пра сваіх блізкіх, пра родны край складваецца любоў да Радзімы. Трэба ўмець слухаць і чуць адзін аднаго, разумець і суперажываць. Адметныя рысы беларускага народа – мудрасць і разважлівасць, а яшчэ згуртаванасць. Менавіта яны дапамагаюць захаваць мір, незалежнасць і згоду.
Дзень народнага адзінства мае вялікае патрыятычнае значэнне. Мы павінны ведаць сваю гісторыю, багатыя традыцыі, культурную спадчыну. І, што важна, паважаць гэтыя здабыткі і каштоўнасці. А яшчэ разумець важнасць адзінства. На Ляхавіччыне пражываюць людзі розных канфесій і веравызнанняў, розных нацыянальнасцяў і палітычных поглядаў. Але ў нас адна на ўсіх дзяржава і агульная гісторыя. Таму так важна быць разам, адзін за аднаго. У гэтым, лічу, вялікае значэнне Дня народнага адзінства.

Вячаслаў КУЛАК, старшыня Альхоўскага сельвыканкама:
– Лічу, што даўно ўжо наспела неабходнасць такога свята ў нашай краіне.
Сімвалічная і выбраная дата – 17 верасня 1939 года адбылося ўз’яднанне Заходняй Беларусі і БССР.
Падзеі мінулага года паказалі: беларусам патрэбна адзінства, каб супрацьстаяць выклікам унутры краіны і ціску нядобразычліўцаў з замежжа.
Акрамя таго, аб’яднаўшыся сёння, мы зможам прымножыць намаганні ўсіх і кожнага дзеля дастойнай будучыні нашых дзяцей, унукаў, праўнукаў.
Па адукацыі я настаўнік дакладных навук – фізікі і матэматыкі, але заўжды захапляўся гісторыяй і нават некалькі гадоў яе выкладаў. Азіраючыся на гісторыю нашай краіны, прывяду прыклад, наколькі важна адзінства народа. У гады Вялікай Айчыннай вайны, аб’яднаўшы намаганні, народ стаў адзіным цэлым, меў агульную мэту – перамагчы ненавіснага ворага і вызваліць Радзіму ад фашызму. Дзеля агульнай Перамогі са зброяй у руках савецкія салдаты білі ворага на фронце, не давалі гітлераўцам спакойна адчуваць сябе на акупіраванай тэрыторыі партызаны, падпольшчыкі. Самаахвярна працавалі ў тыле падлеткі, жанчыны, пажылыя. Усё для фронту, усё для Перамогі – галоўны лозунг ваеннай пары. І ў пасляваенны час у адзіным працоўным парыве аднаўлялі разбураную народную гаспадарку. І ўсё атрымалася, бо была агульная мэта – жыць у квітнеючай заможнай краіне, быць упэўненымі ў шчаслівай будучыні для сваіх нашчадкаў. Калі народ адзіны, ён непераможны.
Жыхары Альхоўскага сельсавета з энтузіязмам успрынялі вестку аб аб’яўленні новага дзяржаўнага свята. Многія збіраюцца ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях, прымеркаваных да яго, што пройдуць у бліжэйшыя дні. І прадумваем цікавыя святочныя мерапрыемствы ў населеных пунктах нашага сельсавета на год наступны.
Ірына ВОЙЦІК, жыхарка аграгарадка Востраў:
– Дзень народнага адзінства – такое свята нашай краіне вельмі патрэбна. Мы павінны быць адзінай дзяржавай, якая заўжды рада тым, хто мае добрыя намеры, і гатова даць адпор нядобразычліўцам. Беларусь заўжды вызначалася міралюбівасцю, гасціннасцю, шчырасцю і адкрытасцю. Мы не павінны паўтарыць лёс тых краін, якія былі ўцягнуты ў так званыя каляровыя рэвалюцыі і падзялілі народ на сваіх і чужых. Глядзіш па тэлевізары пра падзеі, напрыклад, ва Украіне, Афганістане – страшна, жудасна, не дай Бог, каб такое здарылася ў нас.
Ганаруся Прэзідэнтам Беларусі  Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам, які прыкладае столькі намаганняў, каб захаваць суверэнітэт рэспублікі, каб нам, беларусам, жылося мірна і спакойна. Падтрымліваю Кіраўніка нашай дзяржавы і ў тым, як ён наладжвае цесныя, узаемапаважлівыя і ўзаемавыгадныя адносіны з Расійскай Федэрацыяй, якая на справе паказала сваю дружалюбнасць да Беларусі.
А як дзяржава клапоціцца пра нас, пенсіянераў, колькі прэферэнцый – сем’ям, падрастаючаму пакаленню. І ўсё гэта трэба берагчы, паважаць, прымнажаць. Дарэчы, у гэтым адзіныя многія мае землякі. Увогуле, у Востраве людзі жывуць дружна, паважаюць адзін аднаго прадстаўнікі розных канфесій, нацыянальнасцей. У нашым аграгарадку жыве сям’я з Туркменіі, і, відавочна, ім камфортна ў Беларусі: дарослыя працуюць, дзеці вучацца ў школе, займаюцца ў школе мастацтваў.
Кожны з нас павінен унесці свой уклад у адзінства – быць сапраўдным грамадзянінам краіны, патрыётам. Рабіць добрыя справы проста – навесці парадак у сваім двары, талакой – у вёсцы ці аграгарадку, садзіць дрэвы, удзельнічаць у суботніках. Разам мы здольныя на многае.

Вікторыя НАВІЦКАЯ, сакратар пярвічкі БРСМ, дзесяцікласніца
СШ № 1:

– Упэўнена, што жыць у згодзе і міры – мара кожнага чалавека. А гэта, лічу, магчыма пры адзінстве народа і разуменні гэтай каштоўнасці. Менавіта згуртаванасць беларусаў, павага да дзяржаўных сімвалаў здольны забяспечыць мір і бяс-пеку ў краіне, захаваць і прымножыць нашы традыцыі і каштоўнасці. Вельмі правільна, што з’явіўся Дзень народнага адзінства, які будзем адзначаць
17 верасня. Гэта матывуе нас, школьнікаў, да вывучэння гісторыі краіны. Вельмі дарэчы тут квізы, якія аргані-зоўвае райкам БРСМ. Моладзь павінна ведаць мінулае сваёй малой радзімы, краіны, дзе жыве. А гульні ў камандзе не толькі вучаць сяброўству і разуменню, але і аб’ядноўваюць.
Павінна сфарміравацца трывалае разуменне: каб жыць добра і не стаяць на месцы, трэба прыкладаць сумесныя намаганні і плённа працаваць. Менавіта зладжанасць каманды нашай школы дапамагла нам у абласной «Зарніцы» ўвайсці ў дзясятку лепшых. Усюды мы былі разам: і калі адзін з членаў каманды падаў – усе працягвалі руку дапамогі і падымалі, падстаўлялі плячо і ішлі далей.

Паважаныя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, ветэраны працы, дарагія землякі!
Прыміце шчырыя віншаванні з Днём народнага адзінства.
Жадаем усім жыхарам раёна моцнага здароўя, міру і дабра, упэўненасці ў заўтрашнім дні. Няхай кожны новы дзень прынясе вам радасць, усе вашы планы здзяйсняюцца, а ўдача пастаянна будзе побач.
Прэзідыум Ляхавіцкага раённага савета ветэранаў.