Дом, які завецца ЛДАКам. Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт адзначае юбілей

Калі сабраць разам   усіх выпускнікоў Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа,   якія ў розныя часы тут атрымалі пуцёўку ў прафесійнае жыццё, выйдзе немалы райцэнтр – больш за 14000 чалавек. А калі кожны з іх прыгадае гады вучобы ў навучальнай установе, выкладчыкаў, якія заўсёды ішлі побач, суправаджалі і накіроўвалі, шчодра дзяліліся сваімі ведамі і ўменнямі, пэўна, усё ўмесціцца не ў адзін настальгічны том.
У ЛДАКа дзень нараджэння – шасцідзесяцігоддзе. Шэсць дзясяткаў насычаных гадоў, напоўненых пошукамі, даследаваннямі, эксперыментамі, творчасцю і самаадданай працай, адным словам, жыццём ва ўсіх яго фарбах.

Гісторыя сённяшняга ЛДАКа пачалася ў 1957 годзе, калі на базе Ляхавіцкай аднагадовай сельгасшколы па падрыхтоўцы малодшых ветфельчараў расчыніў дзверы ветэрынарны тэхнікум. Першым дырэктарам назначана была Кацярына Інтарынава, завучам – Фёдар Васілевіч. 

Мы — з ЛДАКа

Не адно пакаленне выпускнікоў асабіста ведае і вучыў сённяшні кіраўнік раёна, а на той час дырэктар ЛДАКа, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт Вячаслаў Сельмановіч.

Дырэктар Алена Абарава

Калектыў, у якім напачатку было каля трох дзясяткаў выкладчыкаў, творча, самааддана, прафесійна ўключыўся ў справу. Першы выпуск – 117 чалавек і 20 дыпломаў з адзнакай. Праз дзесяцігоддзе сярэднегадавая колькасць навучэнцаў дасягнула паўтары тысячы. У Ляхавічах быў створаны сапраўдны цэнтр сельскагаспадарчай навукі. З адкрыццём заатэхнічнага і агранамічнага аддзяленняў заняткі праводзіліся ў дзве змены. У тэхнікум паступалі рабяты з усёй рэспублікі. Для іх – інтэрнат, не адзін узведзены вучэбны корпус, бібліятэка, танцавальныя і актавыя залы і г.д. Для выкладчыкаў будаваліся шматпавярховыя дамы.
У 1970 годзе пасля аб’яднання навучальнай установы з калгасам «40 гадоў Кастрычніка» тэхнікум прырос гаспадаркай і новым статусам – саўгас.
Падчас дырэктарства кандыдата сельскагаспадарчых навук Паўла Тупіцы было адкрыта завочнае аддзяленне, наладжана цеснае супрацоўніцтва з навукова-даследчымі інстытутамі і вышэйшымі наву-чальнымі ўстановамі рэспублікі. Частымі гасцямі тут былі дактары і кандыдаты сельскагаспадарчых навук.
З 1980 па 1995 год узначальваў саўгас-тэхнікум Мяфодзій Пабягайла. Граматны і дальнабачны кіраўнік, ён садзейнічаў далейшаму працвітанню навучальнай установы, паляпшэнню ўмоў вучобы і працы. Быў узведзены трэці вучэбны корпус са спартыўнай, актавай і танцавальнай заламі, інтэрнат на 400 месцаў і 80-кватэрны дом для работнікаў. Тэрыторыя навучальнай установы пачала нагадваць добраўпарадкаваны і адметны міні-гарадок.
Саўгас-тэхнікум дасягнуў і важкіх вытворчых паказчыкаў. Адно тое, што валавы грашовы даход гаспадаркі тады складаў у сярэднім 2,8 мільёна рублёў (у тым ліку 534 тысячы рублёў чыстага прыбытку) гаворыць пра многае. Установа прымала ўдзел у 1983 годзе ў ВДНГ у Маскве.
Шмат вызначальных пераўтварэнняў адбылося пры дырэктарстве Вячаслава Сельмановіча, які амаль два дзесяцігоддзі плённа кіраваў установай. Кандыдат сельскагаспадарчых навук, выдатны тэарэтык і практык, дацэнт, аўтар двух вучэбных дапаможнікаў і больш 25 навуковых артыкулаў, Вячаслаў Лукіч укараніў шмат інавацый у вучэбны працэс. Была наладжана работа бесперапыннай інтэграванай сістэмы прафесіянальнай адукацыі «каледж – ВНУ» па агранамічных і заатэхнічных спецяльнасцях. Сувязь ЛДАК – Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія, Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт дала магчымасць выпускнікам каледжа працягваць адукацыю ў гэтых установах. Спраўдзілася і яшчэ адна мара дырэктара і ўсяго калектыву ўстановы: каледж стаў структурным падраздзяленнем БарДУ. На агранамічным аддзяленні была адкрыта новая спецыяльнасць – плодаагародніцтва, перагледжаны вучэбныя праграмы з улікам практыка-арыентаванага навучання. Інтарэс быў у тым, каб 70 працэнтаў навучання юнакі і дзяўчаты праводзілі на вучэбнай ферме, у гадавальніку, садзе, клініцы.
Як бы ні змяняўся статус і шыльда ўстановы, усе гады яна была і застаецца ўтульным домам для сваіх навучэнцаў, рыхтуе кваліфікаваных, кампетэнтных спецыялістаў сельскай гаспадаркі, якія працуюць па ўсёй рэспубліцы.
Дарэчы, з 57 выкладчыкаў амаль 70 працэнтаў у якасці першай адукацыі ў розныя гады атрымалі каледжскую. Праца ў ЛДАКу стала справай сямейнай для Пянткоўскіх, Капыток, Траяноўскіх, Рытвінскіх, Малевічаў, Колбіных, Галіцкіх. У выкладчыцы Ларысы Мацейчык тут дырэктарстваваў бацька, у Вольгі Сакун – выкладала бабуля.
Менавіта пераемнасць пакаленняў, уменне злучаць традыцыі з навацыямі дапамагаюць ЛДАКу развівацца, быць вядомым за межамі вобласці, цікавым для навучэнцаў.
– Да юбілею калектыў падышоў з  пэўнымі здабыткамі, якімі можна і пахваліцца. Прозвішчы навучэнцаў ЛДАКа  гучаць сярод пераможцаў і прызёраў разнастайных конкурсаў, канферэнцый і спаборніцтваў. Выкладчыкі –  аўтары шматлікіх вучэбных  дапаможнікаў,  рабочых сшыткаў і падручнікаў, навуковых артыкулаў па дысцыплінах сельскагаспадарчага профілю. Сёлета іх аўтарству належыць 5 выданняў пад грыфам Міністэрства адукацыі, а ў наступным годзе будзе на 3 больш. У каледжы паспяхова прыжываюцца новыя методыкі навучання, перадавыя сельгас-тэхналогіі, напрацавана сучасная матэрыяльна-тэхнічная база. У планах – аднаўленне аказання ветэрынарных паслуг і паслуг па падрыхтоўцы вадзіцеляў катэгорыі В, – дзеліцца дырэктар ЛДАКа кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт Алена Абарава.
Дарэчы, у Год навукі выйшаў вучэбны дапаможнік «Селекцыя насенняводства», напісаны Аленай Абаравай і загадчыцай агранамічнага аддзялення Яўгеніяй Рытвінскай, якая, дарэчы, напачатку лістапада абараніла кандыдацкую дэсертацыю. Днямі выдадзены і вучэбны дапаможнік аўтарства выкладчыцы Ірыны Бурвель, крыху раней – Галіны Пянткоўскай у суаўтарстве з Яўгеніяй Рытвінскай, рабочыя сшыткі Кацярыны Юрчык і Таццяны Прыхач. Таццяна Раманаўна, між іншым, вядзе рубрыку «Парады дачніку» ў перадачы «Ранішні эспрэса» на ТРК «Брэст».
Сэрца ЛДАКа, яго рухавік і аснова, якая заўсёды дапамагала навучэнцам,
як кажуць, ужывую апрабоўваць засвоенае тэарэтычна – вучэбная гаспадарка. Сёння гэта ферма, сад, калекцыйны гадавальнік, пчальнік, майстэрні, ветклініка і палі севазвароту – усе з прыстаўкай вучэбны, на плошчы больш за 400 гектараў. Нядаўна яна змяніла адрас – вёска Каменка стала вуліцай Патапавічаў.
На двух аддзяленнях –  агранамічным і ветэрынарна-заатэхнічным (загадчыца Аксана Ліхач) навучэнцы атрымліваюць адпаведна спецыяльнасці агранома, фельчара ветмедыцыны і заатэхніка, якія запатрабаваны ў АПК.
Але не толькі вучобай і даследаваннямі жывуць лдакаўцы. Яны займаюцца спортам, мастацкай самадзейнасцю, змястоўна адпачываюць. Тры гады запар навучэнцы агранамічнага аддзялення займаюць пераможныя месцы ў рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства. Была не адна перамога на рэспубліканскай «Аграрнай вясне». А выхаванцы клуба «Юнацтва» не засталіся незаўважанымі нават на рэспубліканскім конкурсе «Арт-вакацыя».
Наконт здароўя. Яго навучэнцы ўмацоўваюць у трэнажорнай зале і цэнтры вольнага часу моладзі, на занятках у спартыўных секцыях, а таксама ў … сталовай, якая пару гадоў назад прапісалася ў інтэрнаце № 4. Повар Наталля Жаравова гатуе смачныя абеды.

Любімым выкладчыкам для многіх каляджан стала Кацярына Юрчык (агранамічнае аддзяленне).

Ветэраны ўстановы Аляксандра Матчэня, Іван Татарыновіч і Георгій Шабан

Мікалай Краўчук — адзін з вопытных выкладчыкаў ЛДАКа

На занятках у Таццяны Гуліцкай

 

Вольга Сакун (другая справа) — з каледжскай выкладчыцкай дынастыі

Замежную мову выкладаюць Наталля Копач і Наталля Кірмель

Каледж – навучальная ўстанова вельмі, так сказаць, камунікабельная, цесна супрацоўнічае з многімі ўстановамі вышэйшай адукацыі, прафарыентацыйна – са школамі раёна, а яшчэ сябруе з саюзам сельскагаспадарчых школ у польскіх Кіянах. Культурна-адукацыйны абмен дазваляе дзяліцца вопытам, пераймаць лепшае.
Гонар ЛДАКа – экспазіцыйная зала, дзе праходзяць урокі гісторыі, краязнаўства, экскурсіі. Тут сабраны сведчанні з гісторыі не толькі навучальнай установы, а і ўсяго раёна ў фотаздымках, дакументах, узнагародах, прадметах побыту, успамінах землякоў… А пачатак усяму гэтаму бясцэннаму гістарычнаму скарбу чатыры дзесяцігоддзі назад паклаў на той час выхавальнік тэхнікума Мікалай Куліцкі, які арганізаваў навучэнцаў на стварэнне музея.
Дарэчы, ветэраны каледжа, хоць і маюць паважаны статус, але душой маладыя. Яны нязменныя ўдзельнікі шматлікіх сустрэч і падзей. А лідарам у іх, клапатлівым сябрам – энергічная і нераўнадушная старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Аляксандра Матчэня.
Не хопіць газетнай паласы, каб назваць ўсіх тых, для каго тэхнікум-каледж стаў жыццём, сэнсам, любімай справай, альма-матэр. Пад надзейнай аховай сённяшніх лдакаўцаў той шлях, які ўстанова прайшла, і ў заўтра яна крочыць упэўнена, з веданнем справы, каб працягваць рыхтаваць спяцоў-аграрыяў, праводзіць даследаванні і эксперыменты на карысць шчодрых ураджаяў і важкіх надоўя.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Маргарыты КУХТА
і з архіва ЛДАКа.

Метадыст Святлана Тарасевіч і выкладчыца Ірына Бурвель (злева)

Выкладчыца Таццяна Парэйка (справа) — выпускніца ЛДАКа.

Кіраўнік аб’яднання па інтарэсах гісторыка-краязнаўчага профілю Тамара Сакалова

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *