Самае галоўнае на свеце! 15 мая — Дзень сям’і

Сям’я – гэта каманда, у якой няма асобнага «я» і дзе ўсе ў галоўных ролях. Уменне чуць адзін аднаго, разумець і дараваць, выслухаць у любы час сутак – у гэтым сіла сям’і, перакананы ляхавічане Аляксандр і Вольга Шалікі

Ляхавічанам Шалікам да ганаровага мнагадзетнага статусу можна смела далучаць і званне музычнай сям’і – пеўчым талентам у іх дружнай пяцёрцы надзелены і бацькі, і дзеці. Прыгожа гучаць галасы бацькі Аляксандра і мамы Вольгі, васьмігадовай Паліны і пяцігадовых
двайнят Марыі і Маргарыты.

Песня ў іх – агульнае хобі і спадарожнік добрага настрою. Хаця бацькі ў свой час і скончылі музычную школу па класе баяна. Зараз навучаецца нотнай грамаце і ігры на фартэпіяна ў Ляхавіцкай дзіцячай школе мастацтваў Паліна. Трэці год яна займаецца ў школьнай студыі «КВІНТА» СШ № 1 пад кіраўніцтвам педагога Аляксандра Сокала, і ў дзяўчынкі ўжо маюцца адзнакі і ўзнагароды за ўдзел у шматлікіх конкурсах. Граматы і статуэткі ў кватэры стаяць на самым бачным месцы. Бацькі вельмі ганарацца дасягненнямі дачкі. Яшчэ ў гуртку ЦДАДіМ шые мяккія цацкі. Любіць чытаць і маляваць з сястрычкамі. Тыя за Палінай усё паўтараюць-капіруюць, слухаюць яе ва ўсім. Паліна ім і казку на ноч пачытае, і калыханку праспявае.
Двайняты Марыя і Маргарыта розныя не толькі знешне – адрозніваюцца і характарамі, і інтарэсамі. Маша калі нешта вырашыла – настойліва будзе ісці да мэты. Любіць расказваць вершы, і яе нават не палохае, што яны могуць складацца з некалькіх слупкоў. Маргарыта – натура творчая, мяккая і пяшчотная. Разам з сястрой малююць, шукаюць на юцюбе выступленні Паліны, «каб навучыцца спяваць, як яна». А яшчэ дзяўчынкі – аматары танцаваць:
займаюцца ў дзіцячым садку № 3 у харэаграфічным гуртку. У сад,
дарэчы, раніцай яны бягуць з радасцю.
Сям’я Шалікаў ляхавічанамі стала, калі ў райцэнтры набылі ўласную кватэру. А з таго вясенняга сакавіцкага дня, як Аляксандр і Вольга згулялі вяселле, мінула ўжо дзевяць гадоў, што не проста аб’ядналі – зрабілі шчаслівымі. На пытанне, што для іх сям’я, у адзін голас зазначаюць:
– Сэнс жыцця і самае важнае, што ёсць у свеце!
Не кожны мае трайное бацькоўскае шчасце – гадуе трох дочак! Для Аляксандра і Вольгі дзяўчынкі – радасць і натхненне. Непаседлівыя і шустрыя, з імі няма калі сумаваць. Раніцай мама кожнай павінна стварыць прычоску і падабраць адзенне, накарміць карысным сняданкам.
Татаў маршрут на працу праходзіць праз сад, паліклініку і спыняецца ў школе. Вечарам усё адбываецца ў адваротным напрамку. Вольга Валер’еўна – урач-неўролаг мясцовай паліклінікі, Аляксандр Васільевіч – настаўнік інфарматыкі СШ № 1. Бацькі падкаваныя і ў выхаванні сваіх дзяўчынак, і ў лячэнні.
– Але гэта не значыць, што мы ўсё ведаем і ўмеем. Як і ўсе, вучымся і пастаянна адкрываем для сябе новыя старонкі выхавання. Канешне, імкнёмся быць на адной хвалі з дзецьмі, быць для іх прыкладам і надзейнымі сябрамі, якім яны могуць даверыць свае радасці і праблемы, ад якіх захочуць атрымаць слушную параду і падтрымку, –
падкрэслівае мнагадзетная мама.


Вольга і Аляксандр успамінаюць, як радаваліся навіне, што ў іх будзе двойня, як спалі па чарзе, калі малышкі нарадзіліся, у двайной колькасці набывалі распашонкі-паўзункі. Вельмі выручалі тады родныя і сябры, за што ім удзячныя і сёння.
У сям’і не дзеляць работу на мужчынскую і жаночую – справы тут агульныя. Канешне, цвік забівае бацька, а смачны абед гатуе мама. Але, курыца-грыль лепш атрымліваецца ў мужа, адзначае Вольга, і яна не прэтэндуе на яго кулінарныя лаўры. Пры неабходнасці, галава сям’і можа і коскі заплесці дзяўчынкам. Вельмі ў гэтай праблеме выручае выхавальнік дзіцячага сада: у Наталлі Уладзіміраўны, па словах бацькоў, атрымліваюцца прыгожыя «каласкі» і хвосцікі!
А Людміла Васільеўна – настаўнік пачатковых класаў – умее так зацікавіць Полю, што дамашняе заданне яна стараецца напісаць прыгожа і вывучыць на самую высокую адзнаку. Дзяўчынкі ўмеюць і стол прыгожа сервіраваць,і нават праполваць градкі.
Калі выдаецца час, Шалікі разам выязджаюць на прыроду, наведваюць паркі, заапаркі, памятныя мясціны, натхняюцца краявідамі. Жаданыя для іх паездкі да родных у Тальмінавічы ці ў аграгарадок Мір Баранавіцкага раёна, дзе іх заўсёды чакаюць.
Асобная гісторыя – паход па магазінах. Гэту карціну выразна ўяўляюць іх «калегі» – мнагадзетныя бацькі… Але і тут Шалікі не губляюцца – праводзяць так званыя ўрокі фінансавай грамат-
насці – растуць жа гаспадыні!
… Паліна іграе на фартэпіяна, а Марыя і Маргарыта ёй падпяваюць і танцуюць. Бацькі не ўбаку ад імправізаванага канцэрта – яны ўступаюць у стройны хор, і ў выкананні іх дружнай пяцёркі песня гучыць па-асабліваму, весела і з запалам.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.