Перш за ўсё — бяспека. Апаратная нарада ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама ў мінулы панядзелак была прысвечана пажарнай бяспецы

Апаратная нарада ў старшыні райвыканкама ў мінулы панядзелак была прысвечана пажарнай бяспецы і аналізу прычын вогненных сітуацый.
З пачатку года на тэрыторыі раёна зарэгістравана шэсць пажараў, загінулі два чалавекі. Асноўнай прычынай таго, што агонь забірае жыццё чалавека, па-ранейшаму застаецца алкаголь, адзначыў намеснік начальніка РАНС Кірыл Красоўскі. Пажар часта ўзнікае і з-за неасцярожнага абыходжання з агнём, парушэння правіл эксплуатацыі і канструктыўных недахопаў печаў, а таксама з-за няспраўнай праводкі. Кірыл Красоўскі нагадаў, якімі нарматыўнымі дакументамі вызначаецца парадак работы суб’ектаў прафілактыкі.
Для папярэджання пажараў пры сельвыканкамах створаны назіральныя камісіі, у склад якіх уваходзіць 115 прадстаўнікоў розных арганізацый і службаў. Але, па словах намесніка начальніка РАНС, не ўсе службы аднолькава адказна ставяцца да гэтай справы, што ў нейкай ступені ўплывае на агульную карціну абследавання і прыняцця неабходных мер для ўхілення небяспечных умоў.
Кіраўнік раёна Мікалай Мароз указаў на недапушчальнасць фармалізму ў пытаннях пажарнай бяспекі. Патрабуецца цеснае ўзаемадзеянне зацікаўленых службаў і адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў.
Старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч унёс прапанову суб’ектам прафілактыкі, якія не прымаюць штотыднёва (кожны чацвер) удзел у дзейнасці назіральных камісій, прадастаўляць яе старшыням да 23 чысла кожнага месяца інфармацыю аб праводзімай індывідуальна-прафілактычнай рабоце.
На апаратнай нарадзе былі разгледжаны і іншыя пытанні жыццядзейнасці раёна.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.