На турыстычных сцяжынках сустрэліся медыкі

Замест медыцынскіх інструментаў – турыстычныя прылады, замест белых халатаў – спартыўныя касцюмы. Плюс выдатны настрой, баявы дух, надзейнае плячо калег, настрой на перамогу.
Менавіта з такой «амуніцыяй» і станоўчымі эмоцыямі каманда з 16 работнікаў УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» пад кіраўніцтвам загадчыка рентгеналагічнага аддзялення старшыні прафсаюзнай арганізацыі ЦРБ Сяргея Памазанскага напрыканцы мінулага тыдня адправілася ў Маларыцкі раён на абласны турыстычны злёт, прысвечаны 115-годдзю Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя.

Дарэчы, апошні раз абласныя турыстычныя баталіі, якія раней праводзіліся кожныя два гады, адбыліся ў 2019 годзе. Таму зразумела, наколькі засумавалі па такіх сустрэчах на прыродзе медыкі, улічваючы, што яны ўвесь гэты час знаходзіліся на перадавой барацьбы з каранавірусам.
У турзлёце, які праходзіў пад дэвізам «115 гадоў на варце здароўя», прынялі ўдзел больш за 300 медработнікаў у складзе
18 каманд з розных раёнаў Брэстчыны. Напал эмоцый узрастаў ад іспыту да іспыту, а яны былі надзвычай разнапланавымі. «Візітоўка», пешаходны турызм, розныя віды веласпорту, спартыўнае арыентаванне, конкурс турыстычнага побыту, перацягванне каната і іншыя – у кожным ляхавіцкая дружына разам з капітанам загадчыкам Сваятыцкага ФАПа Дзмітрыем Гібежам надзвычай старалася. Кожны ўдзельнік дэманстраваў спрыт, моц, сілу духу і прыкладаў усе намаганні, каб як мага больш ачкоў прынесці ў агульную скарбонку.
У крос-кантры лепшай веласіпеднай камандай стаў ляхавіцкі дуэт у складзе ўрача-рэаніматолага Аляксандра Сяргея і загадчыка Конькаўскага ФАПа Валянціны Тышкоўскай. Дарэчы, Валянціна зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем, але прыехала абараняць гонар райбальніцы.
Адны з самых мужных, моцных, дужых і з вялікай вытрымкай мужчын працуюць ва ўстановах аховы здароўя нашага раёна. Гэта пацвердзіў і конкурс па перацягванні каната, дзе асілкі з ЦРБ занялі трэцяе месца. Амаль у кожным з іспытаў толькі за лепшы вынік змагалася і сямейная пара – урачы Алег і Святлана Арлоўскія.
Не так даўно працуе ў Ляхавіцкай ЦРБ намеснік галоўнага ўрача Руслан Курыловіч, але ён актыўна ўключыўся ў грамадскае жыццё медыкаў і прынёс істотны ўклад у агульнае выступленне каманды. Без перабольшання, стараліся ўсе.
Падтрымаць калег, падбадзёрыць, натхніць, пабалець (у спартыўным сэнсе слова) прыехалі галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Георгій Хлябовіч і галоўная медсястра райбальніцы Ала Туркіна.
– Два цудоўныя чэрвеньскія дні былі настолькі насычаныя на разнастайныя конкурсы і спаборніцтвы, што сапраўды праляцелі непрыкметна. Мы не толькі паспаборнічалі на ўсю моц, але і выдатна адпачылі, а яшчэ маглі сустрэцца з калегамі з іншых устаноў аховы здароўя вобласці, знайсці новых сяброў. Шкада, што не ўдалося трапіць у тройку прызёраў – усе каманды выступалі на высокім узроўні. Але пастараемся ўзяць рэванш на наступным злёце. Галоўнае, мы былі адзінай дружнай камандай, палова з якой – моладзь.Так што нашы перамогі – наперадзе. Удзячны кіраўніцтву Ляхавіцкай ЦРБ за падтрымку не толькі ў арганізацыі каманды, але і непасрэдна падчас злёту, – гаворыць Сяргей Памазанскі.

Галіна КАНЬКО.