«Квадратныя» перспектывы

Ці не самая вялікая мара для любой сям’і мець уласныя квадратныя метры. Менавіта наяўнасць жылля часта з’яўляецца тым якарам, які прыцягвае чалавека да пэўнага месца жыхарства. Для аднаго мяжой жадання з’яўляецца кватэра, для іншага – толькі асобны дом, каб быў сад, агарод і альтанка з арэлямі.
У мінулы панядзелак на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама абмяркоўвалі ход індывідуальнага будаўніцтва ў раёне і забеспячэнне яго неабходнай інфраструктурай. Сёлета раёну даведзена пабудаваць і ўвесці ў эксплуатацыю 6500 квадратных метраў жылля, з іх 4300 «квадратаў» складае індывідуальнае, агучыў лічбы начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Віктар Асташэня. Заданне на першы квартал – 975 квадратных метраў – выканана на пачатак лютага. Сёлета запланавана ўзвядзенне 40-кватэрнага шматпавярховіка па вуліцы Юбілейнай у Ляхавічах агульнай плошчай 2200 квадратных метраў. На будаўніцтва сетак каналізацыі ў райцэнтры па вуліцах Дружная, Радужная, Спартыўная, Ручайная, завулках Дружны і Радужны з абласнога бюджэту выдзелена 210000 рублёў. Аб’ект будзе будавацца з долевым удзелам грамадзян.
Дарэчы, у мінулым годзе ў раёне ўведзена ў эксплуатацыю больш за 6000 квадратных метраў жылля – 100 працэнтаў ад устаноўленага аблвыканкамам задання. Прычым, каля 4500 «квадратаў» засялілі тыя, хто стаяў у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў.
Зараз, як грыбы, растуць дамы  ў квартале індывідуальнай жылой забудовы «Патапавіцкі». Тут праведзены водаправодныя, электрычныя і газавыя сеткі, вулічнае асвятленне, добраўпарадкавана дарога. З 92 зямельных участкаў 12 пакуль застаюцца свабоднымі. Усяго ж на тэрыторыі раёна ў статусе «не заняты» знаходзяцца 59 участкаў, 33 з іх – у горадзе. На ўліку на паляпшэнне жыллёвых умоў у райвыканкаме па стане на пачатак года стаяць 888 чалавек, у тым ліку 159 мнагадзетных сем’яў. З гэтай чаргі 42 чалавекі (пяць з катэгорыі мнагадзетных) жадаюць абзавесціся ўласным домам і разлічваюць на дзяржаўную падтрымку. Дзесяці індывідуальным забудоўшчыкам у парадку чарговасці аддзел архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі сёлета адправіў паведамленні пра магчымасць атрымання фінансавання ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 ліпеня 2017 года № 240 «Аб дзяржаўнай падтрымцы пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў».
Старшыня раённага выканаў-чага камітэта Аляксандр Камінскі адрасаваў кампетэнтным асобам пытанні пра перспектывы індывідуальнага будаўніцтва ў раёне. Кіраўнік раёна акцэнтаваў увагу і на  праблеме перавышэння нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва: на некаторых зямельных участках растуць не сцены будынкаў, а дрэвы з бур’яном.
Паўстае пытанне, а ці патрэбна жыллё тым, хто фактычна не прыкладае да яго будаўніцтва уласных намаганняў?
Наталля ПЕРАПЕЧКА.