Прашу слова!

Квадратаў многа не бывае
Падчас «Вялікай размовы» Прэзідэнт краіны адзначыў, што ў Беларусі будуць прымацца важкія меры па падтрымцы мнагадзетных сям’яў і адным з прыярытэтаў назваў забеспячэнне іх жыллём.
Па стане на 20 лютага 2019 года ў райвыканкаме ў чарзе з 885 грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, 161 мнагадзетная сям’я, 117 з так званай сацыяльнай катэгорыі (дзеці-сіроты, інваліды). 40 чаргавікам дакладна пашанцуе. Сёлета запланавана ўвядзенне ў эксплуатацыю 40-кватэрнага жылога дома па вуліцы Юбілейнай у райцэнтры, дзе прадугледжана 25 кватэр для грамадзян, маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, 10 сацыяльных, 5 – камерцыйнага выкарыстання. Таксама ў красавіку з дзяржаўнай падтрымкай пачнецца будаўніцтва аднакватэрнага жылога дома ў вёсцы Літва для работнікаў ААТ «Шлях новы».
У мінулым годзе адрасныя субсідыі на будаўніцтва і рэканструкцыю жылля атрымалі 9 мнагадзетных сем’яў – індывідуальных забудоўшчыкаў. 5 сем’яў з гэтай катэгорыі скарысталіся яшчэ адным відам дзяржаўнай падтрымкі для будаўніцтва (рэканструкцыі) ці набыцця жылых памяшканняў.
У Дырэктыве № 8 «Аб прыярытэтных накірунках развіцця будаўнічай галіны» адзначана, што Беларусь па забеспячэнні аб’ёмаў будаўніцтва жылля на аднаго жыхара займае адно з вядучых месцаў сярод краін СНД. У Ляхавіцкім раёне за мінулую пяцігодку дапушчана падзенне аб’ёмаў падрадных работ, уводу жылля, значна пагоршыўся фінансавы стан будаўнічых арганізацый, таксама адбылося скарачэнне іх колькасці. А вось мінулы год для будаўнічай галіны раёна выдаўся спрыяльным. Выканана заданне па ўводзе жылля. Акрамя шматкватэрніка ў райцэнтры ўведзена ў эксплуатацыю 28 індывідуальных жылых дамоў, з іх 8 – у сельскай мясцовасці. На гэты год запланавана ўвядзенне ў эксплуатацыю 6500 квадратных метраў жылля. Таксама вядзецца работа па зборы дакументацыі на рэканструкцыю шматкватэрнага жылога дома па вуліцы Леніна, 62.
Незахаванне нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва, адсутнасць належнай колькасці падрадаў і недастатковыя меры па іх пошуку, нізкая зарплата – асноўныя праблемы будаўнічай галіны ў нашым раёне.
У Дырэктыве № 8 адзначаны недастатковы ўзровень аплаты працы ў будаўніцтве, які стаў асноўнай прычынай адтоку кадраў. Надзвычай актуальна гэта і для Ляхавіччыны. Недахоп прафесіянальных будаўнікоў, бясспрэчна, негатыўна сказваецца і на якасці выконваемых работ. Таму будзем наладжваць супрацоўніцтва з установамі адукацыі, дзе рыхтуюць кадры для гэтай галіны. Забеспячэнне бясстратнай работы будаўнічых арганізацый – таксама адно з патрабаванняў Дырэктывы № 8.
Андрэй ЛЯШЧЭНЯ, намеснік старшыні райвыканкама.

За капітальную якасць
Запатрабаванасць паслуг гэтай галіны не падлягае сумненню: ЖКП датычаць кожнага. Як у любой галіне народнай гаспадаркі, тут ёсць свае набыткі і свае праблемы.
Так, сфера ЖКГ дынамічна развіваецца і ўдасканальваецца, што бачна і на прыкладзе нашага раёна. Павялічваецца колькасць капітальна адрамантаванага жылля, ідзе паступовае абнаўленне абсталявання на сучаснае энергаэфектыўнае. Шмат праблем належыць вырашыць нашаму прад-прыемству. Колькасць і якасць паслуг, дасягненне фінансава-эканамічнай трываласці – на парадку дня.
Дарэчы, нядаўна ў Ляхавічы прыязджалі праек-ціроўшчыкі для падрыхтоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі на ўзвядзенне ў райцэнтры новых ачышчальных збудаванняў. Фінансаваць аб’ект будзе Сусветны банк развіцця.
Зроблена праектна-каштарысная дакументацыя і ўжо закупляецца неабходнае абсталяванне для рэканструкцыі цеплавых сетак у вёсцы Дарава-Чыж. Такая ж перазагрузка чакае і іншыя цеплавыя сеткі. А па вуліцы Чкалава ў Ляхавічах плануецца будаўніцтва блочна-модульнай кацельні на мясцовых відах паліва. Комплексная замена абсталявання на энергаэфектыўнае прадугледжана на шэрагу кацельняў. Без увагі не застанецца і стан водаправодных, каналізацыйных сетак, нарматыўны тэрмін эксплуатацыі якіх скончыўся. На капітальны рамонт жылфонду выдзелена 210 тысяч рублёў. Сёлетнія адрасы капрамонту – шматпавярховік па завулку Южакова,3, дамы па Чкалава, 12 і 3.
Асобная размова пра слабае звяно ў нашых паслугах – якасць пітной вады. Вядуцца работы па праектаванні станцый абязжалезвання ў аграгарадках Падлессе і Конькі. У нядаўна прынятай Дырэктыве №7 «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны» даручана да 2025 года забяспечыць спажыўцоў якаснай пітной вадой – будзем выконваць.
Адзін з пунктаў Дырэктывы № 7 – удасканаленне абыходжання з камунальнымі адходамі. У гэтым накірунку прапрацоўваем задачы блізкія і аддаленыя. Пакуль не на поўную магутнасць выкарыстоўваем цэх па перапрацоўцы і прасаванні другасных матэрыяльных рэсурсаў. Сітуацыю будзем выпраўляць. Яшчэ плануем на тэрыторыі палігона ў Грушаўцы ўстанавіць сартавальную станцыю па перапрацоўцы смецця. Неабходна ўзвесці будынак, афармляюцца дакументы на набыццё бульдозера і пагрузчыка за кошт аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў – сталічнай фірмы.
Адна з задач – павышэнне якасці жыллёва-камунальных паслуг. Працуем над гэтым штодня. Многія ляхавічане ўжо добра ведаюць адзіны нумар 115 і тэлефануюць на яго з камунальнымі праблемамі ці пакідаюць заяўкі на партале «Мой горад»115.бел.
Вялікая ўвага надаецца добраўпарадкаванню. Майстры з камунгаса стараюцца, каб у Ляхавічах было ўтульна і камфортна. Дабавіцца дзіцячых пляцовак, кветак, чысціні. Важна толькі, каб землякі беражліва і па-гаспадарску ставіліся да ўсяго гэтага.
Андрэй ЧАЙКОЎСКІ,
дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».