Хвіліна ўвагі ад чэмпіёнаў

Напярэдадні ІІ Еўрапейскіх гульняў гасцямі ляхавічан сталі алімпійскія чэмпіёны фрыстайлісты Ала Цупер і Антон Кушнір, неаднаразовы чэмпіён свету дзюдаіст і самбіст Андрэй Казусёнак.

Краіна хвалюецца-рыхтуецца, краіна ў прадчуванні грандыёзнага: да пачатку ІІ Еўрапейскіх гульняў застаецца 104 дні. А пакуль мы назіраем за падрыхтоўкай да гэтай падзеі. І ў Ляхавічах – сваё спартыўнае свята: у госці да нас завіталі зоркі з сусветна вядомымі імёнамі.
Алімпійскія чэмпіёны ў лыжнай акрабатыцы Ала Цупер і Антон Кушнір, трохразовы чэмпіён свету па спартыўным самба, чатырохразовы чэмпіён Еўропы Андрэй Казусёнак заходзяць у залу гарадскога Дома культуры пад гучныя шчырыя апладысменты ляхавічан. Як жа іх тут рады бачыць!

…На экране зноў тыя хвалюючыя імгненні. Сочы-2014, пераможныя сюжэты з удзелам беларускіх спарстменаў. Няўжо і сапраўды нашы куміры сёння тут, у Ляхавічах, і ёсць магчымасць пагаварыць з імі, проста дакрануцца да мары, падзякаваць за іх перамогі!
У любога пачынаючага спартсмена ёсць чалавек, які натхняе, чый прыклад становіцца дапамогай, матывацыяй настой-лівасці. Выхаванцы спартшколы з захапленнем слухалі алімпійцаў і задавалі пытанні.
– Ала Пятроўна, раскажыце, як вы рыхтаваліся і настройваліся на пераможны скачок. Што адчувалі, калі стаялі на п’едэстале?
Перад скачком не думаеш, што ён будзе пераможным. Проста выходзіш на схіл і стараешся зрабіць сваю работу якасна, паказаць усё, што ты ўмееш. Калі стаіш на п’едэстале, чуеш гімн сваёй краіны, пачуцці проста перапаўняюць, ты ганарышся, што праславіў родную Беларусь на ўвесь свет.
– Антон Сяргеевіч, як пачыналася ваша спартыўная кар’ера? Як доўга вы ішлі да алімпійскага золата?
26 гадоў назад у маю школу прыйшлі трэнеры, каб набраць юнакоў у спартыўную секцыю. І хоць спрабаваў і футбол, і плаванне, усё ж такі спыніўся на фрыстайле. Шмат трэніровак, плённай працы, поспехі і няўдачы… І вось 2014-ты.
Сочы. Я на самай вышэйшай прыступцы п’едэстала.

– Андрэй Фёдаравіч, што вы адчувалі, калі перамаглі ўпершыню?
– Гэта было ў 2001 годзе ў Балгарыі на чэмпіянаце Еўропы. Перамога стала крокам у вялікі спорт, з таго моманту зразумеў: гэта маё і шляху назад няма. Напэўна самы важны, ганаровы момант, да якога імкнецца кожны спартсмен: гучыць гімн, узнімаецца сцяг тваёй краіны, ты разумееш, што зрабіў і паказаў усё, на што здольны.
Пасля пытанняў школьнікі літаральна акружылі зорных гасцей – аўтограф ад чэмпіёнаў, ад людзей, якімі ганарыцца ўся краіна, – самы дарагі падарунак на памяць пра сустрэчу. А яшчэ сэлфі, фотаздымкі і, безумоўна, безліч уражанняў і ўспамінаў. Спартсмены ў сваю чаргу падарылі кожнаму прысутнаму хвілінку сваёй увагі, яны разумеюць, што правільныя словы могуць стаць стартам да высокіх вяршынь.
Асаблівая гэта сустрэча для пераможцаў агляду-конкурсу «Лепшыя спартсмены года». Безумоўна, надзвычай ганарова атрымаць узнагароду з рук чэмпіёнаў, за выступленнем якіх ля экранаў тэлевізараў сачыла ўся краіна.
Сімвалічна-ўрачысты момант: дзюдаіст і самбіст Андрэй Казусёнак узнагародзіў пераможцу ў намінацыі «Лепшы дзіцячы трэнер 2018» (па самба і дзюдо) Віктара Богуша.
Пасля выхаванцаў спартшколы чакаў яшчэ адзін сюрпрыз –
майстар-клас ад Андрэя Казусёнка. Апынуцца на адным дыване з чэмпіёнам для выхаванца СДЮШАР Максіма Маруціка нядаўна здавалася проста недасягальным. У мінулую сераду мара юнака спраўдзілася: не проста тэорыя, а сапраўдная практыка ад профі.
Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч шчыра падзякавала гасцям за магчымасць сустрэчы. Яна адзначыла, што толькі за мінулы год СДЮШАР падрыхтавала сем кандыдатаў у майстры спорту, у Нацыянальную каманду краіны ўвайшлі восем выпускнікоў ляхавіцкай спартыўнай ўстановы, якая трэці год працуе ў статусе школы алімпійскага рэзерву.
А яшчэ нашы зорныя госці сталі першаадкрывальнікамі спартыўнай Алеі славы. Пліткі з іх імёнамі ўпрыгожылі тэрыторыю спартыўнай установы. Чэмпіёны прызналіся, што проста ў захапленні ад сустрэчы, ад зацікаўленасці ляхавіцкіх хлопчыкаў і дзяўчынак спортам, ад іх жадання і імкнення ісці наперад. За такую спартыўную будучыню не сорамна.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара. БОЛЬШ ФОТА ТУТ